Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Маўклівым» акцыям — тры гады. Ці можа паўтарыцца пратэст, арганізаваны праз сацыяльныя сеткі?


Радыё Свабода зьвярнулася з такім пытаньнем да арганізатараў і ўдзельнікаў той ініцыятывы.

Тры гады таму па Беларусі пракацілася хваля «маўклівых акцыяў» пратэсту незадаволеных палітыкай Лукашэнкі. Уладам удалося іх здушыць. Ці можа паўтарыцца пратэст, арганізаваны з сацыяльных сетак?

Радыё Свабода зьвярнулася з такім пытаньнем да арганізатараў і ўдзельнікаў той ініцыятывы.

3 і 6 ліпеня 2011 году ў Менску ды іншых гарадах Беларусі прайшлі самыя масавыя затрыманьні — на акцыях у гэтыя дні міліцыя затрымала каля 400 чалавек. Акцыі доўжыліся да жніўня. Каб выказаць пратэст, людзі зьбіраліся разам і пляскалі ў далоні. Міліцыянты ў цывільным груба разганялі гэтыя сходы, хоць грамадзкага парадку і законаў людзі не парушалі. Да канца лета акцыі выдыхнуліся.

Суполка «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі — Рух будучыні» існуе надалей, у ёй і цяпер час ад часу зьяўляюцца запісы, паведамленьні пра лякальныя акцыі пратэсту. На сёньня ў суполцы 35 536 удзельнікаў. Але актыўнасьцю яна не адзначаецца.

Адзін з каардынатараў акцыяў маўклівага пратэсту 2011 году, кіраўнік суполкі «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку — Рух будучыні» у сацыяльнай сетцы «Ўкантакце» Вячаслаў Дзіянаў, які эміграваў зь Беларусі ў Польшчу, кажа, што ня мае намераў арганізоўваць цяпер якія-колечы пратэстныя акцыі.

Вячаслаў Дзіянаў

Вячаслаў Дзіянаў

Хоць, паводле ягоных словаў, нейкія магчымасьці арганізаваць акцыю пратэсту ёсьць заўсёды: заўсёды можна зьвязацца зь людзьмі, знайсьці каардынатараў, скалаціць каманду:

«Але любыя дзеяньні павінны мець мэту. Навошта гэта рабіць? Каб наладзіць пратэст, які ні да чога не прывядзе? Каб застацца на „палітычным плыву“? Ня бачу сэнсу ў гэтым», — падкрэсьлівае Дзіянаў.

Ён лічыць, што час маўклівых акцыяў пратэсту прайшоў і зараз трэба не ўспамінаць мінулае, а думаць пра будучыню. Але якія мэтады барацьбы адзін з каардынатараў маўклівага пратэсту лічыць актуальнымі сёньня?

«За тыя мэтады, якія я лічу актуальнымі, у Беларусі, у адпаведнасьці з УК РБ, можна атрымаць ад 8 гадоў пазбаўленьня волі», — заяўляе Дзіянаў.

Зрэшты, сам ён ад актыўнай палітычнай дзейнасьці на сёньня адышоў. Як распавёў Дзіянаў Свабодзе, цяпер ён заканчвае навучаньне ў Польшчы, працуе прадстаўніком расейскай камэрцыйнай фірмы, а таксама ўваходзіць у аргкамітэт па стварэньні «Беларускага Дому» ў Смаленску.

Былы адміністратар пратэстнай суполкі «Ўкантакце», удзельнік маўклівых акцыяў Аляксандар Рагозны ня верыць, што сёньня магчыма арганізаваць праз сацыяльныя сеткі пратэстныя акцыі. Паводле ягоных словаў, пасьля падзеяў 2011 году ўлады правялі «працу над памылкамі» і ў значнай ступені абмежавалі магчымасьці пратэстнага руху ў сацыяльных сетках. У прыватнасьці, гэта робіцца праз «праплочаныя пасты» ў сацсетках — такія запісы дэзарыентуюць карыстальнікаў.

Рагозны быў адным з тых, для каго маўклівыя акцыі былі першымі пратэстнымі акцыямі ў жыцьці. Звычайныя апазыцыйныя мітынгі ў большасьці сваёй ён заўсёды лічыў асуджанымі на правал і таму бессэнсоўнымі, а ідэя маўклівых акцыяў здалася яму ў свой час вельмі цікавай.

«Але людзі былі не гатовыя да таго, што ўлады панічна спалохаюцца народа і пачнуць настолькі дэманстратыўна і нахабна парушаць закон, а міліцыянты будуць паводзіць сябе як бандыты і без разбору ўсіх кідаць у аўтазакі», — успамінае ён.

Пасьля разгрому маўклівых пратэстаў Рагозны больш ня браў удзелу ў апазыцыйных акцыях. Ён упэўнены, што для таго каб сёньня людзі выйшлі на вуліцу, пратэстная ініцыятыва перш за ўсё павінна быць арыентаваная на вынік.

Цяпер людзі ня бачаць, дзеля чаго ім трэба выходзіць на вуліцу. Проста для таго, каб быць арыштаванымі?

«Цяпер людзі ня бачаць, дзеля чаго ім трэба выходзіць на вуліцу. Проста для таго, каб быць арыштаванымі? Гэта нікому не патрэбна. Усё павінна рабіцца канкрэтна дзеля чагосьці або кагосьці, мець рэальныя мэты і вынікі», — кажа Рагозны.

Разважаючы пра значэньне маўклівых пратэстаў у кантэксьце разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці, старшыня рады Міжнароднага кансорцыюму «ЭўраБеларусь» Уладзімер Мацкевіч адзначае, што на гэтую зьяву ў пэўным сэнсе можна глядзець як на добры прыклад самаарганізацыі грамадзян, але насамрэч усё трэба ацэньваць паводле доўгатэрміновых вынікаў, а такіх вынікаў у дадзеным выпадку няма.

Уладзімер Мацкевіч

Уладзімер Мацкевіч

«Прайшло тры гады, і што мы маем? Гэта не дало парасткаў, гэта было, так бы мовіць, пустазельле. Гэта ня значыць, што цалкам адмоўна гэта было, проста гэта не было нікім падхоплена і не дало плёну», — канстатуе Мацкевіч.

Ён кажа, што галоўная выснова, якую трэба зрабіць з маўклівых акцыяў 2011 году, — гэта тое, што пратэстныя настроі ў беларускім грамадзтве ня проста прысутнічаюць, а яны дастаткова пашыраныя. Але ж самі па сябе гэтыя настроі нічога ня значаць — важна, што людзі робяць і на што накіраваныя іхнія дзеяньні. Тое, што грамадзянскі парыў ня быў падхоплены, — гэта ўжо віна апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці.

«З гэтымі людзьмі не размаўлялі. Гэтыя людзі не ўключыліся ў далейшую працу ці змаганьне. Масавасьць, якая паўстала як нейкі выбух, зьнікла. Адна з хібаў усіх нашых апазыцыйных дзеяньняў і нават грамадзянскай супольнасьці — у тым, што мы жывём як маятнік: ад акцыі да акцыі, ад выбуху да выбуху. Гэта як пісаць віламі па вадзе: здаецца, добра напісалі, але ж яно раз — і зьнікла. У выніку не назапашваецца ні сацыяльны, ні палітычны капітал», — адзначае Мацкевіч.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG