Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адмаўляцца ад хаўрусу з Лукашэнкам Украіна ня будзе, — экспэрт з Кіева


Віктар Каспрук

Віктар Каспрук

Украінскі палітоляг Віктар Каспрук лічыць, што запрашэньне прэзыдэнта Лукашэнкі на інаўгурацыю Пятра Парашэнкі магло адбыцца ў выніку стратэгічнай памылкі ўкраінскага МЗС, аднак кажа, што разам з тым гэты візыт даў магчымасьць беларускаму лідэру праз заходнюю прэсу падаць сыгнал Захаду пра магчымасьць трансфармацыі Беларусі ў бок дэмакратыі.

— Спадар Віктар, у Беларусі візыт Аляксандра Лукашэнкі на інаўгурацыю ў Кіеў трымаўся ў вялікім сакрэце да самага апошняга моманту. А ці чакалі беларускага лідэра ў Кіеве — калі ўлічыць, што ў ідэйным пляне ён заўсёды вельмі блізкі з Уладзімерам Пуціным?

— Увогуле мы не чакалі прыезду прэзыдэнта Беларусі. Але глядзіце, падчас украінска-расейскага канфлікту — ці, іншымі словамі, вайны, якую разьвязала Расея супраць Украіны — Аляксандар Лукашэнка заняў абсалютна нечаканую пазыцыю. Будучы, з аднаго боку, цалкам залежным ад Масквы, апошнім часам ён пачаў рабіць незалежныя рухі, падаваць мэсыджы, якія, на маю думку, скіраваныя не на Ўкраіну, а на Эўропу. Гэта значыць, ён хоча паказаць, што хоць нейкім чынам імкнецца праводзіць незалежную міжнародную палітыку і гатовы да пэўных перамоваў на пэўных умовах. Мне здаецца, што Лукашэнка цудоўна разумее, што Ўкраіна прарвецца на Захад і ягоная пазыцыя пагоршыцца, бо ў Пуціна будуць больш разьвязаныя рукі ў дачыненьні да Беларусі. Такім чынам, можна паставіць пытаньне пра тое, ці не гатовы Лукашэнка, не дэкляруючы гэтага публічна, ісьці на перамовы з Захадам і фактычна здавацца Захаду на ўмовах таго, што яму пакінуць пэўныя фінансы і пэўную ўладу. Вядома, нельга сказаць, што дыктатар можа дрэйфаваць у бок дэмакратыі, але ён можа дрэйфаваць да магчымасьці пераходу Беларусі на дэмакратычныя рэйкі.

— Як можна ацаніць заявы Аляксандра Лукашэнкі, якія ён зрабіў перад журналістамі ў Кіеве, пра тое, што Ўкраіна павінна вярнуць назад Крым, і пра тое, што трэба зьнішчаць баевікоў, якія ваююць супраць Украіны?

— Гэта пэўная фронда. Аляксандар Лукашэнка моцна занепакоены тым, што на пэўным этапе Расея зможа ссунуць і яго і ўвесьці зялёных, чырвоных ці яшчэ нейкіх чалавечкаў у Беларусь. Можа, беларуская армія і мае пэўную моц, але змагацца з расейскай вайсковай навалай яна ня зможа, як і Ўкраіна, дарэчы. Таму беларускі прэзыдэнт робіць папераджальныя знакі Крамлю, што будзе абараняцца да апошняга. Вядома, такой пазыцыі ад беларускага дыктатара, які зьнішчыў шмат незалежных палітыкаў, немагчыма было чакаць. Таксама я ня думаю, што мы можам гаварыць пра нейкую дэмакратычную эвалюцыю Лукашэнкі.
Лукашэнка дэманструе дваістыя стандарты — дэмакратычныя для Ўкраіны і дыктатарскія для Беларусі
Але парадокс гэтай сытуацыі ў тым, што на нейкім этапе да яго дайшло, што яго, як і Януковіча, таксама могуць пры пэўных абставінах выгнаць з краіны, або ён можа стаць ахвярай расейскай агрэсіі. Таму мне здаецца, што ў тых рамках, якія ў яго ёсьць, Лукашэнка пачаў манэўры. Наколькі яны змогуць быць пазытыўнымі для яго, цяпер складана сказаць. Але ўсё ж відавочна, што ён спрабуе рабіць мэсыджы для Захаду. Але наколькі Захад зразумее гэтыя мэсыджы і наколькі захоча гаварыць зь Беларусьсю ў той час, калі Лукашэнка мае дваістую пазыцыю — падтрымлівае Майдан і выступае супраць акупацыі Крыму, але ніякіх паслабленьняў ні для прэсы, ні для палітычнага жыцьця Беларусі ня робіць? Пакуль што Лукашэнка дэманструе дваістыя стандарты — дэмакратычныя для Ўкраіны і дыктатарскія для Беларусі, якія ён практыкуе апошнія 20 гадоў.

— Шмат хто ў Беларусі выказаў абурэньне, бо на інаўгурацыю не запрасілі ніводнага дэмакратычнага лідэра. У сацыяльных сетках у Беларусі пісалі, што пад кулі на Майдан езьдзілі беларускія дэмакратычныя актывісты, адзін зь іх, Міхал Жызьнеўскі, быў сярод першых ахвяраў, а на ўрачыстасьць з нагоды трыюмфу каштоўнасьцяў Майдана запрасілі прэзыдэнта Лукашэнку з сынам Колем. Што б вы адказалі на такі выпад?

— Магчыма, гэта была наша тактычная ці стратэгічная памылка. Але трэба таксама мець на ўвазе, што цяпер Украіна ў такім крытычным стане, што, магчыма, МЗС Украіны не зьвярнуў увагі на такі момант. Зь іншага боку, мне здаецца, што ўкраінскае кіраўніцтва ня можа цяпер выштурхоўваць нават такога дыктатара, як Лукашэнка, знаходзячыся пад ваенным ціскам з боку Расеі і пад пагрозаю поўнамаштабнага ўварваньня на ўкраінскую тэрыторыю.
Мы зараз павінны даражыць любым хаўрусьнікам
Магчыма, гэта пэўная гульня з украінскага боку, магчыма, гэта пэўная недапрацоўка, а магчыма, ёсьць тыя людзі ва ўкраінскім МЗС, якія лічаць, што нават тая мінімальная падтрымка, якую Лукашэнка прадэманстраваў ня толькі ўкраінскім мэдыям, але і заходнім таксама, важная для Ўкраіны. Гэтае запрашэньне — гэта наданьне Лукашэнку пэўнага шансу пачаць трансфармавацца. Трансфармавацца яўна не ў дэмакрата, але ў чалавека, які хаця б больш адэкватна ўспрымае тое, што адбываецца на міжнароднай арэне. Я лічу, што ўкраінская палітыка што да Лукашэнкі можа прывесьці да пэўных пазытыўных вынікаў. Мы зараз павінны даражыць любым хаўрусьнікам. І нават калі цяпер гэтым сытуатыўным хаўрусьнікам будзе Лукашэнка, мы ня маем права ад яго адмаўляцца.

— Як у Кіеве, дзе сабралася так шмат кіраўнікоў дзяржаў, паставіліся да таго, што наш прэзыдэнт прыехаў разам з сынам Колем, які, дарэчы, ужо ўсё больш выглядае на падлетка, а не на пухленькага «малыша»?

— У Лукашэнкі ёсьць комплекс, ад якога ён ня можа пазбавіцца. У Пуціна таксама ёсьць комплекс — гэта тое, што ён выбітны дзюдаіст. Хоць чалавек, які разьбіраецца ў спорце, скажа, што ў яго ніколі не было кляснай для дзюдаіста формы. А вось у Лукашэнкі такі «пункцік» — гэта перадача сыну Колю ўлады ў Беларусі. Ясна, што гэта нонсэнс і што такога ніколі ня будзе, але ён вельмі дакладна прытрымліваецца гэтага «пункціка» і адпаведна лічыць, што калі Коля пабачыць сьвет, будзе камунікаваць з элітаю сусьветнай палітыкі, то будзе больш падрыхтаваны да кіраваньня краінай. Гэты «пункцік» выклікае сьмех, але забараніць Лукашэнку цягаць за сабою Колю ніхто ня можа.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG