Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабіцкі: Махноўшчына на Данбасе людзей раздражняе і палохае


Пра сытуацыю ў Данбасе пасьля заканчэньня замірэньня распавядае спэцыяльны карэспандэнт Радыё Свабода Андрэй Бабіцкі. Зь ім гутарыў Юры Дракахруст.

Дракахруст: Андрэй, якая цяпер сытуацыя там, дзе вы зараз знаходзіцеся? Абвастрылася сытуацыя пасьля заканчэньня замірэньня? Ці пачаўся гарматны абстрэл і авіяатакі? Гэта падобна на тое, што вы бачылі ў Чачні?

Бабіцкі: Не, пакуль не падобна. Пакуль баі ідуць за межамі гарадоў, выключаючы Славянск. Я цяпер перад будынкам абласной адміністрацыі ў Данецку. Тут абсалютна спакойна. Але па пэрыметры гораду ідуць сур’ёзныя баявыя сутыкненьні. Гледзячы па ўсім, Парашэнка выканаў свае абяцаньні і паслаў войскі ў наступ. Паступіла інфармацыя, што танкі ў раёне Карлаўкі (гэта ўскраіна Данецку), абстрэльваюць пазыцыі апалчэньня. Таксама ідзе вельмі сур’ёзны абстрэл Славянску. Апалчэнцы адказваюць тым самым. Ну і на ўскраіне Луганску, дзе я быў учора, абстрэлы не спыняліся ні на сэкунду.

Гледзячы па ўсім, будзе зробленая спроба ўзяць штурмам гэтыя гарады. Наколькі яна будзе плённай — складана сказаць. Ёсьць уражаньне, што ў апалчэньня цяпер вельмі сур’ёзныя сілы і яны могуць адбіваць атакі дастаткова пасьпяхова.

Дракахруст: Украінскія афіцыйныя прадстаўнікі казалі пра тое, што на працягу пэрыяду аднабаковага замірэньня сэпаратысты 50 разоў адкрывалі агонь. Навошта? Яны хацелі аднаўленьня баявых дзеяньняў?

Бабіцкі: Я не зусім упэўнены, што замірэньне парушалася толькі адным бокам. Я добра памятаю гэтую сытуацыю па Чачні, звычайна на лініі сутыкненьня войскаў замірэньне парушаюць абодва бакі. Даволі складана кантраляваць асобныя гарнізоны, асобныя часткі, і яны могуць пачаць агонь спантанна. Абодва бакі абвінавачваюць адны адных, што праціўнік парушаў рэжым замірэньня і хутчэй за ўсё так яно і ёсьць. Я быў і ў Славянску, і ў Луганску. І гарматны абстрэл ускраін гэтых гарадоў, дастаткова інтэнсіўны, не аціхаў ні на імгненьне ўвесь гэты час. Але не было спробаў штурму, спробаў увайсьці з бронетэхнікай у населеныя пункты. Гэта былі абстрэлы нізкай інтэнсіўнасьці, але яны ішлі ўвесь час. Я ведаю, што і апалчэньне рабіла вылазкі і атакавала пазыцыі ўкраінскай арміі.

Гэта двухбаковы працэс, і цяжка сказаць, хто вінаваты. Замірэньне можа выконвацца толькі тады, калі войскі адводзяцца ад лініі сутыкненьня.

Дракахруст: У Чачні падчас вайны былі выразныя лідэры — Дудаеў, Масхадаў. Ці ёсьць такая асоба ў сэпаратыстаў у Данбасе, ці могуць яны пра некага сказаць — гэта наш прадстаўнік, выразьнік нашых інтарэсаў?

Бабіцкі: Адзінага лідэра няма, але постаці, якія ва ўсіх на слыху, за гэтыя месяцы супрацьстаяньня зьявіліся. Гэта і Губараў, і Болатаў, і Барадай, і Стралкоў, і іншыя.

Дракахруст: А наколькі насельніцтва падтрымлівае гэтых людзей, гэтыя баявыя дзеяньні? Паводле апытаньняў, якія я бачыў, людзі ў Данбасе зусім ня так ужо салідарна хочуць у Расею і падтрымліваюць узброены супраціў.

Бабіцкі: Мне складана сказаць, наколькі высокі адсотак тых, хто падтрымлівае, і наколькі шмат тых, хто хоча, каб Кіеў тут навёў парадак. Ёсьць і адны і другія, я тут зь імі сутыкаўся, размаўляў, у іх ёсьць свая аргумэнтацыя. Мне здаецца, што ўсё ж такі ў Данеччыне і Луганшчыне большасьць насельніцтва з пэўнымі нюансамі, але выступае супраць Кіева. Але ў значнай часткі людзей, якія напачатку падтрымалі гэты мяцеж, ёсьць расчараваньне. Бо элемэнты махноўшчыны людзей раздражняюць і палохаюць.

Але мне здаецца, што Кіеў не падтрымлівае большасьць. Што тычыцца апытаньняў, то я ня надта ім веру, бо не ўяўляю сабе, як у гэтых умовах можна правесьці колькі-небудзь рэпрэзэнтатыўнае апытаньне.

Дракахруст: Я меў на ўвазе красавіцкае апытаньне, тады сытуацыя ў Данбасе не была такой вострай.

На ваш погляд, у якой ступені Масква кіруе тымі лідэрамі, якіх вы назвалі? Паўстанцы маюць гарматы, танкі, ПЗРК — яны іх не на Пятрыўцы ў Кіеве і не на Прывозе ў Адэсе купілі. Яны іх атрымалі зразумела адкуль. Дык хто іх узбройвае, той імі і кіруе?

Бабіцкі: Што тычыцца танкаў і гарматаў — у мяне няма цьвёрдай упэўненасьці, што гэта пастаўкі з Расеі. Апалчэнцы кажуць, што гэта трафэі, якія яны адабралі ва ўкраінскай арміі. Танкі тут Т-62, якія ў расейскім войску цяпер не выкарыстоўваюцца, хоць і ёсьць. Што тычыцца ПЗРК, то так — яны ў такой колькасьці не маглі тут зьявіцца самі сабой.

У мяне няма адчуваньня, што сытуацыю тут кіруецца з Масквы наўпрост. Напэўна, ёсьць кантакты, ёсьць каардынацыя і супрацоўніцтва. Але падсумоўваючы заявы, якія на працягу доўгага часу рабілі лідэры так званай «Наваросіі», скажам так, я мяркую, што яны не кіруюцца з Масквы наўпрост. У розных сытуацыях ад іх гучала сур’ёзная крыўда на Маскву і не было адчуваньня, што яна штучная. У мяне адчуваньне, што гэты рух у дастатковай ступені аўтаномны, хаця кантакты з Масквой ёсьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG