Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вялікі перапалох у Мілашавічах


Мілашавічы
Мілашавічы
Ціхая палеская вёска Мілашавічы, што ў Лельчыцкім раёне, да апошняга часу ня ведала вялікіх узрушэньняў. Людзі займаюцца памалу уласнай гаспадаркай, улетку — зьбіраюць лісічкі, баравікі й чарніцы, увосень — журавіны. З таго й жывуць.

У сярэдзіне мінулага лістапада вёска перажыла вялікі перапалох. Нецьвярозыя памежнікі з аўтаматамі, якія ахоўваюць беларуска-ўкраінскую мяжу, ледзь не пастралялі тут маладых вяскоўцаў. Пра гэта паведамлялі ўжо некаторыя незалежныя інтэрнэт-рэсурсы.

Яўна нецьвярозыя памежнікі — начальнік першай мабільнай заставы аддзелу памежнай службы «Прудок» старшы лейтэнант Гураў і яго падначалены, старшы сяржант Рамановіч — у суботні лістападаўскі вечар зайшлі ў мясцовую бутэрбродную «У самавара». Відаць, вырашылі дабавіць. Была, наколькі вядома, нагода: у сям’і сяржанта нарадзіўся сын.

Супрацоўніца бутэрброднай згадвае:

«Прыехалі каля восьмай гадзіны вечара. Там за столікам сядзелі дзьве дзяўчынкі. Яны падселі да іх, сталі размаўляць. Потым прыйшлі мясцовыя — Дзіма, Міша, настаўнік Сяргей. Настаўнік прыйшоў, паглядзеў туды на іх, бо гэта ж школьніцы сядзяць. Памежнікам гэта не спадабалася, і яны пачалі разборкі. Яны нападпітку былі».

Мясцовыя хлопцы, у іх ліку й малады настаўнік, які родам таксама зь Мілашавічаў, пацікавіліся, што памежнікам не падабаецца — бо, на іх думку, дарослым мужчынам падсаджвацца да непаўналетніх школьніц са сьпіртовымі напоямі зусім ня варта.

Начальніку заставы позірк настаўніка й цікаўнасьць тутэйшых хлопцаў не спадабаліся. Што было далей, апавядае працаўніца бутэрброднай:

«Яны ўжо пачалі: „Зараз мы выклічам сваіх службоўцаў — і тады паглядзім“. Яны пілі піва, а потым, калі пачалі тэлефанаваць, узялі каньяк. Празь некаторы час яны патэлефанавалі сваім памежнікам, намесьніку патэлефанаваў Гураў: „Прыяжджай сюды, мы ў Мілашавічах, у бутэрброднай“. І тыя прыехалі са зброяй — з аўтаматамі».

Жыхар Мілашавічаў, 24-гадовы Дзьмітры, быў у той час у бутэрброднай:
Памежнікі былі крыху „ва ўдары“. Не спадабаліся нашыя позіркі касыя — так яны нам сказалі. Патэлефанавалі, пачакалі — і прыехалі іхнія хлопцы з аўтаматамі

«Зачапілася неяк на роўным месцы. Кшталту: „Чаго глядзіш? Праблемы?“ Карацей, панты п’яныя. Памежнікі былі крыху „ва ўдары“. Не спадабаліся нашыя позіркі касыя — так яны нам сказалі. Патэлефанавалі, пачакалі — і прыехалі іхнія хлопцы з аўтаматамі. Мы на той час ужо на вуліцу выйшлі. Там ужо іхняя машына стаяла. Аўтаматы ім далі, гэтым п’яным памежнікам — Гураву і таму, што зь ім быў, Раманаву ці Рамановічу, неяк так».

Вакол «уазіка» памежнікаў сабралася нямала вяскоўцаў. Сёй-той з прысутных палічыў за лепшае наагул пакінуць небясьпечнае месца.

Гураў і Рамановіч, узброеныя аўтаматамі, заскочылі ў бутэрбродную, чым моцна напалохалі ўсіх, хто там яшчэ заставаўся.

Загадчыца бутэрброднай Надзея Саковіч, бачачы, што інцыдэнт набыў пагрозьлівы характар, патэлефанавала ў міліцыю:

«У ціхай мясцовасьці нашай гэта, канечне, страшна. Разумееце, гэта вёска. Тут кожны ведае адзін аднаго. Зайшлі — бачаць: сядзяць. Зьвярнулі ўвагу — хтосьці сядзіць. Ім не спадабалася, што на іх паглядзелі. Памежнікі хацелі паказаць, што яны — улада, што яны ўсё могуць. Я так разумею, што страляць яны, можа, і ня думалі — хацелі напалохаць. А потым уцямілі і, відаць, хацелі справакаваць бойку, каб на іх нібыта напалі, а яны — абараняліся. Але нашыя мясцовыя на гэта не павяліся».

Да страляніны не дайшло. Жарсьці астудзіў прыезд міліцыі.
Ён прыйшоў і сказаў, што калі будуць мяне пытацца, каб нічога не казала. Я яму ў адказ: „Пайшоў прэч!..»

Раённы аддзел Сьледчага камітэту распачаў крымінальную справу ў дачыненьні да старшага лейтэнанта Гурава і старшага сяржанта Рамановіча па прыкметах хуліганства з пагрозай прымяненьня зброі. Аднак зь Лельчыц крымінальную справу неўзабаве забралі ў Гомель, а пасьля і наагул у цэнтральны апарат Сьледчага камітэту ў Менску.

Афіцыйных паведамленьняў пра вынікі дасьледаваньня інцыдэнту ў памежнай вёсцы Мілашавічы не было.

Невядома таксама, якія высновы зробленыя ў дачыненьні да намесьніка Гурава, які па тэлефонным выкліку прывёз у вёску аўтаматы і перадаў п’янаму начальніку заставы.

Загадчыца бутэрброднай спадарыня Надзея кажа, што намесьнік Гурава прасіў яе нічога нікому не распавядаць пра інцыдэнт:

«Ён прыйшоў і сказаў, што калі будуць мяне пытацца, каб нічога не казала. Я яму ў адказ: „Пайшоў прэч. Пра што ты думаў, калі ехаў сюды і вёз зброю? Каб нас страляць тут? І ты прыйшоў цяпер і прапануеш, каб я нічога ня бачыла? Усё, пра што мяне спытаюць, скажу“».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG