Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзіянаў: Да маўклівых пратэстаў не былі гатовыя ні ўлада, ні апазыцыя


3 ліпеня — гадавіна адной з самых буйных акцый «маўклівых воплескаў» у Беларусі, акцыі, якая была надзвычай жорстка падаўленая. Самым вядомым лідэрам кампаніі «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі», сьпікерам гэтай ініцыятывы быў палітычны эмігрант зь Беларусі Вячаслаў Дзіянаў, які жыве ў Польшчы.

Дракахруст: Праз год пасьля нечакана шматлюдных для многіх акцый «маўклівых воплескаў» ці можаце вы сказаць, чаму ў вас мінулым летам атрымаліся гэтыя акцыі — пасьля шоку і дэпрэсіі прэзыдэнцкіх выбараў і пасьля выбарчых рэпрэсій, пасьля арышту і зьняволеньня многіх апазыцыйных лідэраў і актывістаў?

Дзіянаў: Гэта атрымалася таму, што ў грамадзтве была фрустрацыя ад недасягненьня мэты падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году. Людзі хацелі справядлівасьці. Эмацыйны фактар адыграў вялікую ролю.


Другі фактар — гэта эканамічны крызіс, які тады ў краіне адчуваўся вельмі балюча. Быў велізарны скачок цэнаў, грамадзтва на сваім кашальку адчула крызіс.

Гэтыя фактары былі асноўнымі, якія вывелі людзей на вуліцу. Ну, і безумоўна, пэўную ролю адыграла тое, што мы былі гатовыя да гэтага на 100%. Тады мы мелі інфармацыйныя магчымасьці, каб данесьці максымальнай колькасьці людзей нашы ідэі.

Дракахруст: На самым пачатку гэтых акцый гаварылася ледзь не пра адхіленьне ад улады Аляксандра Лукашэнкі, як пра мэту. Але чаму пасьля піку (таксама адноснага) пратэсты пайшлі на спад?

Дзіянаў: Я згодны, мэты былі завышаныя. Але колькасьць людзей, якія прыходзілі на акцыі , расла ў геамэтрычнай прагрэсіі. Ад сьмешнага да вялікага — адзін крок, як казаў адзін вядомы чалавек.

Што да фактараў, якія паўплывалі на спад, то гэта найперш жорсткія рэпрэсіі. Гэта асноўны фактар. Другім фактарам было супрацьстаяньне ў інтэрнэце. Я мяркую, што тады нам супрацьстаялі ўсе інтэрнэт-супрацоўнікі службаў інтэрнэт-бясьпекі краіны, у тым ліку і аддзел К — барацьбы з кіберзлачыннасьцю. Так што ціск тролінгу, узлом кампутараў і акаўнтаў узьдзейнічалі вельмі моцна.

Трэцім фактарам было тое, што палітычныя суб’екты краіны не падтрымалі нашы акцыі своечасова, як гэта плянавалася. Да іх не была гатовая ні ўлада, ні апазыцыя.

Ну, і чацьверты фактар — магчыма, у нас не хапіла ведаў і досьведу, каб масавыя сходы на вуліцах перарасьлі ў масавыя пратэсты па ўсёй краіне.

Дракахруст: А ці можа гэта паўтарыцца? Ці зьбіраецеся вы зноў рабіць нешта падобнае?

Дзіянаў: Інфармацыйныя магчымасьці ў нас засталіся ранейшымі і нават пашырыліся. Іншая справа — ці магчымыя акцыі ў тым фармаце, як былі летась. Я мяркую, што не, але мабілізаваць людзей выйсьці ў пэўныя месцы па ўсёй краіне для пэўных дзеяньняў — гэта цалкам магчыма.

Дракахруст: А вось гэтая ідэя «маўклівых акцый», прагулак, скарыстаная, дарэчы, пазьней падчас расейскіх пратэстаў — гэта вы самі прыдумалі, альбо былі калі-небудзь дзе-небудзь прэцэдэнты?

Дзіянаў: Нечага падобнага на тое, што было ў Беларусі летам 2011 году, я асабіста ня ведаў. Так што калі нешта падобнае і было раней, для нас гэта не было прыкладам. Уся стратэгія і тактыка дзеяньняў была выпрацаваная толькі ў траўні 2011 году.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG