Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяляцкі: Ад падзеяў ва Ўкраіне залежыць лёс усяго рэгіёну


Ад таго, што будзе ва Ўкраіне на працягу бліжэйшых гадоў, залежыць будучыня ўсяго рэгіёну, у тым ліку і Беларусі. У гэтым перакананы праваабаронца Алесь Бяляцкі. Тры тыдні таму яго амніставалі, вызваліўшы на паўтара года раней заканчэньня тэрміну зьняволеньня.

Цяпер Бяляцкі падарожнічае па эўрапейскіх сталіцах, дзе сустракаецца з палітыкамі і грамадзкімі дзеячамі. Ён, у прыватнасьці, пабываў у Варшаве, дзе нямала казаў пра Украіну.

Алесь Бяляцкі кажа, што яго першыя дні на волі — гэта пастаянныя размовы пра сытуацыю ва Ўкраіне і пра тое, як яна паўплывае на лёс Беларусі. Падчас размовы з польскім палітыкамі і экспэртамі гучалі здагадкі, што датэрміновае вызваленьне Бяляцкага з турмы зьвязана з анэксіяй Крыму і падзеямі ва ўсходнеўкраінскіх абласьцях. Маўляў, Лукашэнка баіцца агрэсіўнай Расеі, таму вырашыў паказаць Захаду, што гатовы ісьці на нейкія саступкі, у прыватнасьці вызваліць некаторых палітвязьняў.

У Варшаве Бяляцкі камэнтаваў рост падтрымкі сярод беларусаў Аляксандра Лукашэнкі. Сацыёлягі зьвязваюць гэта менавіта з падзеямі ва Ўкраіне. Праваабаронца мяркуе:

«Для гэтага ёсьць пэўныя прычыны. Ніхто ня хоча вайны, гэта асноўная прычына стаўленьня беларусаў да таго, што адбываецца ва Ўкраіне, яны не гатовыя да пераменаў да лепшага рэвалюцыйным шляхам, калі гэта зьвязана з праліцьцём крыві і вайной».

Разам Бяляцкі кажа пра іншае вымярэньне ўкраінскіх уплываў на беларусаў. Ён кажа:

«На сёньня Беларусь знаходзіцца на цывілізацыйным раздарожжы. Куды яна пойдзе? Гэтае пытаньне абвастрылася ў сувязі з падзеямі ва Ўкраіне. Праз 20 гадоў гэта будзе або 6 губэрняў Расейскай імпэрыі, або нейкая шэрая зона накшталт Абхазіі ці Прыднястроўя, або нармальная эўрапейская краіна? Такое самавызначэньне адбываецца менавіта цяпер».

Паводле беларускага праваабаронцы, сёньня ва Украіне вырашаецца лёс ня толькі ўкраінскага народу.

«Вельмі важна як будзе разьвівацца сытуацыя ва Ўкраіне. Калі будзе расьці ўзровень жыцьця, людзі будуць адчуваць сябе бясьпечна, то гэта будзе стратэгічны прыклад для беларусаў. У нас сотні кілямэтраў агульнай мяжы, сотні тысяч беларусаў і украінцаў, якія жывуць у гэтых дзьвюх краінах, у нас вельмі цесныя разнастайныя сувязі, таму надзвычай важна тое, што ва Ўкраіне будзе адбывацца на працягу бліжэйшых 5-7 гадоў, гэта вельмі важна для ўсяго рэгіёну, у тым ліку і для Беларусі», — сказаў Алесь Бяляцкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG