Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адмыслоўца ў рэкляме: Попыт на беларускамоўную рэкляму трывала расьце


Сяргей Скараход, Ніна Шыдлоўская, Вольга Алейнік, Зьміцер Курловіч, Аляксандар Дзешкавец падчас прэзэнтацыі фэстывалю
Сяргей Скараход, Ніна Шыдлоўская, Вольга Алейнік, Зьміцер Курловіч, Аляксандар Дзешкавец падчас прэзэнтацыі фэстывалю

Стартаваў 5 фэстываль беларускамоўнай рэклямы і камунікацыі AD.NAK, які стаў заўважнай зьявай у пашырэньні беларускасьці.

Генэральны партнэр сёлетняга фэстывалю AD.NAK —кампанія мабільнай сувязі Velcom, дзякуючы чыёй падтрымцы пераможцы 16 намінацыяў і 5 конкурсаў фэстывалю атрымаюць каштоўныя прызы. Для самой кампаніі Velcom прызам ёсьць новы пэрспэктыўны спосаб рэклямы сваіх паслугаў — празь беларускую мову і беларускі культурны кантэнт.

На прэзэнтацыі фэстывалю Зьміцер Курловіч, начальнік аддзелу кіраваньня брэндамі Velcom, згадаў як некалькі гадоў таму ў кампаніі зрабілі першы рэклямны ролік па-беларуску і хутка высьветлілі, што да яго надзвычайная цікаўнасьць у YouTube. Апошняя беларускамоўная рэкляма зроблена да 15-годзьдзя кампаніі і цяпер пасьпяхова ідзе на беларускім тэлебачаньні.

Зьміцер Курловіч згадаў, як яна рабілася:

«І тут мы падумалі: чаму б не зрабіць ролік на песьню NRM „Простыя словы“? І ўбачылі, што гэтая песьня выдатна кладзецца на відэа, выклікае моцныя пачуцьці. Патэлефанавалі Вольскаму ды Анемпадыставу, і тыя адразу дазволілі нам выкарыстаць сваю песьню. Гэта зрабіла праект нечым асабістым для нас, бо мы пастараліся нашы пачуцьці да мовы данесьці да людзей».

Адмыслоўца ў рэкляме Вольга Алейнік пацьвердзіла: самыя пасьпяховыя рэклямныя кампаніі цяпер працуюць менавіта праз знаходжаньне культурнага коду, у якім мова — асноўны элемэнт.
Вольга Алейнік
Вольга Алейнік

Ніна Шыдлоўская з грамадзянскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!» адзначае, што попыт на беларускамоўную рэкляму трывала расьце. Паводле яе, у 2009 годзе, калі праводзіўся першы фэстываль AD.NAK, сацыялягічныя замеры паказалі, што 37% спажыўцоў жадаюць, каб рэкляма гучала па-беларуску. У 2012 годзе гэты паказчык падрос да 57%, заўважыла Ніна Шыдлоўская, якая мяркуе, што сёлета ён яшчэ вырасьце:

«І таму гэты фэстываль для нас, ягоных ініцыятараў, вельмі каштоўны тым, што мы працуем са сфэрай бізнэсу і ў той жа час падштурхоўваем нашых культурніцкіх дзеячаў, мэнэджэраў, даносіць свой прадукт па тых схемах, якія рэальна працуюць і могуць пашырыць кола цікаўных да беларускай культуры».
Ніна Шыдлоўская
Ніна Шыдлоўская

Карэспандэнт: «Вы маглі б пералічыць вядомыя фірмы, якія цяпер рэклямуюцца па-беларуску, чаго раней не рабілі?»

«Прыемна адзначыць нават па візуальнай рэкляме, якая зьяўляецца ў Менску і вакол, што беларускамоўнай рэклямы становіцца болей. Вядома, не такі адсотак, як бы хацелася, і не пароўну з расейскамоўнай рэклямай, але ўсё больш. Найперш камунікуюць празь беларускую мову міжнародныя карпарацыі, якія прыходзяць тут працаваць. Найцікавей працуюць Velcom, Samsung, Bosch. Husgvarna. Наш беларускі вытворца з розных прычын, мяркую, часам проста не разумее, што сёньня, цяпер якраз вельмі выгадна вылучыцца празь беларускасьць. А стаць больш пазнавальным і больш вядомым — значыць набываць сабе новага спажыўца. Спадзяемся, што ня толькі „Мара“ будзе наўпрост асацыявацца зь беларускім брэндам, але і іншыя кампаніі».
Беларуская мова ў сталічнай рэкляме
Беларуская мова ў сталічнай рэкляме

Апошні дзень прыёму прац удзельнікаў фэстывальных конкурсаў і намінацыяў — 9 чэрвеня. Урачыстая цырымонія ўзнагароджваньня пераможцаў, якіх вызначыць прафэсійнае журы, пройдзе ў Менску 27 чэрвеня. Сярод 16 намінацыяў фэстывалю ёсьць адна зь дзіўнай назвай — «Антыпрэмія „Каша сувораўская“». Кіраўнік праекту marketing.by Сяргей Скараход патлумачыў, што ў гэтай намінацыі будуць прымацца працы на тэму няўдалай рэклямы, яўных памылак і ляпаў. У гэтай сувязі была згаданая «Шакалядная Хатынь», паказаная адной айчыннай кандытарскай фабрыкай на прафэсійным конкурсе ў Маскве. Трэба вучыцца і на памылках, лічаць арганізатары фэстывалю.
У асьветніцкіх плякатах беларускую мову сустрэнеш часьцей, чым у камэрцыйных
У асьветніцкіх плякатах беларускую мову сустрэнеш часьцей, чым у камэрцыйных
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG