Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ратуйце нашы душы»: Ян ХХІІІ, Мао Цзэдун, маршал Джума


Рамэн Гары

Рамэн Гары

Ян ХХІІІ толькі што абвешчаны сьвятым. З гэтага чалавека пачынаецца раман «Ратуйце нашы душы» аўтарства Рамэна Гары. Папа Ян ХХІІІ, як звычайна, бласлаўляў вернікаў і натоўп турыстаў на ватыканскім пляцы. Але не пасьпеў ён накласьці з адлегласьці правай рукою крыж на сьціжму, як на бруку ўзьнікла замяшаньне. Нейкі чалавек спрабаваў прабіцца скрозь людзей наперад. Тры стрэлы аховы, чалавек упаў. Забойства на вачах пантыфіка моцна ўразіла яго.

Ахвярай аказаўся прафэсар Голдэн-Мэер з Калеж дэ Франс, у руках ён трымаў скураную папку з дакумэнтамі, якія хацеў перадаць кіраўніку каталіцкага касьцёлу. У папцы, якая нібы пульсавала, былі дзіўныя мячык для пін-понгу і запальнічка, у іх нібы была схаваная бязьмежная энэргія... У сьвеце энэргетычны крызыс, многія краіны занятыя пошукам новых яе крыніцаў... Чалавек мае ў сабе моц душы, калі ён памірае, яна проста зьнікае. Вучоныя знайшлі спосаб, каб улавіць яе і акумуляваць: вось вам бестэрміновая батарэйка, лямпа альбо матор аўтамабіля, карыстайцеся!

А што ў Ватыкане? Папа зьнянацку памірае, паперы забітага прафэсара вывучае тэалягічная камісія на чале з кардыналам Мантыні. Царкоўнікі аднадушныя: рука чалавека не павінна красьці і выкарыстоўваць у сваіх мэтах тое, што належыць Стваральніку ўсяго жывога! Адзінкай вымярэньня новага элемэнту вучоныя цынічна называюць, залежна ад краіны, «адзін чалавека-дух», «адну душу», «адзін гулаг» і нават «адзін маркс» і «адзін хрыстос». Блюзьнерства! З другога боку, кардыналаў могуць уцягваць у правакацыю: калі забараніць у заходнім сьвеце выкарыстоўваць новую энэргію, камуністы ўсё роўна не паслухаюцца і хутка апярэдзяць!

Існавалі, аднак, дзьве праблемы: стварыць прыладу, якая будзе мець вялікі абсяг дзеяньня (цяперашняя можа прымаць духоўную энэргію толькі ў радыюсе сямідзесяці пяці мэтраў) і паспрабаваць зьменшыць адмоўны ўплыў новай энэргіі на псыхіку. А яна выклікала пачуцьцё трывожнасьці, была пагроза дэпрэсіі і галюцынацый. Тым жа часам гэта была крыніца практычна неабмежаванай энэргіі, якая была экалягічнай і з амаль нулявым сабекоштам! Яе называюць умоўна «перадавым палівам».

А што стала з гаджэтамі з чалавечай энэргіяй, якія трапілі ў Ватыкан? Сьвятары загадалі адкапаць магілу і пахавалі мячык і запальнічку на рымскіх могілках Фідзолі. Але працэс пайшоў: спадарожнікі ЗША і СССР знаходзілі ўсё новыя сакрэтныя аб’екты, дзе працавалі з энэргіяй памерлых. У саміх Саветах падлічылі, што пасьмяротная выніковасьць толькі аднаго Гулагу адпавядае лічбе пяцьсот мільёнаў кіляватаў за гадзіну.

Адзін з самых удачлівых сярод вучоных француз Марк Мацье. Яго паводзіны эксцэнтрычныя: свае вынікі ён не шкадуе даваць амэрыканцам, Саветам і кітайцам. Апошнія пачалі будаваць аграмадны калектар энэргіі ў Фуцзіне, гэта вельмі непакоіць ЦРУ, каханцы Марка Мэй не падабаюцца яго досьледы і яна добраахвотна робіць мікрафільмы для сваіх землякоў-амэрыканцаў.

А тым часам ужо лядашчы Мао Цзэдун занепакоены бадзёрымі рапартамі сваіх генэралаў аб выдатнай працы «ўлавіцеля душ». Ён хоча паслаць з праверкай самага маладога зь іх — Пэй Сю, які настроены асьцярожна, лічыць, што ня варта сьпяшацца: новую крыніцу энэргіі пакуль ня выйшла зрабіць цалкам кіруемай, сярод насельніцтва адзначаныя выпадкі масавай гістэрыі. З правінцыі паведамляюць пра выпадкі, калі цэлыя сем’і робяць паломніцтва да новых акумулятараў энэргіі, робяць ім сьціплыя паднашэньні — рыс і кветкі. Энэргетычная махіна робіцца аб’ектам культу, што непажадана для народнай улады! У Пэя ёсьць асабістая прычына: у бальніцы памірае ад сухотаў яго каханая Лянь, і ён баіцца, што яе дух таксама засмокча генэратар у Фуцзіне.

Мао на дарогу кажа яму: «Крыніцы бязьмежнай моцы амаль заўсёды зьяўляюцца і крыніцамі катастрофаў...»

Марк Мацье ідэаліст, але даволі цынічны. Яму прапануе сустрэцца палкоўнік Стар з ЦРУ, ён не адмаўляецца. За кубкам кавы яны ўспамінаюць сьмерць прафэсара Голдэн-Мэера, а затым і самога папы Яна ХХІІІ. Вучоны кажа: «Калі б дакумэнты трапілі ў рукі Яна ХХІІІ, гэты стары селянін узьняў бы страшэнны вэрхал. Нішто не перашкодзіла б яму пракрычаць на цэлы сьвет праўду і разгарнуць кампанію супраць таго, што ён калісьці назваў — я маю на ўвазе ягоныя словы з нагоды тэрмаядзернай бомбы — «скрайнім падзеньнем душы чалавечай і нашага богам дадзенага духу».

Праца зь недасьледаваным цалкам відам энэргіі ўплывала і на самога Мацье, яго ўчынкі бывалі непрадказальнымі.

Генэрал Пэй Сю выяжджае ў горад Фуцзінь, што на паўднёвым беразе Янцзы. Яму дакладваюць, што ўзрост донара энэргетычнай устаноўкі значэньня ня мае, галоўнае, каб быў чалавек, атрымаць патрэбнае ад сабакі ці пацука ня выйшла. Адно энэргія залежыць ад асобы памерлага: ці быў ён аматарам музыкі ці сам граў-сьпяваў, машына ўнутры, бывае, нібы сьпявае сама або крэкча ці стогне. Тыя, хто працуе на новай «электрастанцыі», страцілі сон, некаторыя зьяжджаюць з глузду. Але галоўнае, што нават пасьля сьмерці кітайскія грамадзяне могуць працягваць служыць справе будаўніцтва сацыялізму.

У палаце пабочныя асобы, Пэй і спалатнелая Лянь размаўляюць у ідэалягічна слушным рэчышчы. Ён: «Наш эканамічны рост сёлета ўдвая большы, чым у астатняга сьвету. Па прадукцыйнасьці працы мы хутка дагонім, а затым і перагонім капіталістычныя краіны». Яна: «Я такая шчасьлівая». Ён: «Нашы таварышы, працаўнікі тэкстыльнай прамысловасьці, павялічылі прадукцыйнасьць працы на семдзесят адсоткаў». Яна: «Нашы доблесныя ўзброеныя сілы прымушаюць трымцець ад страху здраднікаў справы сацыялізму з Савецкага Саюзу». Ён: «Усе шкодныя насякомыя і птушкі, якія пагражалі нашым ураджаям, апынуліся на мяжы зьнікненьня... Наш арсэнал ядзернай зброі папаўняецца зь месяцу на месяц».

Апавядальнік падсумоўвае: «Яны працягвалі гаварыць адно аднаму словы любові, і пацыенты зьзялі ад шчасьця».

Усе кітайцы шчасьлівыя агулам, старым вядома, што некалі кожны зробіць свой «энэргетычны ўзнос», які пойдзе, прыкладам, на ацяпленьне кватэры родных.

Не адчуваюць сябе шчасьлівымі амэрыканцы. Аднойчы Мацье ўцякае (разам з Мэй) у Альбанію, дзе дыктатар Імір Джума пабудаваў самую вялікую махіну для захопу духоўнай энэргіі насельніцтва. Зьвесткі несуцяшальныя: энэргію ён зможа выкарыстаць для накіраванага выбуху, гэткі вось камуністычны звышмоцны лазэр.

На нарадзе ў прэзыдэнта ЗША рашуча прамаўляе сэнатар-ястраб: «Мы ўцяклі ад адказнасьці! У выніку ў руках маленькай краіны, яраснай і злоснай сталіністкі, што церпіць на комплекс непаўнацэннасьці і манію перасьледу, аказалася небясьпечная зброя». Такой зброі самі Штаты ня маюць толькі праз сваю блізарукасьць і пастаяннае скарачэньне ваеннага бюджэту, перакананы сэнатар.

Звышдзяржавы вырашаюць заслаць дывэрсійную групу для зьнішчэньня альбанскага аб’екту. У ёй два савецкія афіцэры, паляк, югаслаў, канадзец, ангелец, амэрыканец. Яны называюць сябе «прафэсійнымі забойцамі». Упершыню ЦРУ і КДБ дзейнічаюць разам, зьдзіўляецца сам наратар. Дывэрсанты накіроўваюцца цераз югаслаўска-альбанскую мяжу, цяжкадаступную горную мясцовасьць.

У апэратыўнай зале амэрыканскі прэзыдэнт гатовы да нарады праз спадарожнікавую сувязь зь іншымі галоўнымі гульцамі на сусьветнай арэне. Ён паглядзеў на рускіх, што займалі на сьцяне шэсьць зь сямі тэлеэкранаў, яны выглядалі змрочна. Трывожная размова прэзыдэнта з рускімі і са сваімі дарадцамі і вучонымі адбываецца ў вельмі дасьціпным рэчышчы, адчуваецца, што Рамэну Гары дастаўляла задавальненьне будаваньне ўяўных дыялёгаў у самы разгар халоднай вайны, якая вось-вось магла закончыцца катастрофай для ўсяго чалавецтва: альбанцам заманулася выпрабаваць сваю гіганцкую ўстаноўку.

Прэзыдэнта ЗША падсьвядома хваляваў апошні, сёмы экран, які не сьвяціўся. На ім пазьней узьнікае выява папы Рымскага. Прэзыдэнт ніяк ня можа ўспомніць — як да яго трэба зьвяртацца і гаворыць: «Ваша яснасьць». Папа просіць зьвярнуцца да альбанцаў, каб яны спынілі выпрабаваньне. Калі такія хапаюцца за справу, Бог не ўратуе. А дывэрсійная група ўжо ў Альбаніі, выконвае заданьне...

Рамэн Гары быў пісьменьнікам вельмі добрага ўзроўню (дзьве Ганкураўскія прэміі, другая — за кнігу пад псэўданімам), таму «Ратуйце нашы душы» — ня проста чытво. Гэта палітычны трылер, дзе шпіёнскія жарсьці зьмешваюцца з чорным гумарам.

Каб Рамэн Гары трапіў у нашу рэчаіснасьць, ён бы зьдзівіўся, што Альбанія стала адкрытай, а «трымаецца рогам» пакуль правадыр паўночных карэйцаў. Днямі кіраваў асабіста ракетнымі стрэльбамі і затым — дальнабойнай менавіта артылерыі. Што да ўлаўляльніка чалавечых душаў, у яго ператварыўся сёньня бадай расейскі тэлевізар — мільёны прагнуць захопу новых тэрыторый, рэйтынг Пуціна як слупок градусьніка са шкалою Фарэнгейта дайшоў да рыскі «82» і напэўна ня будзе спыняцца на дасягнутым. Зноў жа, калі верыць таму ж расейскаму тэлевізару.
  • 16x9 Image

    Сяргей Астраўцоў

    Нарадзіўся 11 красавіка 1959 г. у Менску. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага пэн-цэнтру, выдаў сем кніг прозы і публіцыстыкі.

XS
SM
MD
LG