Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Velcom: Беларускасьць яшчэ нікому не зашкодзіла


Зьміцер Курловіч

Зьміцер Курловіч

16 красавіка першы ў Беларусі апэратар мабільнай сувязі стандарту GSM кампанія Velcom адзначае 15-годзьдзе.

Адмыслова да юбілею падрыхтаваны іміджавы ролік, дзе пад песьню «Простыя словы» Лявона Вольскага і Міхала Анемпадыстава расказваецца гісторыя сталеньня як самой фірмы, так і яе кліентаў. Кліп пашырыў запамінальны відэашэраг беларускай калекцыі ад Velcom, упэўнена запаўняючы беларускамоўную нішу. З начальнікам аддзелу кіраваньня брэндам Velcom Зьмітром Курловічам пагутарыў Ігар Карней.

— Зьміцер, як інтэрнацыянальнае кіраўніцтва кампаніі ставіцца да ўжываньня беларускай мовы? І чаму фірмы з замежным капіталам з большай прыхільнасьцю ставяцца да беларускай мовы, чым мясцовыя? Ці такое ўражаньне ўсё ж падманлівае?

— Ну, я ня бачу, каб гэта было так ужо відавочна. Усё ж ва ўсіх гэтых кампаніях працуюць мясцовыя людзі, беларусы; тыя, хто жывуць тут, на гэтай зямлі. Магчыма, вышэйшае кіраўніцтва можа быць і з-за мяжы, але я ня бачу нейкай асаблівай адметнасьці ў нібыта прыярытэтным стаўленьні замежных кампаній да беларускай мовы. Гэта ўсё залежыць ад мэнэджмэнту, ад людзей, якія непасрэдна працуюць з той жа рэклямай. Мяркую, няма ніякага такога падзелу: маўляў, калі ты замежная кампанія, то будзеш рабіць рэкляму па-беларуску, а калі беларуская, то выключна па-расейску. Зусім не, як захацеў — так і зрабіў. Бо калі ты ставіш перад сабой нейкую зразумелую мэту — зробіш і па-беларуску, і па-расейску, як палічыш патрэбным. Таму пытаньне збольшага рытарычнае, бо наўпроставай прывязкі да паходжаньня кампаніі няма.


— Тым ня меней, факты сьведчаць на больш частае ўжываньне беларускай мовы якраз іншаземнымі брэндамі — Samsung, Adidas, Panasonic, Ceresit, Gallina Blanca...

— Так, і гэта добра, але мне здаецца, мы хутчэй заўважаем, што беларускай мовай карыстаюцца замежныя кампаніі, проста таму, што бачым у гэтым нешта незвычайнае: во, дык гэта ж замежная фірма, а выбірае беларускую мову. Магчыма, пры гэтым шмат айчынных кампаній таксама выкарыстоўваюць родную мову, але мы не заўважаем ужо зь іншай прычыны: ну, беларуская кампанія, беларуская мова. Добра, але што тут, па вялікаму рахунку, незвычайнага?

— Незвычайна ўжо тое, што на сваёй мове ў Беларусі, асабліва ў гарадах, сёньня размаўляе ўсё меншая колькасьць людзей, а стаўленьне да беларускамоўных увогуле насьцярожанае. Асабіста Вы траплялі ў такія сытуацыі?

— Калі я вучыўся ва ўнівэрсытэце (гэта Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт, факультэт міжнародных эканамічных адносінаў), я спрабаваў размаўляць толькі па-беларуску. Сапраўды, былі некаторыя праблемы: асобныя людзі чамусьці пачыналі са мной менш кантактаваць менавіта таму, што я па-беларуску гэта рабіў. Але, прыкладам, у тым жа ўнівэрсытэце ў нас была цудоўная выкладчыца беларускай мовы, якая нам паказала сапраўды прыгожыя прыклады выкарыстаньня роднай мовы, яна навучыла нас пісаць беларускай лацінкай, хоць гэта і не ўваходзіла ў праграму, яна проста выявіла ініцыятыву. Вось калі больш будзе зьяўляцца такіх людзей, якія здолеюць зацікавіць, дапамагчы вызначыцца іншым, дык і мова будзе разьвівацца. Дарэчы, па-беларуску размаўляў наш тагачасны дэкан Міхаіл Вацлававіч Мішкевіч. Ён быў загадчыкам катэдры замежных моваў і дэканам нашага факультэту і гаварыў з намі толькі на беларускай мове. Натуральна, калі мы зь ім размаўлялі, то таксама па-беларуску, і гэта было вельмі прыемна. Пэўна, гэта таксама адзін з тых прыкладаў, які дапамог мне зразумець: чаму я хачу і размаўляю па-беларуску, чаму мне прыемна, калі мы робім рэклямныя кампаніі па-беларуску.

— То бок, арыентырам былі цалкам канкрэтныя людзі, якія ўрэшце захапілі беларушчынай і Вас?

— Калі я бачу такіх людзей, як мая выкладчыца беларускай мовы, як мой дэкан, як мой дзядуня, які размаўляў толькі па-беларуску, дык адчуваю, што ўсё ня так кепска. Бо сіла слова — рэч надзвычайная. Ведаеце, мая бабуня — руская, сама з Уралу. Але калі яны пасьля вайны пераехалі ў Беларусь, яна, дзякуючы свайму мужу (майму дзеду) пачала чытаць па-беларуску. Перачытала па-беларуску (не па-расейску!) усяго Ўладзімера Караткевіча. Яна так і не пачала размаўляць на беларускай мове, але ўсё добра разумела і чытала па-беларуску. Дарэчы, пры гэтым часта з дакорам жартавала: якія ж вы беларусы, калі на роднай мове не гаворыце? Вось усе гэтыя людзі даюць мне цудоўны прыклад таго, як трэба ставіцца да сваёй мовы. У гэтым сэнсе мне вельмі падабаецца прыклад Ізраілю, калі самі людзі ў Іерусаліме адрадзілі сваю мову — іўрыт. Прычым, гэта зрабіў амаль што адзін чалавек —Бен-Іегуда Эліезер, нараджэнец Лужкоў на Віцебшчыне. Ён, ягоныя паплечнікі проста пачалі размаўляць са сваімі дзецьмі на іўрыце і адрадзілі мову — цяпер цэлая краіна размаўляе. І калі я сустракаю людзей, якія са мной гавораць па-беларуску, таксама адказваю па-беларуску, не па-расейску.

Аддзел "беларусізацыі": (зьлева направа) Вольга Агуновіч, Зоя Галькевіч, Марыя Шашытайшвілі, Зьміцер Курловіч, Юлія Гіль, Алеся Жолік, Лізавета Сыракваш, Ганна Забалоцкая. Velcom

Аддзел "беларусізацыі": (зьлева направа) Вольга Агуновіч, Зоя Галькевіч, Марыя Шашытайшвілі, Зьміцер Курловіч, Юлія Гіль, Алеся Жолік, Лізавета Сыракваш, Ганна Забалоцкая. Velcom



— Аб’ектыўна кажучы, каб ня Ваша прысутнасьць, ці сталі б іміджавыя кампаніі ад Velcom беларускамоўнымі? Прынамсі такая моўная скіраванасьць адчуваецца толькі цягам апошніх гадоў.

— Нават ня ведаю. Пра гэта цяжка казаць, бо папросту няма з чым параўноўваць. Я тут працую акурат чатыры гады, і так неяк склалася сытуацыя, што проста ў адзін момант мы раптоўна зразумелі: а чаму б не зрабіць гэта па-беларуску? Тым больш, калі ёсьць падтрымка ад таго ж кіраўніцтва. Прыкладам, загадчыца нашага ўпраўленьня маркетынгу Юлія Дайнэка вельмі добра ставіцца да беларускай мовы, іншыя таксама. Увогуле мы для сябе вылучылі пэўны вэктар разьвіцьця. То бок, у нас маюцца нейкія ініцыятывы, якія мы падтрымліваем. Напрыклад, падтрымліваем здаровы лад жыцьця, наш праект «Velocity» дае падставу падумаць пра зьмену гарадзкога асяродзьдзя. Таксама падтрымліваем ініцыятывы, зьвязаныя зь беларускай мовай. То бок, мова ёсьць адным з нашых накірункаў, хоць і не магу сказаць, што гэта нешта асноўнае. Але для нас гэта таксама вельмі важна. Бо мы разумеем, што, магчыма, якраз у гэтым палягае адметнасьць нашай кампаніі. Іншымі словамі, тут задзейнічаныя і культурныя, і камэрцыйныя, розныя іншыя інтарэсы. Мне так падаецца. Галоўнае, што ў патрэбным месцы неяк сама па сабе арганізавалася група аднадумцаў, якая пачала рабіць тое, што мы цяпер і маем.

— Тым самым, здаецца, зарабляецца і маральны капітал, бо прынамсі беларускамоўная частка грамадзтва паставілася да візуальных праектаў Вашай кампаніі надзвычай прыхільна.

— Так, і гэта надзвычай прыемна. Адзінае, што часам напружвае, калі нас пачынаюць ледзьве не абвінавачваць: чаму ў такім выпадку вы ўсё астатняе ня робіце па-беларуску? То бок, ня вельмі падабаецца такі вось радыкальны падыход: ці ты робіш усё па-беларуску, ці тады не рабі на мове нічога. Мне здаецца, што трэба падтрымліваць кожную маленькую ініцыятыву, якой бы яна «палавіністай» ні была. Калі хто-небудзь таксама зробіць рэкляму па-беларуску — гэта добра, нельга абвінавачваць, чаму яны не рабілі гэтак раней ці чаму ня робяць гэтак далей. Усё гэта варта падтрымліваць, і я ўпэўнены, што празь некаторы час падобных ініцыятываў будзе ўсё больш і больш. Ну, напрыклад, «Смак беларускай мовы». Гэта ж цудоўная ініцыятыва, якую пачалі ня нейкія там замежныя кампаніі, а пачала наша беларуская фірма, якая распаўсюджвае рэкляму. Яны проста вырашылі ажыцьцявіць такі праект; яны яго зрабілі — ён усім спадабаўся. Потым падтрымаў Samsung гэтую ініцыятыву, таксама зрабіўшы свой адчувальны ўнёсак у агульную сытуацыю. А пасьля далучыліся і іншыя. Таму ўсё гэта нейкім чынам трэба прынамсі падтрымліваць.
Прыклад "Смаку беларускай мовы" беларуская мова білборд

Прыклад "Смаку беларускай мовы" беларуская мова білборд



______________________________________________

Зьміцер Курловіч нарадзіўся ў 1979 годзе ў Менску. Скончыў факультэт міжнародных эканамічных адносінаў Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту, працаваў у рэклямных агенцтвах «Starcom MediaVest», «Крынь». Ад 2010 году — у кампаніі Velcom, цяпер на пасадзе начальніка аддзелу кіраваньня брэндам.

Замежнае прадпрыемства «Вэлком» пачало ажыцьцяўляць камэрцыйную дзейнасьць у прадстаўленьні паслугаў і тавараў мабільнай сувязі 16 красавіка 1999 году. Ад 2007 году ўваходзіць у склад Telekom Austria Group (TAG). Спачатку аўстрыйцы набылі 70% акцыяў Velcom, а ў 2010-м выкупілі астатнія 30%, тым самым распачаўшы новы этап у дзейнасьці кампаніі. Па выніках 2013 году колькасьць абанэнтаў ушчыльную наблізілася да 5 мільёнаў чалавек. Агульны аб’ём інвэстыцыяў за ўвесь пэрыяд дзейнасьці перавысіў 820 мільёнаў даляраў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG