Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ваенны экспэрт: Сутнасьць АТА — з насельніцтвам гаварыць, радыкалаў — зьнішчаць


Мікола Сунгуроўскі

Мікола Сунгуроўскі

Аднаўленьне антытэрарыстычнай апэрацыі ўкраінскіх войскаў у Данбасе мы папрасілі пракамэнтаваць Міколу Сунгуроўскага, дырэктара ваенных праграмаў украінскага дасьледнага цэнтру імя Разумкова. Зь ім гутарыў Юры Дракахруст.

Дракахруст: Як цяпер выглядае ваенная сытуацыя ў Данбасе? Чым адноўленая антытэрарыстычная апэрацыя (АТА) адрозьніваецца ад той, што праводзілася да замірэньня?

Сунгуроўскі: Цяжка сказаць, якія будуць зьмены, пакуль не вядома, хто ўзначаліць гэтую апэрацыю. Адсоткаў на 70 прычына нізкай эфэктыўнасьці ранейшых этапаў АТА палягала ў якасьці кіраваньня. Гэта эпархія прэзыдэнта. Калі ён прыме кадравыя рашэньні ў сілавым блёку, калі будзе адзінае кіраваньне, адзіны штаб усімі сіламі АТА і іх ужываньнем, то апэратыўнасьць і якасьць гэтых дзеяньняў павысяцца. Я чакаю павышэньня эфэктыўнасьці АТА менавіта ад гэтага. У адваротным выпадку апэрацыя можа зацягнуцца на доўгі час.

Дракахруст: Вайсковы кіраўнік сэпаратыстаў Ігар Стралкоў яшчэ да замірэньня ў адным са сваіх інтэрвію прыводзіў суадносіны сілаў супрацьстаяньня: украінская армія пераўзыходзіць сілы сэпаратыстаў па гарматах і бронетэхніцы ў дзясяткі разоў, авіяцыя ёсьць толькі ва ўкраінскага войска. Чаму пры такой перавазе яно ня можа проста сьцерці праціўніка з твару зямлі?

Сунгуроўскі: Прычына ў тым, што гэтыя ўзброеныя сілы распушчаныя ў натоўпе, груба кажучы. І дзейнічаць па мірным насельніцтве ўсёй сваёй агнявой моцай украінскія сілавікі ня могуць. І ў гэтым перавага сэпаратысцкіх, радыкальных груп — яны прыкрываюцца жывым шчытом.

Дракахруст: Вы сказалі, што ўкраінскія сілавікі ня хочуць наносіць удары, ад якіх моцна пацярпела б мірнае насельніцтва. А з ваеннага пункту гледжаньня — што ж тады рабіць?

Сунгуроўскі: Дык таму і праводзіцца антытэрарыстычная апэрацыя. Яе задача — выявіць і ізаляваць радыкальныя элемэнты, а потым працаваць асобна па радыкалах і з насельніцтвам. З насельніцтвам — весьці перамовы, радыкалаў ці зьнішчаць ці прапанаваць ім здавацца. Гэта азы антытэрарыстычных апэрацый.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG