Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацькі Міхаіла Жызьнеўскага наведалі месца гібелі сына


Бацькі забітага ў Кіеве беларуса Міхаіла Жызьнеўскага прыехалі ў Кіеў і наведалі месца, дзе загінуў іхні сын.

На Майдане Незалежнасьці да бацькоў Жызьнеўскага падыходзілі актывісты УНА-УНСО і простыя мінакі, які выказвалі спачуваньні, дарылі кветкі і дзякавалі за сына.

Маці Ніну Васільеўну вялі пад рукі. Пасьля сынавай сьмерці яна перанесла інфаркт. Цяжка дыхае, перадае Gazeta.ua.

«Крыўдна, што стралялі ў бяззбройных людзей. Бо ўсё можна было вырашыць мірным шляхам. Хлопцы, я хачу, каб вы перамаглі», — кажа маці забітага Міхаіла Жызьнеўскага, выціраючы насоўкай сьлёзы.

«Як можна было да такога давесьці краіну? Самі захапілі ўсе багацьці, а людзей пакінулі жабракамі. Цяпер спрабуюць дакрасьці з дапамогай агрэсараў з Расеі. Трымайцеся. Будзьце адзіныя. Такая краіна павінна жыць шчасьліва і годна. Ужо ёсьць пачатак», — кажа, ідучы да месца гібелі сына, ягоны бацька Міхаіл Пятровіч.

«Памятаю, як на хаўтурах Мішу несьлі. Усе праслаўлялі яго як беларуса, ніхто не абзываў крывым словам. Мы ж з Гомеля, амаль пешшу бегалі ва Ўкраіну. Мы таксама жывем у беднасьці», — узгадвае бацька.

Месца, дзе забілі Міхаіла, майданаўцы выклалі цэглай. Пасярэдзіне паставілі вялікі партрэт.

Ніна Васільеўна кладзе кветкі. Плача: «Сыночак, чаму ты загінуў!» Яе падтрымлівае муж. Запальваюць дзьве лямпадкі. Бацька просіць ушанаваць сына хвілінай маўчаньня.

«Дзякуй за Мішу. Ваш сын — герой. Суцяшайце сябе гэтым», — зьвяртаецца да маці яе зямлячка Галіна. Працягвае ёй букет ружаў. Некалькі гадоў таму Галіна зь сям’ёй пераехала зь беларускага Гомеля ва Ўкраіну.

«Хіба мне патрэбны герой? Мне патрэбны мой Міша, жывы. Я ўжо нічога не хачу, каб усьлед за ім», — кажа, выціраючы вочы, Ніна Жызьнеўская.

Міхаіла Жызьнеўскага забілі раніцай 22 студзеня каля кіеўскага стадыёна «Дынама». Ён лічыўся адным з самых актыўных удзельнікаў Эўрамайдану. Яго адпелі ў Міхайлаўскім манастыры 26 студзеня. У той дзень нябожчыку споўнілася б 26 гадоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG