Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Данецкі блогер: Сэпаратысты ў Данецку пачалі ваяваць паміж сабой


Дзяніс Казанскі

Дзяніс Казанскі

Дзяніс Казанскі, данецкі блогер і журналіст, апавядае, што сэпаратысты ў Данецку ўзброеныя як рэгулярнае войска, а горад выглядае як пакінуты людзьмі.

Пасьля пачатку актыўнай фазы антытэрарыстычнай апэрацыі ва ўсходняй Украіне і вызваленьня Славянску, Краматорску, Арцем’еўску ды іншых паселішчаў ад сэпаратыстаў, вялікая частка прарасейскіх узброеных фармаваньняў сканцэнтраваліся ў Данецку і Луганску.

Дзяніс Казанскі: «У Данецку шмат узброеных людзей. Увесь цэнтар забіты патрулямі. Людзі ў камуфляжы ходзяць шыхтамі. Увесь час чуваць страляніна, прычым з абсалютна розных раёнаў. Пэрыядычна нешта выбухае, ідзе дым. Хто ў каго страляе, няясна, бо афіцыйна антытэрарыстычная апэрацыя ў горадзе не праводзіцца і ўкраінскіх войскаў няма. Кажуць, што «яны» (сэпаратысты. — РС) ваююць паміж сабою, бо іх жа купа груповак.

Разьмешчаныя яны ў асноўным на тэрыторыі Мэдычнага ўнівэрсытэту. Там цэлы гарадок, шмат інтэрнатаў і карпусоў. Усе будынкі побач.

Натуральна, яны займаюць будынкі СБУ і Данецкай адміністрацыі.

Вайсковую тэхніку яны часткова загналі на тэрыторыю Данецкага нацыянальна-тэхнічнага ўнівэрсытэту. Ён утварае такі двор-калодзеж. Там вайсковая катэдра, пляц расчэрчаны, дзе студэнты заўжды маршыравалі, афіцэраў рыхтавалі.

Яны добра ўзброеныя, гэта даўно вядома. У іх ёсьць танкі, бранятэхніка, ПЗРК, стрэльбы, аўтаматы, зэніткі — зброя на любы густ. Узбраеньне як у рэгулярнага войска, гэтаксама яны і выглядаюць.

У нядзелю ў іх быў мітынг, на якім выступаў адзін зь лідэраў — Павал Губараў. Ён распавядаў, што будуць да апошняга трымацца, весьці партызанскую вайну, дойдуць да Кіева. Сабралася на мітынг да чатырох тысяч чалавек. Гэта досыць шмат.

Агулам людзі ў горадзе баяцца. Ніхто ня рады, што тэрарысты скупіліся ў Данецку. Зразумела, што нават калі ня будзе штурму і артылерыйскага абстрэлу, то і жыцьця ня будзе тут. Гэта відавочна, што нельга жыць у ваенным становішчы і ў незразумела якім статусе. Ужо зразумела, што і Расея ня возьме іх да сябе і ніхто не прызнае (ДНР. — РС) і так не пакіне. Яны могуць тут сядзець паўгода, восем месяцаў, год, а працаваць як? Так жа жыць нельга.

Таму людзі цяпер вельмі сумныя.

Сэпаратыст у Данецку. 7 ліпеня

Сэпаратыст у Данецку. 7 ліпеня

Пакуль што ўся гарадзкая інфраструктура больш-менш працуе. Толькі з вадой сур’ёзныя перабоі. Але, ізноў жа, гэтая сытуацыя можа абвастрыцца. Ужо абвясьцілі, што пошта закрыла аддзяленьні, банкі не працуюць. Насамрэч, зразумела, да чаго ідзе. Славянск апошнія два тыдні жыў вельмі цяжка, там была гуманітарная катастрофа. Ёсьць усе падставы чакаць, што тут будзе тое самае.

Горад выглядае вельмі пустым. Куды людзі дзеліся — ці яны выехалі, ці яны па хатах сядзяць, — незразумела. Але транспарт пусты, вельмі шмат крамаў зачынена, вітрыны закрытыя ралетамі ці забітыя фанэрай. Некаторыя прадпрыемствы працуюць, але ў гандлі перабоі. Перабоі зь лекамі, аўтазапчасткамі. Нічога добрага, насамрэч.

Настроі кепскія. Супраць узброенага войска можна, вядома, паспрабаваць выйсьці на мітынг. Але гэта не ўкраінская ўлада, якая два месяцы чакала, угаворвала. Тут будуць забіваць, катаваць. Гэта ўжо цяпер адбываецца. Людзі напалохаліся і сядзяць па хатах.

Сэпаратыст каля будынка Данецкай абласной дзяржадміністрацыі. 6 ліпеня

Сэпаратыст каля будынка Данецкай абласной дзяржадміністрацыі. 6 ліпеня

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG