Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд папярэдзіў маладафронтаўцаў за акцыю памяці ахвяраў Эўрамайдану


Натальля Крывашэй

Натальля Крывашэй

Суд Цэнтральнага раёну Гомелю 17 красавіка папярэдзіў мясцовых маладафронтаўцаў Андруся Цянюту, Натальлю Крывашэй і Станіслава Булу. 22 лютага яны зладзілі акцыю памялі ахвяраў кіеўскага Эўрамайдану.

Міліцыя вінаваціла актывістаў «Маладога фронту» й «Нашай альтэрнатывы» ў парушэньні арганізацыі й правядзеньня масавага мерапрыемства.

Судзьдзя Віктар Казачок прызнаў усіх траіх актывістаў вінаватымі ў парушэньні парадку арганізацыі і правядзеньня масавага мерапрыемства, але ўпершыню за многія гады судовай практыкі вынес ня штраф, ня арышт, а толькі папярэджаньне. Усім траім.

У судзе Андрусь Цянюта і Натальля Крывашэй хадайнічалі, каб адміністрацыйная справа наагул была спынена. Бо ніякага пікету, як напісана ў адміністрацыйных пратаколах, яны ня ладзілі. Апрача таго, міліцыянты двойчы дапрацоўвалі пратаколы.

Цянюта й Крывашэй паказалі суду копіі першапачатковых пратаколаў — яны адрозьніваюцца ад тых, якія цяпер знаходзяцца ў адміністрацыйнай справе.

Аднак судзьдзя Віктар Казачок, які разглядаў справу, адхіліў хадайніцтва на той падставе, што разглядаюцца пратаколы, складзеныя ня ў лютым, па гарачых сьлядах, а ў красавіку, пасьля дапрацовак.

Вінаватымі ў парушэньні арганізацыі й правядзеньня масавага мерапрыемства ні Цянюта, ні Крывашэй сябе не прызналі.

«Я вінаватым сябе не лічу, бо мы ўсяго толькі выявілі салідарнасьць з украінскім народам, з падзеямі на Майдане і тымі людзьмі, якія загінулі ва Ўкраіне. Я не абыякавы да гэтай тэмы, бо ў мяне ёсьць украінскія карані. Украіна для мяне — другая радзіма. Нават зь юрыдычнага гледзішча тыя дзеяньні, якія нам „шыюць“ па справе, не трапляюць пад артыкул КаАП. З такім жа посьпехам можна судзіць людзей, якія прыходзяць на могілкі да сваіх роных, якія пакідаюць кветкі на месцах дарожных зрарэньняў», — заявў Цянюта. Андрусь Цянюта

Андрусь Цянюта


Натальля Крывашэй прыгадала ў судзе, што прыходзіла ўскладаць кветкі па загінулых пальля выбуху ў менскім мэтро, а таксама па ахвярах тэракту ў расейскім Валгаградзе.

«Беларусы заўсёды былі вельмі эмацыйнымі і жаласьлівымі людзьмі. Мы заўсёды смуткуем, калі здарюцца нейкія падзеі і гінуць людзі. Бо чалавечае жыцьцё — самае галоўнае, што ёсьць на сьвеце. І калі людзі паміраюць, якая розьніца, як — пры тэракце, калі зьбівае аўтамабіль чалавека альбо так, як адбылося ва Ўкраіне, калі людзі прыйшлі адстойваць свае правы, а іх проста ўзялі й расстралялі. І не смуткаваць у гэтым выпадку нельга. Мы прыйшлі проста паказаць, што мы неабыякавыя. Нам таксама сумна, і мы плачам разам з Украінай», — кажа Крывашэй.

Булу выклікалі ў суд СМСкай


На судзе мусіў быць і трэці фігурант — Станіслаў Була, але на суд ён не прыйшоў. Пратакол разглядалі безь ягонага ўдзелу — завочна.

Була праз тэлефон патлумачыў: «Я не атрымліваў ніякай позвы на гэты суд. Прыйшло толькі СМС-паведамленьне за подпісам нейкай Яны, нібыта судовай сакратаркі. Улады перасьледуюць нас за акцыю салідарнасьці з Майданам, а менавіта за ўшанаваньне памяці загінулых. І гэткім чынам улады хочуць зрабіць з нас манкуртаў, каб мы не былі грамадзянамі сваёй краіны. І каб ніяк не рэагавалі на падзеі ва Ўкраіне».

Станіслаў да нядаўняга часу быў студэнтам Гомельскага ўнівэрсытэту імя Францішка Скарыны. Вывучаў расейскую мову й літаратуру. У сакавіку, калі ён адбываў 11-суткавы арышт за акцыю пратэсту каля пасольства Расеі ў Менску, яго адлічылі з унівэрсытэту за няздадзеную сэсію.
22 лютага гомельскія малададафронтаўцы прыйшлі да знака «Нулявы кілямэтар» у цэнтры Гомелю, паклалі каля яго ўкраінскі сьцяжок, кветкі й сьпісы зь імёнамі загінулых украіцаў, сярод якіх значыцца і беларус Міхаіл Жызьнеўскі. Калі маладыя людзі сталі запальваць сьвечкі, іх узялі ў аблогу міліцыянты. Усіх адвезьлі ў пастарунак, дзе й склалі адміністрацыйныя пратаколы на парушэньне арганізацыі й правядзеньня масавага мерапрыемства.

Наступным будуць судзіць Кастуся Жукоўскага


На «Нулявым кілямэтры» ў Гомелі быў яшчэ і актывіст кааліцыі «Наша альтэрнатыва» Кастусь Жукоўскі. На ўшанаваньні памяці ахвяраў Эўрамайдану ён фатаграфаваў маладзёнаў, і яго таксама даставілі ў міліцыю. Cупрацоўнік Цэнтральнага райаддзелу міліцыі Бельскі ў дачыненьні да Жукоўскага падпісаў пастанову на перасьлед па крымінальным артыкуле 364 — пагроза прымяненьня гвалту да супрацоўніка міліцыі.

І «пагроза» гэтая палягала ў тым, што Жукоўскі сказаў міліцыянтам: трэба папярэдзіць грамадзкасьць Украіны, каб адпаведныя органы забаранілі ўезд на сваю тэрыторыю ўсім гомельскім міліцыянтам, якія перашкодзілі ўшанаваць памяць ахвяраў Эўрамайдану.

Справа супраць Жукоўскага яшчэ не завершана — усё яшчэ апытваюць сьведкаў, у тым ліку й з асяродку актывістаў.
XS
SM
MD
LG