Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Магілёве пераймянуюць Савецкую плошчу


Пакуль шчэ Савецкая плошча ў Магілёве

Пакуль шчэ Савецкая плошча ў Магілёве

Савецкую плошчу ў Магілёве зьбіраюцца пераназваць. Старшыня Магілёўскага гарвыканкаму Ўладзімер Цумараў заяўляе, што найстарэйшы ў горадзе пляц стане плошчай Славы.

Кіраўнік гарадзкой вэртыкалі абяцае, што пра перанайменаваньне плошчы абвясьцяць на ўрачыстасьцях, прымеркаваных да Дня Рэспублікі — 3 ліпеня.

Цумараў запэўнівае, што неабходныя працэдуры, зьвязаныя зь перайменаваньнем плошчы, будуць разьвязаныя апэратыўна. Калі гарсавет пагодзіцца з ініцыятывай гарвыканкаму, то дэпутаты яе зацьвердзяць.

«Перайменаваць Савецкую плошчу ў плошчу Славы, якой яна павінна быць. Такая назва плошчы просіцца, — цытуюць заяву Цумарава афіцыйныя СМІ — Я думаю, што слушна будзе, калі будзем праводзіць мерапрыемствы на Савецкай плошчы 3 ліпеня, калі яна будзе ў дзяржаўных сьцягах, мы скажам афіцыйна, што з гэтага моманту Савецкая плошча называецца плошчай Славы».

Цэнтральнае месца на Савецкай плошчы займае мэмарыял «Барацьбітам за Савецкую ўладу». Узьвялі яго ў 1982 годзе. Савецкую назву мэмарыялу апошнім часам ня згадваюць.

Актыўныя жыхары Магілёва неаднойчы прапаноўвалі гарвыканкаму пераназваць плошчу, аднак супраць выступалі вэтэранскія арганізацыі. Яны настойвалі, што назва Савецкая плошча — устойлівы гарадзкі тапонім.

Замест Савецкай прапаноўвалася гістарычная назва — Гандлёвая. Шмат хто з магілёўцаў апошнія пяць гадоў называе плошчу Ратушнай. Па-над плошчай узвышаецца наноў адбудаваны будынак Ратушы.
Кіраўнік абласной арганізацыі партыі БНФ Зьміцер Салаўёў лічыць, што новая назва плошчы недарэчная:

«Няма там ніякай славы, — заўважае партыец, — там шмат помнікаў, якія зьвязаныя хутчэй з Свабодаю. Гэтая назва больш важная для грамадзтва. Але найлепшы варыянт — назваць яе Ратушнай».

Ратушная бліжэй і магілёўскаму гісторыку Аляксандру Агееву. «Назва не павінна быць штучнай. Ратуша стаіць — Ратушнай называецца. Што да Славы, то тут зашмат сэнсаў, якія не заўжды можна зразумець», — тлумачыць сваю пазыцыю гісторык.

Аляксандар Агееў адзначае, што ў розныя гістарычныя эпохі назву плошчы мянялі. Спачатку, заўважае гісторык, яна была Гандлёвай, бо тут гандлявалі. Потым стала Губэрнатарскай, бо ў Магілёве зьявіўся губэрнатар.

Паводле Аляксандра Агеева, плошча стала Савецкай пасьля Другой усясьветнай вайны: «У савецкі час да вайны яна, дарэчы, была плошчай Славы і Свабоды. Пра гэта мала хто цяпер згадвае».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG