Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каго ў Расеі сёньня абвінавачваюць у фашызме, і чаму слова «фашызм» з афіцыйных трыбунаў гучыць у дачыненьні да суседняй краіны.

22 чэрвеня сьпікер Дзяржаўнай думы Расеі Сяргей Нарышкін, выступаючы на мітынгу ў Брэсцкай крэпасьці з нагоды 73-й гадавіны пачатку вайны нацысцкай Нямеччыны супраць СССР, заявіў, што «фашызм зноў падымае галаву зусім побач ад межаў Беларусі і Расеі». Каго ў Расеі сёньня ўсё часьцей абвінавачваюць у фашызме? Чаму апошнім часам слова «фашызм» з афіцыйных трыбунаў гучыць у дачыненьні да суседняй краіны?

Аб гістарычных аналёгіях і генэтычнай памяці ў адносінах да паняцьця «фашызм» разважае расейскі гісторык, доктар філязофіі Мікіта Пятроў:
— Неабходна казаць не пра сучаснае разуменьне, у навуковым сэнсе, слова «фашызм», таму што трэба будзе абмяркоўваць такія дэфініцыі, як нацызм, фашызм, прынцыповыя адрозьненьні, пры тым ці іншым рэжыме, пабудовы таталітарнай дзяржавы. Трэба памятаць адно: сучасная расейская прапаганда выкарыстоўвае слова «фашызм» даўно і выключна як лаянкавае. І нічога акрамя лаянкі гэтае слова, на самай справе, пад сабой не мае. Гэта вельмі даўняя традыцыя, яшчэ з савецкіх часоў. Фашысцкімі называлі да Вялікай айчыннай вайны многія рэжымы, якія фашысцкімі не зьяўляліся. Пасьля вайны гэты ярлык ляпілі, напрыклад, да югаслаўскім рэжыму Іосіфа Броза Ціта. Сапраўды гэтак жа ляпілі гэта і да Аўгуста Піначэта. У абывацельскім разуменьні і ў прапагандысцкім разуменьні — гэта проста нейкая злачынная дзяржава, злачынны лад жыцьця. І фашыстам, з пункту гледжаньня савецкага чалавека, а цяпер расейца, можа быць хто заўгодна, але толькі ня мы! Між тым, сьветлыя розумы і выбітныя людзі Савецкага Саюза, напрыклад, Леў Ландаў, шчыра лічылі, што фашызм як раз існуе ў Савецкім Саюзе ў чыстым выглядзе. Так што мы кідаемся абвінавачваньнем, перш за ўсё, таму што баімся самі быць западозранымі ў падобным імкненьні да таталітарнай пабудовы грамадзтва.

— Наколькі справядлівыя абвінавачваньні ў фашызме ў адносінах да Ўкраіны, маючы на ўвазе існуючыя там партыі і арганізацыі нацыяналістычнага кірунку?

— Абсалютна несправядлівыя, таму што любыя нацыянальна арыентаваныя арганізацыі, як ва Ўкраіне, так і ў Расеі, гэта ёсьць аб’яднаньні групаў людзей. Але мы-то кажам пра дзяржаву, пра дзяржаўны лад! А ён ніякага дачыненьня да гэтага ня мае. У гэтым сэнсе як раз вельмі характэрна, што гэтая даўняя савецкая традыцыя — усіх лаяць фашыстамі ... Дарэчы кажучы, у газэтах можна знайсьці нават і такое словазлучэньне, як «эўрафашыст», калі маюць на ўвазе тое, што Эўразьвяз — нібыта таксама амаль фашысцкая арганізацыя! Гэта сур’ёзна пішуць цяпер у расейскіх газэтах, узбуджаючы нянавісьць. Так што мянушка, якую прапаганда спрабуе навесіць на Ўкраіну, мянушка, з дапамогай якой яны клеймуюць тых, хто ім не падабаецца, не дагаджае або па сваіх поглядах здаецца абуральным, на самай справе ёсьць проста элемэнтам прапагандысцкай вайны. Але за гэтым няма ніякага навуковага зьместу, нават калі мы гаворым пра сёньняшнія ўкраінскія арганізацыі, скажам так, яркага і яснага нацыяналістычнага кірунку. У нас поўна дакладна такіх жа ў Расеі.

— Ці можна казаць пра тое, што сёньняшняя прапаганда выкарыстоўвае генэтычную памяць, у якой слова фашызм выклікае цалкам канкрэтныя асацыяцыі?

— Абсалютна дакладна! Таму што тут, уласна кажучы, апэлююць да памяці той велізарнай і кровапралітнай вайны, якая ішла з 1939 па 1945 год. І тады яшчэ быў таксама прапагандысцкі патас барацьбы з фашызмам як такім. Бо не рабілі адрозьненьні паміж нямецкім нацызмам і італьянскім фашызмам. Але, тым ня менш, у памяці народа яна засталася як нейкая сьвятая вайна супраць сусьветнага зла. І цяпер, і пасьля вайны гэты «ярлык сусьветнага зла» ляпілі да ўсіх нашых палітычных праціўнікаў. Я ўжо маўчу пра тую абсурднасьць, да якой даходзіла савецкая прапаганда, сьцьвярджаючы, што дзяржава Ізраіль — таксама фашысцкая, што сіянізм — гэта таксама разнавіднасьць фашызму! Гэта такая, я б сказаў, ня проста несумленная, а абсалютна хлусьлівая і двудушная гульня.

— Чаму акцэнтуецца ўвага на існаваньні нацыяналістычных партый і рухаў у іншых краінах, пры гэтым акцыі аналягічных арганізацый у Расеі праходзяць з афіцыйнага дазволу уладаў?

— Таму што гэта — у нас. Што называецца — сваё не пахне... У дадзеным выпадку ўлада выдатна разумее, што гэта ёсьць спосабам выхаду энэргіі народнай незадаволенасьці. Я нават ня зьдзіўлены. Улада, безумоўна, зусім не зьбіраецца праводзіць гістарычныя або тэарэтычныя экскурсы ў прыроду фашызму. Важней іншых заклеймаваць і, тым самым, адвесьці ўсе падазрэньні ад сябе.

— Можна прыгадаць фільм «Кабарэ» Боба Фоса. У канцы троххвіліннага музычнага эпізоду, дзе вобразна паказана, як распаўсюджваецца фашызм, герой Майкла Ёрка пытаецца свайго сябра: «Вы сапраўды думаеце, што зможаце іх спыніць?» Ці ёсьць, на ваш погляд, у Расеі разуменьне гэтай небясьпецы?

— Любое падлашчваньне падобнай гіпэртрафаванай або даведзенай да абсурду нацыянальнай ідэі можа скончыцца тым, што дзяржава рана ці позна вымушана будзе дзейнічаць у рэчышчы тых лёзунгаў, якія яна, дзяржава, спачатку, можа быць, не ўхваляла, потым трошкі заахвочвала, таму што гэта было выгадна ў бягучы, імгненны момант, але лічыла, што заўсёды зможа кантраляваць зьяву, заўсёды можа ўзначаліць яе і адвесьці ў патрэбны бок. На самай справе небясьпека вельмі вялікая. Фашызм грунтуецца на нейкіх вельмі цёмных баках прыроды чалавека, на цёмных інстынктах. І калі гэта выплюхваецца і пераходзіць ўсякія рамкі, гэта ўжо нельга эксплюатаваць. Гэта ўжо эксплюатуе саму ўладу. І ўжо мяняе прыроду самой улады. Таму небясьпека як раз ня проста ў нейкім прымірэньні, а небясьпека нават у тым, што мы проста ня хочам бачыць гэтую небясьпеку. Я ўжо не кажу пра тое, што калі выкарыстоўваць гэтую зьяву ў сваіх імгненных мэтах, то гэта наогул шлях у нікуды, гэта шлях да згубы.

— Слова «фашызм» ў адносінах да Ўкраіны ўжываюць сёньня, акцэнтуючы ўвагу на тым, што вялікай падтрымкай ўкраінскіх грамадзян карыстаюцца партыі і рухі нацыяналістычнага кірунку. Але па выніках прэзыдэнцкіх выбараў 25 траўня лідэр «Правага сэктара» Дзьмітрый Яраш і лідэр партыі «Свабода» Алег Цягнібок разам набралі менш галасоў, чым прэзыдэнт Усеўкраінскага габрэйскага кангрэсу Вадзім Рабіновіч.

— Гэта забойны факт для цяперашняй расейскай прапаганды. Усё, што яна талдычыла, усе тыя клішэ, якія яна выкарыстала, апынуліся ілжывымі. Вось — выбар ўкраінскага народа. Вось сапраўдная мера ўплыву тых ці іншых нацыянальных або ўльтранацыянальных лідэраў і ідэяў. Вось гэта, уласна кажучы, і зьяўляецца момантам ісьціны. Так што правалілася расейская прапаганда. Іншая справа, што яна і высноваў ніякіх ня робіць. Зрабілі выгляд, што не заўважылі, і працягваюць да гэтага часу гаварыць аб тым, што трэба змагацца з фашызмам, і менавіта ва Ўкраіне. Напэўна, трэба зь сябе пачынаць спачатку, я так мяркую, — падкрэсьлівае гісторык, доктар філязофіі Мікіта Пятроў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG