Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

РНЕ зьбірае батальён, каб ваяваць ва Ўкраіне «супраць БНФаўцаў»


Беларускае аддзяленьне РНЕ (Русского национального единства), адной з найстарэйшых расейскіх нацыяналістычных арганізацый, заклікае мужчын, якім больш за 23 гады і якія прайшлі службу ў войску, уступаць у добраахвотныя атрады «Праваслаўнай арміі Данбасу».

Заклік разьмешчаны на афіцыйным сайце РНЕ і ў групе «Вконтакте». Зьвяртацца прапануюць да 24-гадовага гарадзенца Аляксандра Каравятнікава. Сам Каравятнікаў на спробы зьвязацца зь ім Вконтакте не адгукаецца.

Суполка заяўляе, што яна — аддзяленьне расейскай арганізацыі і цалкам падпарадкоўваецца яе лідэру Аляксандру Баркашову. У суполцы Беларускага атрада добраахвотнікаў «Вконтакте» — 382 чалавекі.

Каму і навошта трэба выцягваць зь нябыту радыкальную арганізацыю, якая ўжо другое дзесяцігодзьдзе не паказвала ніякай актыўнасьці ў Беларусі?

«Цеснае супрацоўніцтва беларускага РНЕ і КДБ у 90-я — гэта даказаны факт», — заявіў Радыё Свабода расейскі палітык-нацыяналіст, арганізатар «Рускіх маршаў» Аляксандар Бялоў (Поткін). Такія ж зьвесткі раней падавалі Радыё Свабода і іншыя крыніцы.

«Ня думаю, што гэта будзе маштабная акцыя, але сотню чалавек яны могуць сабраць, чаму не?» — кажа Бялоў.

«Мы ўжо гадоў дзесяць нічога ня чулі пра РНЕ, — пацьвярджае Радыё Свабода лідэр БНФ Аляксей Янукевіч. — Гэта Крамлю трэба мабілізаваць прарасейскую „пятую калёну“ ў Беларусі. Іхныя тэхнолягі яшчэ з канца 80-х менавіта на БНФ навешвалі ярлыкі русафобаў. І зараз не прыдумалі нічога лепшага, каб пра гэта згадаць».

КДБ і РНЕ ў 90-я дзейнічалі заадно


Аляксандар Бялоў, які прыйшоў у радыкальную «Памяць» яшчэ 14-гадовым хлопцам пры канцы 80-х і ўсё жыцьцё зьвязаны з нацыяналістычнымі арганізацыямі, кажа: «Былі чуткі, што праз КДБ дзейнасьці РНЕ ў Беларусі спрыяе сам Аляксандар Лукашэнка».

Спэцслужбы і міліцыя сапраўды прыцягвалі РНЕшнікаў для разборак з апазыцыянэрамі і іншымі нефармальнымі аб’яднаньнямі, якія былі ім не даспадобы.

Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

Янукевіч згадвае, што ў 90-я паміж РНЕ і «Маладым фронтам» былі частыя канфлікты. «Па чацьвяргах на ўправе рэгулярна адбываліся паседжаньні МФ. РНЕ па панядзелках зьбіралася каля філярмоніі, і некалькі разоў туды „Малады фронт“ хадзіў. Боек не было, але напружаныя, канфліктныя сытуацыі былі. Міліцыя прыяжджала. Была адна сутычка ў пешаходным пераходзе на плошчы Перамогі. Быў выпадак, калі яны пабілі Саньнікава з Бандарэнкам. Але гэта ўсё 1999 год. Вельмі даўно».

У лютым 1999 году РНЕшнікі зьбілі Андрэя Саньнікава, Зьмітра Бандарэнку і Алега Бябеніна. Кіраваў нападам на палітыкаў лідэр арганізацыі Глеб Самойлаў.

Аднак пасьля таго як 5 жніўня 2000 году ў сваім пад’езьдзе Самойлаў быў таямніча забіты, РНЕшнікі рэдка давалі знаць пра сябе. Былы сьледчы пракуратуры, а цяпер палітуцякач Дзьмітры Петрушкевіч, які ў пэўны час расьсьледаваў справу аб забойстве Самойлава, распавядаў Радыё Свабода, што той меў сувязі з ФСБ.

«А ў тыя часы гэта было страшней за любы КДБ ці СОБР», — кажа Петрушкевіч.

Яшчэ адзін зь лідэраў РНЕ Валер Ігнатовіч ужо ў 2003-м быў асуджаны на пажыцьцёвае зьняволеньне па справе аб забойстве тэлеапэратара Зьмітра Завадзкага і, магчыма, адбывае пакараньне ў жодзінскай турме. Тады прэса шмат пісала, што былы спэцназавец Ігнатовіч быў чальцом лукашэнкаўскіх «эскадронаў сьмерці», пры ўдзеле якіх зьніклі Віктар Ганчар, Аляксей Красоўскі, Юры Захаранка і Зьміцер Завадзкі.

Год таму прымусіў згадаць пра сябе намесьнік Самойлава Сяргей Кароткіх па мянушцы Малюта. Паплечнік адыёзнага расейскага нацыяналіста Максіма Марцінкевіча (Цесака) дзіўным чынам пазьбягае пакараньня як у Беларусі, так і ў Расеі, хоць ня раз прыцягваўся па розных крымінальных справах. Паводле былога сьледчага пракуратуры Дзьмітрыя Петрушкевіча, Малюту яшчэ з часоў ягонай актыўнасьці ў РНЕ «крышуе» КДБ.

Лукашэнку больш не патрэбныя расейскія нацыяналісты ў Беларусі

Аляксандар Бялоў-Поткін

Аляксандар Бялоў-Поткін

«Як такое РНЕ сябе ніяк не праяўляла на тэрыторыі Беларусі апошнія дзесяць гадоў, — распавядае Аляксандар Бялоў. — Але калі няма арганізацыі і няма дзейнасьці, гэта ня значыць, што няма поглядаў і няма людзей».

Аляксандар Бялоў ў Расеі ўзначальваў «Рух супраць нелегальнай міграцыі», а пасьля — аб’яднаньне «Рускія». Ён апісвае, што ў Беларусі расейскія нацыяналістычныя арганізацыі адчуваюць жорсткі ціск. Групоўкам, і без таго малалікім, улады проста не даюць разгарнуцца.

«У вас агулам больш жорстка, чым у Расеі. Усе спробы правядзеньня „Рускіх маршаў“ заўжды былі нелегальнымі. Хоць ёсьць вялікая колькасьць маладых нацыяналістаў, напрыклад, у Магілёве.

На корані душыліся спробы стварэньня „Руху супраць нелегальнай міграцыі“. Нікога не садзілі, але і дзейнічаць не давалі. Дый сацыяльная база ў Беларусі досыць слабая. Калі паглядзець, то Беларусь — фактычна ўнітарная монадзяржава. Там няма мігрантаў. Спробу завезьці кітайцаў адклалі на няпэўны тэрмін. Як такога асяродзьдзя для разьвіцьця нацыяналізму — расейскага ці антызаходняга — у вас няма».

Бялоў распавядае, што летась прыехаў у Беларусь са сваімі паплечнікамі на запрашэньне мясцовых.

«Мая апошняя паездка з групай расейскіх нацыяналістаў у Беларусь на возера Глыбокае ў аднайменны населены пункт суправаджалася пільным назіраньнем з боку спэцслужбаў. І скончылася тым, што былі вялікія праблемы ў тых людзей, якія нас прымалі. Недвухсэнсоўна далі зразумець, што гэтага рабіць нельга. Прыехалі супрацоўнікі, сталі правяраць падставы нашага разьмяшчэньня ў гатэлях, хто запрасіў і так далей. Псыхалягічна гэта цяжка, людзі баяцца зьвязвацца».

Па словах Бялова, зусім іншая сытуацыя была ва Ўкраіне.
Ва Ўкраіне сытуацыя была найбольш свабодная і пры Юшчанку і пры Януковічу


«Ва Ўкраіне сытуацыя была найбольш свабодная і пры Юшчанку і пры Януковічу. Я, вядома, вельмі шкадую аб тым, што цяпер там адбываецца, бо і я, і мае паплечнікі пачуваліся там максымальна свабодна. Там не было аніякіх рэпрэсіяў.

Іншая справа, што самі рускія арганізацыі з розных прычынаў не маглі стварыць адзіную сілу. Чаму? Таму што, па-першае, Януковіч карыстаўся прарасейскай рыторыкай і адцягваў на сябе патэнцыйных спонсараў. А радыкальныя нацыяналісты, у якіх было шмат дробных арганізацый, яны насамрэч вельмі цесна кантактавалі з украінскімі нацыяналістычнымі арганізацыямі, у тым ліку — з „Патрыётам Украіны“ і месцамі нават з партыяй „Свабода“. Рэальна рускія нацыяналісты толькі ў Крыме і Луганску трымаліся больш-менш асобна. А ў Кіеве і Харкаве большасьць этнічна рускіх кантактавала і супрацоўнічала з украінскімі нацыяналістычнымі арганізацыямі.

Таму той водападзел, які зараз ідзе, — ён не этнічны, а паліт-ідэалягічны. Гэта важна разумець. Гэта падзел паміж людзьмі, якія б хацелі жыць пад мітам узнаўленьня СССР, абароны Леніна, падтрымкі Пуціна, вялікай імпэрыі і так далей, і тымі, хто гэтага ня хоча.

Бо насамрэч сярод удзельнікаў „Правага сэктару“, прамайданаўскіх групаў на ўсходняй Украіне, вялізная колькасьць этнічных расейцаў — ня менш за 30 працэнтаў, што ў цэлым адпавядае агульнай долі расейцаў ва Ўкраіне».

РНЕ падабралі ворагаў зь ліхіх 90-х


На сайце РНЕ інфармацыі вельмі мала. Паводле паведамленьня з 2012 году, яны дзейнічаюць сама меней у чатырох абласьцях Беларусі. Суполкі РНЕ ёсьць у Менску, Полацку, Гародні і ў Мар’інай горцы.
Славамір Адамоівіч

Славамір Адамоівіч

Славамір Адамовіч, які ў 90-я ўзначальваў нацыяналістычную арганізацыю «Правы рэванш», лічыць інфармацыю пра актывізацыю РНЕ ў Беларусі «ўкідам».

«Гэта элемэнт інфармацыйнай вайны, якую вядзе Расея супраць Украіны. Магчыма, ёсьць нейкія рэальныя рухі і асобы. Яны будуць спрабаваць нейкую актыўную частку нашай моладзі, якая прагне дзеяньняў, залучыць на свой бок. Усё гэта робіцца пад абсалютным кантролем Крамля. Ніякай самастойнасьці гэтыя арганізацыі ў Беларусі ня маюць».

«Нам бы больш цікавіцца ўласна беларускім жыцьцём патрыётаў і нацыяналістаў, — раіць Адамовіч. — Пішучы пра гэтыя расейскія арганізацыі, мы ім даем нейкую рэкляму».

«Ніхто зь сябраў БНФ не ваюе ва Ўкраіне, — запэўнівае лідэр партыі Аляксей Янукевіч. — Ні на чыім баку».

Ці рэальны заклік, разьмешчаны ў сеціве ад імя РНЕ, ці гэта правакацыя спэцслужбаў, але лідэр і заснавальнік РНЕ Аляксандар Баркашоў цяпер ва ўсходняй Украіне і рэгулярна паведамляе пра свае «подзьвігі» праз суполку «Вконтакте».

«Ёсьць рэальнасьць, а ёсьць міты, — кажа расейскі нацыяналіст Аляксандар Бялоў. — Людзі жывуць мітамі. І ў Расеі цяпер ствараецца міт, што ва Ўкраіне ідзе нацыянальна-вызвольная барацьба расейскага этнасу супраць украінізацыі і вэстэрнізацыі. Таму, вядома, шмат якія расейскія нацыяналісты прымкнуць да сілавых падразьдзяленьняў на ўсходзе Ўкраіны, прыедуць і зь Беларусі, і з Расеі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG