Лінкі ўнівэрсальнага доступу

17-гадовы Раман Волазьнеў — пераможца конкурсу кавэраў на «Радыё Свабода»


Раман Волазьнеў

Раман Волазьнеў

З нагоды юбілею Радыё Свабода пры падтрымцы парталу Tuzin.fm, суполкі Мая краіна Беларусь і «Арт Сядзібы» прапанавалі музыкам па-свойму інтэрпрэтаваць адзін са знакавых сьпеваў беларускага року — «Радыё Свабода» гурту Ulis.

Упершыню гэты твор на словы Фэлікса Аксёнцава і музыку Славы Кораня быў выдадзены на альбоме «Краіна доўгай белай хмары» (1990), вядомы таксама ў выкананьні гурту N.R.M. (live-альбом «Акустычныя канцэрты канца XX стагодзьдзя»).

Лідэр гурту УЛІС Слава Корань назваў пераможцу. Ім стаў 17-гадовы Раман Волазьнеў.

Паводле Кораня, пры выбары пераможцы ён вагаўся паміж вэрсіямі ад Яўгена Сіраты, Рэха і Волазьнева, урэшце спыніўся на апошнім:
«Варыянт песьні прадугледжвае разьвіцьцё ад пачатку і да канца. Дастаткова прафэсійна выканана. Расстаўленыя правільныя акцэнты і настрой, якія адпавядаюць словам. Словы і мэлёдыя правільна прасьпяваныя. Свой падыход да аранжыроўкі і стылю выкананьня, каторы не зьнішчае настрой песьні, захоўваючы яго энэргетыку.

Волазьнеў быў вельмі ўсьцешаны, даведаўшыся ад Радыё Свабода пра перамогу:
«Я вельмi рады. Было цiкава спаборнічаць з такiмi моцнымi выканаўцамi i камандамі. Далейшыя пляны — пісаць музыку, аранжыроўкі і вядома, працягваць пісаць песьні на беларускай мове. Дзякуй усім за падтрымку!»



Раман Волазьнеў у якасьці галоўнага прызу атрымае мікрафон кампаніі Shure.
Раман Волазьнеў атрымаў шырокую вядомасьць яшчэ ў 12 гадоў пасьля таго, як стаў ляўрэатам конкурсу «Дзіцячая Новая хваля». Тады Раман і пазнаёміўся зь вядомым расейскім сьпеваком Уладзімерам Прасьняковым. У 2010 годзе кампазытар Раман Козыраў прапанаваў хлопцу да выкананьня песьню «Сьпі, малы сакол» на словы Янкі Лучыны. Раман даслаў паслухаць «Сакола» Прасьнякову, той быў у захапленьні, хоць ня ўсе словы зразумеў. І прапанаваў яе выканаць Раману дуэтам, стварыўшы новую аранжыроўку.

Паводле галасаваньня вКонтакте перамогу атрымаў Стас Шашок і яго гурт «Час лайна». Ён мае 547 з 2000 галасоў.



Стас Шашок атрымае ад Радыё Свабода плэер iPod Shuffle.

Другое месца ў галасаваньні вКонтакте мае Ілья Фаляжынскі з 506 галасамі. Ён атрымае ад Свабоды фірмовую флэшку з поўным архівам Бібліятэкі Свабоды.



Паводле галасаваньня ў Soundcloud перамогу атрымлівае гурт Здань. Гурт атрымлівае плэер iPod Shuffle.



Усе ўдзельнікі конкурсу атрымліваюць фірмовыя саколкі ад Радыё Свабода.

Слухаць усе кавэры:



БМА супольна з Эўрарадыё плянуюць выданьне трыб'юту гурту УЛІС. Найлепшыя кавэры, дасланыя на конкурс трапяць на складанку.

Слухаць арыгінальную вэрсію песьні гурту УЛІС:
XS
SM
MD
LG