Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памежнікаў пакаралі за пагрозу прымяненьня зброі


У Лельчыцах 6 чэрвеня выязная калегія Гомельскага абласнога суду вынесла прысуд у дачыненьні да двух памежнікаў: старшы лейтэнант Дзьмітры Гураў асуджаны на 3 гады турэмнага зьняволеньня, старшы сяржант Вячаслаў Рамановіч атрымаў 5 гадоў абмежаваньня волі.

Іх прызналі вінаватымі ў асабліва злосным хуліганстве з пагрозай прымяненьня зброі.

У лістападзе мінулага году нецьвярозыя Гураў і Рамановіч ледзь не пастралялі моладзь у вёсцы Мілашавічы. У мясцовай бутэрброднай «У самавара» яны выпівалі з нагоды нараджэньня сына ў сям’і сяржанта.

Малады вясковы настаўнік Сяргей зайшоў з хлопцамі ў бутэрбродную і паглядзеў у бок памежнікаў, якія сядзелі за столікам зь непаўналетнімі школьніцамі. Ахоўнікам мяжы гэта не спадабалася, і яны ўсчалі слоўную перапалку.

Каб паказаць, хто гаспадар становішча, старшы лейтэнант Гураў выклікаў узброеную падмогу — прыехалі машынай ягоныя падначаленыя і прывезьлі аўтаматы.

У судзе далі паказаньні многія сьведкі зь вёскі Мілашавічы, якіх нецьвярозыя памежнікі з аўтаматамі хацелі прымусіць падпарадкоўвацца і паважаць іх.

Пакараныя памежнікі маюць права абскардзіць вырак у вышэйшай судовай інстанцыі.
XS
SM
MD
LG