Лінкі ўнівэрсальнага доступу

17-гадовы Раман Волазьнеў перасьпяваў песьню «Радыё Свабода»: Яна нясе ў сабе глыбокі сэнс


Раман Волазьнеў

Раман Волазьнеў

Сваю вэрсію песьні «Радыё Свабода» прэзэнтуе 17-гадовы сьпявак Раман Волазьнеў

З нагоды юбілею Радыё Свабода пры падтрымцы парталу Tuzin.fm і «Арт Сядзібы» і суполкі Мая Краіна Беларусь прапанавалі музыкам па-свойму інтэрпрэтаваць адзін са знакавых сьпеваў беларускага року — «Радыё Свабода» гурту Ulis. Упершыню гэты твор на словы Фэлікса Аксёнцава і музыку Славы Кораня быў выдадзены на альбоме «Краіна доўгай белай хмары», вядомы таксама і ў выкананьні гурту N. R. M. Напярэдадні 60-годзьдзя нашага радыё мы прэзэнтуем зробленыя беларускімі музыкамі кавэры. Дасылайце вашыя інтэрпрэтацыі і рэміксы на radiosvaboda@gmail.com.

Сваю вэрсію прэзэнтуе 17-гадовы сьпявак Раман Волазьнеў:

На жаль, гэтая опцыя пакуль што недаступная


Раман Волазьнеў атрымаў шырокую вядомасьць яшчэ ў 12 год пасьля таго, як стаў ляўрэатам конкурсу «Дзіцячая Новая хваля». Якраз тады Раман і пазнаёміўся зь вядомым расейскім сьпеваком Уладзімерам Прасьняковым. У 2010 годзе кампазытар Раман Козыраў прапанаваў хлопцу да выкананьня песьню «Сьпі, малы сакол». Спампаваць тут

Свабода: Раман, пакуль што Вы адзін з самых маладых удзельнікаў, які адгукнуўся на нашу прапанову перасьпяваць песьню «Радыё Свабода».

Раман: Мне 17 гадоў. Цяпер я вучуся ў Менскім дзяржаўным коледжы мастацтваў, на аддзяленьні эстрадна-джазавага сьпяваньня.

Свабода: Вы паспрабавалі напісаць некалькі ўласных песьняў, і выбралі для гэтага беларускія тэксты.

Раман: Так, я пішу ў тым ліку і песьні на словы нашых беларускіх паэтаў-клясыкаў. Цяпер у мяне ёсьць пяць песьняў на словы Максіма Багдановіча.
​Гэта «Вечар», «Сьвяча», таксама іншыя, але я ня буду называць, бо яны яшчэ ў дапрацоўцы.

Свабода: Мы з Вамі гаворым 14 траўня. У 1995 годзе ў гэты дзень Вы яшчэ не нарадзіліся, але тады праводзіўся рэфэрэндум, і адно з пытаньняў было — ці даць статус дзяржаўнай мовы рускай мове. У выніку стала такая сытуацыя, што беларусы прагаласавалі «За», наступіла так званае дзьвюхмоўе, і Вы пішаце песьні на беларускія тэксты, але размаўляеце па-руску. А вось калі б Вы ішлі галасаваць — як бы Вы галасавалі сёньня?

Раман: Мне здаецца, я б прагаласаваў на карысьць беларускай мовы, таму што ў кожнай краіны павінна быць свая мова. Тым больш што беларуская мова вельмі мэлядычная і прыгожая. Яна нашмат прыгажэйшая за расейскую. І калі шчыра, мне больш падабаецца пісаць песьні на беларускай мове. Цяпер мы ў краіне вельмі мала чуем беларускую мову па тэлебачаньні, хацелася б больш. І я спрабую хоць неяк зьмяніць сытуацыю і пісаць песьні па-беларуску.

Свабода: Ну а загаварыць па-беларуску з раўналеткамі Вы не спрабавалі?

Раман: Мне здаецца, цяпер такі час, што мяне нават могуць не зразумець. Я ведаю вялізную колькасьць людзей, якія маюць нездавальняючыя адзнакі па беларускай мове.

Свабода: Раман, а цяпер да песьні гурту «Уліс». Вы можаце згадаць, калі Вы гэтую песьню ўпершыню пачулі, чым яна Вас прыцягнула?

Раман: Раней я песьню ня чуў, але калі пачуў пра ваш конкурс, яна мяне захапіла. Гэта песьня, якая ня проста прысьвечаная радыёстанцыі, яна нясе ў сабе глыбокі сэнс.


СЛУХАЙЦЕ ТАКСАМА:
На жаль, гэтая опцыя пакуль што недаступная

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG