Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксей «Стокс»: Папса — слуга ўлады, а рокерам губляць няма чаго


Аляксей Смалякоў
Аляксей Смалякоў

Музыкі папулярнага наваполацка-менскага гурту «Стокс» вось ужо восем гадоў жывуць і працуюць у Маскве, бываючы дома толькі наездамі. Ці лёгкі хлеб музычнага гастарбайтэра?

Музыкі папулярнага наваполацка-менскага гурту «Стокс» вось ужо восем гадоў жывуць і працуюць у Маскве, бываючы дома толькі наездамі. Ці лёгкі хлеб музычнага гастарбайтэра і чаму расейска-ўкраінскі канфлікт зрабіў калегаў па цэху непрымірымымі ворагамі — зь лідэрам калектыву Аляксеем «Стоксам» Смаляковым абмеркаваў Ігар Карней.

— Аляксей, вашу працу ў Маскве можна параўнаць з гастарбайтэрствам? З аднаго боку, ня венікам на вуліцы махаць, але ж і за сваіх, пэўна, у клюбах ня лічаць...

— Гм, ды 100% гастарбайтэрства... Колькі я там ужо? Пэўна, гадоў восем. Але сапраўды, так і ня ўліўся, ня стаў сваім. Думаю, што бессэнсоўна да гэтага нават імкнуцца: сваімі, па-мойму, лічаць толькі тых, хто, мабыць, там нарадзіўся. Безумоўна, ёсьць людзі, у якіх, умоўна кажучы, паперла, грошай зарабілі, кажуць — так, вось мы, Масква і масквічы. Але, мне падаецца, яны ў гэтым таксама крыху крывадушнічаюць. Масква — гэта вар’яцкі дом, і чужынцу стаць там сваім проста немагчыма. Што тычыцца нас, то мы паехалі туды ня проста ад няма чаго рабіць. У прынцыпе, у Беларусі было нядрэнна, нават у пляне фінансавым. Не ў шакалядзе, але нармальна. А ў Маскве самае важнае — за кватэру кожны месяц плаціць, а гэта проста шалёныя грошы. Хацелася ісьці далей, хацелася большага перадусім у творчым сэнсе. Разьлічвалі разьвівацца, больш працаваць, таму што ў Беларусі рынак аб’ектыўна невялікі. Хтосьці можа гаварыць, як раней, «прадаліся ў Маскву». Усім бы так прадацца (сьмяецца). Зноў жа, калі гады тры пабудзеш у Маскве, на ўсё пазіраеш з аднаго боку, цяпер — ужо па-іншаму. І хоць усё там зусім ня проста, але ўсё роўна нечага чакаеш, спадзяесься, што цуд здарыцца. Неяк вось так.

— Што тычыцца ідэнтыфікацыі, вы пазыцыянуеце сябе як беларускі гурт? Дакладней, публіка вас успрымае беларусамі ці «расейцамі са знакам якасьці»?

— Ня тое што пазыцыянуем ці не. Так яно і ёсьць — мы беларуская група. Раней у нас увогуле былі ўсе беларусы. Цяпер, канечне, каманда ўжо збольшага інтэрнацыянальная. Але нават і цяпер, калі амаль паўскладу расейцы, мы ўсё роўна лічым сябе беларускім гуртом — мы ж адсюль і мы тут. Таму ў гэтым сэнсе ўсё адназначна. І ў той жа Маскве нас успрымаюць менавіта як беларусаў, я ў гэтым ніколі нават не засумняваўся. Калі выконваеш старыя песьні кшталту «Паміж Менскам і Рымам», то абсалютна нармальна яны ўспрымаюцца. Тут яшчэ такая справа: да нас на канцэрты людзі прыходзяць, відаць, ня з вуліцы. Калі мы камусьці падабаемся, то нашы прыхільнікі, відаць, таксама думаюць у адным кірунку з намі. Бо калі ўзяць, напрыклад, Кінчава ці таго ж Міхалка, то ў іх іншая публіка, больш, скажам так, ярая ў пляне палітыкі. Хоць паміж сабой гэтыя лягеры пасьля вядомых падзеяў хутчэй можна назваць апанэнтамі.
Падчас выступу
Падчас выступу

— Так сталася, што згаданы табой гіт зноў стаў актуальным у прывязцы да нядаўніх падзеяў ва Ўкраіне: «Паміж Менскам і Рымам, паміж морам і Крымам» пісалася тады, калі паўвостраў быў яшчэ ўкраінскі. Цяпер нібыта расейскі. Як ацэньваеш тое, што здарылася ў Крыме?

— Зноў жа, гэта чыста маё меркаваньне, бо я ж не палітык, не палітоляг. Натуральна, сачу за падзеямі, не магу заставацца абыякавым. Хоць многія музыканты папросту абстрагаваліся ад тэлебачаньня, ад інтэрнэту — маўляў, увогуле мяне з гэтай тэмай не даймайце. Але я гляджу, іначай жа нельга. Асабліва калі дзесьці людзі гінуць, трэба ж разабрацца — за што? У такой сытуацыі быць абыякавым, мякка кажучы, непрыгожа.

Што тычыцца Крыму, то ня трэба забывацца: гэта тэрыторыя асаблівая. Крым даўно быў патрэбен Расеі, калі зыходзіць найперш зь меркаваньняў палітычных, не эканамічных. Таму што сапраўды, калі б з цягам часу Ўкраіна ўвайшла ў НАТО (а пры новай уладзе ўсё да таго рухаецца), то стратэгічна для Расеі гэта было б проста самазабойствам. Натаўскія авіяносцы ў Крыме! Таму яна зрабіла тое, што стала фактам. Зразумела, перастрахоўваючыся адносна таго, што з рэакцыяй насельніцтва там будзе ўсё ў парадку. Калі б насельніцтва вагалася нават 50×50, то так хутка б усё ня скончылася — як кажуць, хто пачаў, таго і тыраць. А як была такая падтрымка, усё прайшло імкліва. Увогуле складана ў такой сытуацыі кагосьці асуджаць ці апраўдваць, бо кожны цягне на сябе: Масква на сябе, Кіеў на сябе, Эўропа, ЗША — на сябе.
«Трафэйны» аўтобус
«Трафэйны» аўтобус

— У іншых рэгіёнах Украіны разыгрываецца ўсё той жа крымскі сцэнар?

— Я ўвогуле думаю так: каб Крым, да прыкладу, стаў проста незалежным, як у выпадку з той жа Югаславіяй, то не было б такога накалу, не было б такога міжнароднага канфлікту. Заходнікаў што найперш напалохала? Што Крым далучыўся да Расеі, і зноў паўстаў, здавалася, канчаткова пахаваны дэман СССР зь ягонымі імпэрскімі замашкамі, сілавым падпарадкоўваньнем народаў і тэрыторыяў і г.д. Ды ну... Тут жа, апроч іншага, таксама трэба ўлічваць і эканоміку. Цяпер кажуць — а калі яны гэтак жа «прыватызуюць» Данбас? Найперш, Расеі гэта эканамічна не пацягнуць, бо Данбас, мякка кажучы, далёка ня ў плюсе. Ён, такое адчуваньне, увогуле нікому не патрэбны. Расейцы яшчэ з Крымам столькі патрацяцца, што цяжка ўявіць. Адзінае, што, па-першае, атрымліваецца, цяпер за флёт у Севастопалі ўжо ня трэба плаціць, грошы нібыта вызваляюцца. Па-другое, Расея яўна ўжо ня будзе наўпрост ці ўскосна спансіраваць Украіну ў такіх маштабах, як раней.

— Нягледзячы на крытыку Захаду, рэйтынг прэзыдэнта Пуціна рэзка ўзьляцеў. Гэта азначае, што значная колькасьць расейцаў думае гэтак жа, як іх лідэр?

— Так, проста шалёны ўзьлёт. Канечне, яго шмат хто падтрымлівае. Але ня трэба забывацца, што ў Расеі ў наступным годзе пройдуць датэрміновыя парлямэнцкія выбары. Ускосна з гэтага таксама можна зрабіць высновы, якія пануюць настроі ў грамадзтве і хто ў гэтым зьвязку мае большыя шанцы. Таму, думаю, Пуцін паставіў сабе плюсік, што пасьля крымскай кампаніі рэйтынг у яго будзе вельмі высокі. Ну, як бачым, цяпер яшчэ і Крым будзе галасаваць за яго і ягоную каманду. То бок гэтую акалічнасьць таксама ня трэба скідаць з рахункаў — улады дакладна ведалі, на што яны ішлі перад выбарамі.
На «зборным» канцэрце
На «зборным» канцэрце

— І ўсё ж гэта патрыятызм ці шавінізм? Каб адцяпаць кавалак зямлі ў іншай дзяржавы і патлумачыць гэта клопатам пра расейскамоўных, трэба быць занадта самаўпэўненым...

— У мяне няма нейкага пэўнага пункту гледжаньня. Магу сказаць, што калі далучылі (ці як гэта яшчэ назваць) Крым, у Севастопалі і ў Маскве адбывалася адно і тое ж — было сьвята. Для мяне было дзівам, але на Краснай плошчы ўчынілі... салют. У Крыме таксама сьвяткавалі, усе былі задаволеныя і радасныя. Калі гаварыць пра палітыку, то гэта тэма дастаткова тонкая, мы ўсяго ня ведаем і наўрад ці даведаемся — простых людзей звычайна не пасьвячаюць у такія нюансы. Але той жа салют, шчыра кажучы, шакаваў. Можна было, відаць, і без салюту абысьціся. Зноў жа, вельмі вялікі інфармацыйны ўплыў ідзе на людзей. І робіцца гэта адмыслова, ня проста так. Не таму, што гэта ўрад і Пуцін радаваліся, а каб паказаць народу, што ўсё клясна. А сытуацыя з Крымам неадназначная. З аднаго боку, нібыта і захопу як такога не было, з другога боку, існуюць міжнародныя пагадненьні аб тэрытарыяльнай цэласнасьці дзяржаваў. Але ўсё аргумэнтавалі тым, што ў Крыме бальшыня тых, хто хацеў бы далучыцца да Расеі. Зразумела, што гэта не Данбас і не Паўднёвы Ўсход, дзе парытэт, магчыма, 50×50 ці 60×40. Таму яны і не бяруцца ініцыяваць там рэфэрэндумы, аналягічныя крымскаму.
Аляксей Смалякоў у Траецкім прадмесьці
Аляксей Смалякоў у Траецкім прадмесьці

— З-за падзеяў ва Ўкраіне падзялілася на два варожыя лягеры музычная тусоўка. Калі рокеры ў масе сваёй салідарныя з украінцамі і асуджаюць імпэрскія замашкі Крамля, то прадстаўнікі эстрады горача падтрымліваюць пуцінскі бліцкрыг...

— Папсе няма куды дзявацца, таму што яе, без перабольшваньня, улада і корміць, яна без улады і безь дзяржаўных канцэртаў не жылец. Таму тут чыста мэркантыльныя інтарэсы. Рокерам, у прынцыпе, заўсёды не было чаго губляць — яны як зьбіралі залі сваіх прыхільнікаў, так і будуць зьбіраць. А папса — яны слугі, ім і падзецца няма куды. Некаторыя, перакананы, могуць думаць ня так, як афішуюць, але самі загналі сябе ў пастку. Скажам, калі нейкі поп-выканаўца скажа нешта супраць улады, то ўзьнікнуць праблемы. Хоць, па вялікім рахунку, гэта, канечне, дзіўна — любы чалавек можа і мусіць выказваць тое, што лічыць патрэбным. І гэта не павінна ўплываць на яго творчасьць, статус і г.д. Але пакуль выглядае ўсё менавіта так. У ЗША, прыкладам, выбары, за дэмакратаў, рэспубліканцаў езьдзяць і агітуюць пэўныя гурты, выканаўцы. Нягледзячы на тое, што ўрэшце выйгралі тыя альбо тыя, палітычная кампанія не накладае ніякага адбітку на артыстаў, на іх ня вешаюць ярлыкі, іх не абвінавачваюць у здрадзе.

— Тое, што цяпер адбываецца вакол лідэра «Машины времени» Андрэя Макарэвіча, іначай як маразмам і не назавеш...

— Ведаеш, назавем гэта так: ёсьць людзі разумныя, а ёсьць людзі проста дурныя. Вось і ўсё. Тут трэба гаварыць, хутчэй, пра выхаваньне, пра наяўнасьць інтэлекту ўвогуле. Чыста пра гэта. Я ж ня стаў горш ставіцца да Макарэвіча, таму што ён бачыць праблему такім чынам? А іншыя Макарэвіча абзываюць «бандэраўцам». Гэта якраз тая частка насельніцтва, як ты кажаш, не патрыёты, а з ухілам да шавінізму, да нецярпімасьці.
Аляксей Смалякоў: Музыкант мусіць быць пасярэднікам
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:49 0:00
Наўпроставы лінк

— Калі расейскіх рокераў пераважна цкуюць, то ўкраінскіх «бандэраўцаў» у Расею не пускаюць увогуле.

— Так, больш за іншых, відаць, дасталася гуртам украінскага паходжаньня. Некаторым у Расеі абсеклі практычна ўсё, скажам так, увялі санкцыі. Вакарчуку з «Акіянам Эльзы» практычна ўвесь тур прыкрылі. Ня тое каб афіцыйна забаранілі, але канцэртаў няма. Як гэта звычайна бывае — адкрыта ня кажуць, проста канцэрты здымаюцца, дый усё. «Бумбокс» — тое ж самае. Заадно пад раздачу трапілі і «Ляпісы», якія таксама прыяжджалі ў Кіеў. Фактычна ўсе, хто выступаў на Майдане, цяпер маюць праблемы ў Расеі. Дарэчы, гэта ня толькі пазыцыя арганізатараў, кіраўнікоў палацаў спорту, а і гледачоў, публікі. У расейцаў увогуле жорстка і рэзка фармуецца стаўленьне: маўляў, якога фіга вы сьпяваеце на Майдане, а касіць грошы езьдзіце ў Расею? Мяркую, што цалкам можа быць і такое: калі б канцэрты дазволілі, то народу на выступах было б нашмат менш, чым звычайна. Таму што расейцы ў гэтым сэнсе настроеныя досыць патрыятычна, хоць іхні патрыятызм і своеасаблівы. Адрозна, дарэчы, ад беларусаў, бо гэта кінулася ў вочы яшчэ тады, калі мы толькі прыехалі ў Расею. Беларусы амаль у любой сытуацыі спакойныя, а там да трох ня лічаць...
Рок-гурт «Стокс» (The Stokes) утвораны ў 1996 годзе ў Наваполацку Аляксеем Смаляковым. Адпачатку калектыў выконваў песьні на ангельскай мове ў стылістыцы, блізкай да хард-року. Пры канцы 1990-х каманда перабіраецца ў Менск, дзе працуе над дэбютным альбомам «No Escape». Спрадусаваў яго беларускі гітарыст нямецкага гурту «Rage» Віктар Смольскі. На пачатку 2000-х гучаньне «Стокса» адчувальна «лягчэе» ў бок расейскамоўнага поп-року. У 2006-м калектыў пераяжджае ў Маскву, дзе працуе дагэтуль, пэрыядычна даючы канцэрты ў Беларусі. Самыя вядомыя кампазыцыі — «Паміж Менскам і Рымам», «Яшчэ адзін раз», «Пад купалам нябёс», «Навучы мяне» ды іншыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG