Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вене пачынаецца крытычны этап ядзерных перамоваў з Іранам


У Вене пачынаецца пяты раўнд перамоваў іранскіх дыпляматаў і прадстаўнікоў шасьці сусьветных дзяржаў. Аналітыкі называюць яго крытычным у пытаньні заключэньня пастаяннага пагадненьня па ядзернай праграме Тэгерана.

Чакаецца, што дыскусіі адбудуцца на працягу ўсяго працоўнага тыдня і завершацца 20 чэрвеня.

Пяць пастаянных сябраў Рады бясьпекі ААН і Нямеччына настойваюць, каб Іран згарнуў сваю дзейнасьць па ўзбагачэньні ўрану і даў міжнародным інспэктарам шырокі доступ да сваіх ядзерных аб’ектаў.

Іран імкнецца зьняць усе міжнародныя санкцыі ў абмен на дамову, якая паклала б канец занепакоенасьці Захаду адносна спробаў Тэгерана стварыць ядзерную зброю.

Прэзыдэнт Ірана Хасан Рухані заявіў на мінулым тыдні, што «супярэчнасьці могуць быць вырашаны пры наяўнасьці добрай волі і гнуткасьці».

У траўні бакі не прыйшлі да згоды ў пытаньні колькасьці цэнтрыфуг для ўзбагачэньня ўрану, якія Тэгеран хоча захаваць.
XS
SM
MD
LG