Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горад Парыж за цябе не напіша раман


Зусім нядрэнна мець сабе за прыклад славутага пісьменьніка зь яго творамі і апынуцца там, дзе ён пачынаў. Напрыклад, у Парыжы, па якім хадзіў Гэмінгуэй. Але адно гэта табе не дапаможа… Народжаны ў Барсэлёне (1948) сучасны гішпанскі пісьменьнік Энрыке Віла-Матас напісаў раман «Парыж ніколі ня мае канца». Агулам, кніжкі гэтага пісьменьніка перакладзены на 30 моваў.

У кнізе «Парыж ніколі ня мае канца» Віла-Матас распавядае, як ён вырашыў стаць пісьменьнікам і дзеля гэтага накіраваўся ў горад з Эйфэлевай вежай. Калі чытаеш яе, міжволі запыняеш сябе на думцы, што напісана нейк проста, нават лёгкаважна. Магчыма ў гэтым аказаўся сакрэт удачы, знойдзены аўтарам навобмацак. Гэта рэч, складзеная з аўтабіяграфічных момантаў, зь літаратурнай фікцыі ды эсэйных кавалкаў пра Парыж і пра творчасьць розных празаікаў.

Трэба яшчэ сказаць, што герой апынаецца ў свабоднай краіне пасьля роднай Гішпаніі позьняга Франка. Дыктатары старэюць, але не становяцца лепшымі. Радзіму літаратар-пачатковец называе «запозьненай краінай», дзе пісьменьнікі прыжыліся ў «літаратуры з пап’е-машэ». З Мадрыду двойчы прыходзіць вестка пра сьмерць Франка, бо першым разам – памылковая.

«Парыж ніколі ня мае канца» – гэта раман аб тым, як аўтар спрабуе напісаць раман, а дакладней, сказаць аб тым, як ён ня пішацца. Ён мучыцца, яму хочацца, але нічога не выходзіць, задума выглядае худасочнай, і праўдзівай гісторыяй становіцца яго парыскае жыцьцё, перажываньні і спробы пісаць. Дзея адбываецца ў Парыжы, які звонку здаецца горадам-сьвятам, якім застаўся, між іншым, у памяці Эрнэста Гэмінгуэя.

Самотнасьць, пакутныя пошукі патрэбных слоў, існаваньне на мяжы з абсурдам складалася ў асабісты сьвет героя, але, што дрэнна, не дапамагала пісаць. Яму аднойчы падумалася: калі ён раптам памрэ ў сваім пакойчыку на паддашшы (які называе труной), знойдуць яго ня хутка, калі труп пачне раскладацца і сьмярдзець, бо ён рэальна нікому не патрэбны ў тым Парыжы. Так, некаторым пісьменьнікам удавалася рабіць нядрэнны інтарэс са сваіх мучэньняў, але толькі не яму, ён яшчэ не навучыўся ператвараць іх у літаратурны матэрыял. Ён спрабуе пераконваць сябе, што жыве «ў цэнтры сьвету», але гэта таксама не дапамагае.

Адкрываючы на месцы для сябе Гэмінгуэя яшчэ раз, герой пераконваецца, што пры канцы жыцьця той упаў у банальнасьць. Вядомы пісьменьнік «меў пасіянарнае жыцьцё, атрымаў прэмію Нобэля, яго любіла палова чалавецтва», а ён прызнаецца ў «Рухомым сьвяце», што сумуе па сваёй маладосьці ў Парыжы, калі ён быў «бедны і шчасьлівы». Хаця сам Віла-Матас робіць нібы тое ж самае: вяртаецца ў сваю маладосьць у Парыжы, але робіць інакш – самаіранічна.

Гэмінгуэй робіцца больш зразумелым, зьнікае загадкавасьць, і ў думках героя усё часьцей паяўляецца Борхэс. Там, здаецца, больш глыбіні! У развагах пра творчасьць Борхэса ён робіць для сябе выснову: калі яму напраўду хочацца стаць пісьменьнікам, ён павінен навучыцца выдумваць тое, «што праўдзівае». Падобна, як ён «мусіў выдумаць самога сябе».

Мы яшчэ не сказалі: герою шанцуе, ён трапляе на кватэру да самой Маргерыт Дзюрас, яна здае пакойчык, дзе жылі раней мастакі і акторы, а калісьці нават хаваўся дзьве ночы ў часы Руху супраціву будучы прэзыдэнт Мітэран. Сама Дзюрас, як прызнаецца, піша, «каб быць чымсьці занятай».

Якая ўдача: пісьменьніца нават дае маладому барсэлёнцу аркушык з пунктамі – што важна ў рамане. Але сьпіс нагэтулькі сьціслы, што не дапамагае яму. Напрыклад, яна напісала «дыялёгі». Ну й што? Яму не здаецца, што для сапраўды добрай літаратуры гэта так важна, тым больш яны часта банальныя. У «Кафэ Банапарт» на нізе яму трапляе ў рукі часопіс, дзе гаворыцца, што дыялёгі ў прозе – рэч ня толькі састарэлая, але нават «рэакцыйная»! Можна было ўздыхнуць спакойна. Але настрой раптам зьнік: яму ўспомнілася, што Гэмінгуэй якраз лічыўся майстрам дыялёгаў.

Нашага героя асабліва мучыць наступны пункт з інструкцыі Дзюрас – «досьвед». Які можа быць досьвед у пачаткоўца, апроч кніжнага? Таму ўзьнікае спакуса думаць, што досьвед – рэч неабавязковая для празаіка. Але ён трапляе на дакумэнтальны фільм пра амэрыканскіх пісьменьнікаў у Парыжы, пра страчанае пакаленьне. І сам Гэмінгуэй гаворыць пра сваю тэорыю айсбэрга: «Гісторыя, якой у апавяданьні няма, тая, каторая знаходзіцца пад вадою, пабудаваная зь недагаворак, з таго, што зразумела само па сабе, а таксама з алюзій».

Аднак калі ў цябе з жыцьцёвым досьведам не найлепш, ёсьць іншы прыклад: Раймонд Русэль, які аб’ехаў увесь сьвет, але – толькі каб пераканацца, што экзатычныя мясьціны, пра якія чытаў у маленстве, сапраўды існуюць. Толькі дзеля гэтага. Бо ў сваёй прозе ён карыстаецца творчым уяўленьнем, а не ўбачаным, любіў казаць мсье Раймонд… Герой яшчэ ня мог ведаць, што пазьней, пасьля сьмерці, Русэля назавуць пісьменьнікам, якога хутчэй проста ведаюць, чымсьці напраўду чытаюць.

Вымаўляць прозьвішчы пісьменьнікаў у Парыжы, якія там жылі – усё роўна, як проста дыхаць. І вось у рамане нам трапляецца Рамэн Гары, затым у развагах героя паяўляецца Сэлін. Адразу за ім Сімянон, аб якім пытаюцца паліцыянты, якія спачатку прынялі героя за міжнароднага тэрарыста Карласа, які напярэдадні падклаў бомбу ў кавярні. А неўзабаве аўтар падсоўвае нам Сэмюэля Бэкета, які сядзіць на лаве ў Люксэмбурскім садзе, увесь у чорным, і раздражнёна гартае кнігу.

«Сумнявацца – значыць пісаць», сказала яму аднойчы Дзюрас. Ці, можа, дакладней: твае сумненьні падштурхоўваюць цябе да пішучай машынкі? Хаця, бывае, гэты занятак выклікае грымасу. Кансьержка ў доме Дзюрас паходзіла з Валенсіі. Уцякла пасьля перамогі Франка і цалкам «афранцузілася». Яна незадаволена сказала нашаму герою, калі даведалася, што ён піша: «Французы ўжо ня хочуць працаваць, усе хочуць пісаць. Не хапала толькі, каб іх малпавалі каталёнцы». Што зробіш, Парыж такі горад!

Мастак не павінен апавядаць пра жыцьцё, якое пражыў, але павінен пражыць яго так, як хацеў бы пра яго распавесьці… Так аднойчы сказаў яшчэ адзін парыскі пісьменьнік, Андрэ Жыд. Герой раману, узгадаўшы яго словы, задумваецца: а як гэта насамрэч робіцца? Хаця ў яго гэта якраз пачало атрымлівацца.

Прайшлі гады, але апавядальніку па-ранейшаму падабаецца Парыж. Чаму? Таму што ў ім стагодзьдзямі не мяняюцца назвы вуліц. Таму што ў ім няма катэдраў і камяніц Гаўдзі. Таму што гэты горад ня мае канца ў тваёй памяці і сьвядомасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG