Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэма, згадзіцеся, вечная — адзіныя беларусы ці разьяднаныя, дабудавана нацыя ці недабудавана, лічаць беларусы сваю дзяржаву каштоўнасьцю ці недарэчнасьцю, якую гатовыя аддаць магутнаму суседу.

Пытаньне важнае само па сабе, але надзвычай актуальным яно робіцца ў сьвятле падзеяў у суседняй Украіне.

Адказы — адзіныя, дабудаваная, лічаць каштоўнасьцю — не азначаюць, што краіна цалкам няўразьлівая да прамога ці ўскоснага зьнешняга ўмяшаньня. Але вось што казаў на пачатку траўня выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Ўкраіны Аляксандар Турчынаў: «Задачы перад расейскімі спэцслужбамі ставілі па дэстабілізацыі сытуацыі ў многіх рэгіёнах — і на поўдні, і на ўсходзе, і ў цэнтры. У той жа час, рэальныя вынікі яны атрымалі менавіта на ўсходзе Украіны — у Данецкай, Луганскай абласьцях».

Так што зьнешні ўплыў мае значэньне, але хіба ня большае за аб’ект, на які гэты ўплыў скіраваны. Дзе спрыяльная для ўплыву глеба ёсьць — там атрымліваецца, дзе няма ці мала — там ня надта.

Дык а якая яна ў Беларусі? Як вымераць ступень нацыянальнага адзінства? Ну ёсьць самы відавочны крытэр — адзіная мова і культура. З гэтым у Беларусі, як вядома, ня надта. Але прыгаданы крытэр — ускосны. Базавы, першасны — усьведамленьне людзьмі свайго адзінства, таго, што, скажам, для селяніна з Магілёўшчыны, што жыве на мяжы з Расеяй, гарадзенскі інтэлектуал — гэта «мы», а расейскі вясковец празь мяжу, можа нават і родзіч — гэта ўсё ж «яны», нават пры добрым і прыязным стаўленьні.

Зразумела, калі ёсьць агульная мова, то гэта важны чыньнік існаваньня і падтрыманьня гэтага «мы», мы — тыя, хто гаворыць на адной мове (а «яны» — на іншай). Але калі гэтага чыньніку няма, то гэта не азначае, што і «мы» няма.

Пра тое, што гэтае беларускае «мы» існуе, сьведчыць шэраг фактаў, якія, што важна, тычацца масавых паводзінаў. Яны, дарэчы, зьяўляюцца больш дакладным паказьнікам наяўнасьці ці адсутнасьці «мы», чым паводзіны «прасунутых» асяродкаў.

Вось, напрыклад, міграцыя. Калі разваліўся СССР, усе былыя рэспублікі Саюзу мелі з Расеяй адмоўнае міграцыйнае сальда — зь іх больш ехала ў Расею, чым з Расеі — да іх. Адзіным выключэньнем была Беларусь. На працягу ўсіх 90-х. І ехалі на бацькаўшчыну пераважна беларусы.

Можна прапанаваць мільён тлумачэньняў: «Вандэя перабудовы», «савок», спакайнейшае жыцьцё. Але ня варта скідаць і з рахункаў тое, што на паверхні: для беларусаў іх Беларусь — магніт, які прыцягвае, і магнітнае поле якога ўтрымлівае іх разам.

Ці, скажам, размовы пачатку 90-х пра яцьвяскую аўтаномію. Зараз тая ініцыятыва здаецца несур’ёзнай. Але варта прыгадаць, што, напрыклад, прыднястроўскі ці абхаскі сэпаратызмы пачыналіся таксама з бяскрыўдных культуралягічных штудыяў інтэлектуалаў. У што ператварыліся — вядома. Яцьвяскі гіпатэтычны аўтанамізм ператварыўся ў круглы нуль. І гэта не было прыроднай зьявай. Памятаю, як у 1992 годзе вывучаў стаўленьне да гэтага пачынаньня палітыкаў. І быў уражаны абсалютна кансалідаваным «не» ўсіх — ад камуністаў да БНФ. Па розных матывах, але з адзіным вынікам.

Ня менш цікавай зьявай падаецца тое, чаго ў Беларусі няма і ніколі не было. Напрыклад, ніколі, пачынаючы з 1991 году, на палітычных дэманстрацыях не ўжываліся расейскія сьцягі, як сымбаль іншай дзяржаўнай ляяльнасьці. Ва Ўкраіне расейскія трыкалёры ў Крыме і Данбасе зьявіліся зусім ня зараз. Бывала такое раней, і часта, і менавіта там.

Зь іншага боку, меркаваньні пра тое, што Крым і Данбас зь іх вельмі своеасаблівымі палітычнымі густамі, можа і варта было б скінуць з плячэй Украіны, каб не перашкаджалі яе руху ў Эўропу, былі там не мэйнстрымам, але і не зусім маргінальнымі. Меркаваньні аднаго з украінскіх «уладальнікаў думак» Юрыя Андруховіча, выказаныя за чатыры гады да Эўрамайдану (!), ў гэтым сэнсе даволі паказальныя.

А ў Беларусі? Думкі пра тое, каб нейкай «истинно русской» часткай Беларусі вярнуцца да «матухны-Расеі», як і думкі пра тое, што Расеі варта аддаць нейкі «культурна-чужы», «рэакцыйны» рэгіён і бяз гэтага цяжару рушыць у эўрапейскую будучыню, ня тое, што нехта забараняў, і ня тое, што нехта выказваў, а большасьць не згаджалася. Гэта проста нікому не прыходзіла ў галаву.

Людзям, што жывуць у беларускім кантэксьце, гэта здаецца натуральным і ніякай не перавагай: ну каму такая лухта ў галаву прыйдзе? Але ва Ўкраіне яна прыходзіць у галаву зусім ня дурням ці не адно ім.

Прычым, усе пералічаныя зьявы — гэта, па-першае, як было сказана, пра масавыя паводзіны, а па-другое, пра тое, што было і пры Лукашэнку, і да яго. Міграцыйная сальда на карысьць Беларусі было станоўчым якраз на пачатку 90-х, «Полісьсе» раскаталі ў нуль прыкладна тады ж. Так што справа не ў Лукашэнку, ці не адно ў ім, а ў беларусах.

Цікавае пацьверджаньне сказанаму — словы зь інтэрвію Свабодзе рускага нацыяналіста Аляксандра Поткіна пра Беларусь, як пра «ўнітарную монадзяржаву». Магчыма, самі беларусы гэтай сваёй аднароднасьці і «счэпленасьці» і не заўважаюць, але яна відавочная чалавеку звонку, які практычна спрабаваў яе разбурыць.

Убачыць беларускую еднасьць складана яшчэ і таму, што беларусы страшна ня любяць патасу, яны не становяцца ў позу помніка і ня думаюць, як бы ім нешта зрабіць па-беларуску і прадэманстраваць сваё адзінства. Яно зусім ня ў патасе і ня ў клятвах вернасьці праяўляецца, а ў выніку, накшталт фактаў, якія я пералічыў. Ды і замежнікам бачна.

Нехта можа паглядзець на тое з пыхай, маўляў, ну гэта ж тутэйшасьць, хіба гэта нацыянальнае? Калі нацыя — гэта кшталту мэдаля «За адвагу на пажары», калі гэта нейкі канон, якому трэба адпавядаць, каб заслужыць гэтае годнае званьне, то можа і не. Але ад пачатку тое паняцьце ўзьнікла зусім ня як нейкі ідэал. Напрыканцы XVIII стагодзьдзя сталі зьяўляцца грамадзтвы — амэрыканскае, францускае, «складзеныя», арганізаваныя істотна інакш, чым усе, што былі раней. Жыхароў краін стала лучыць ляяльнасьць не манарху, а нечаму іншаму.
Усе спазнаецца ў параўнаньні. Украіне ў Данбасе зараз вельмі не зашкодзіла б хаця б беларуская «тутэйшасьць».
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG