Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Белавія» адмовілася ад рэйсаў у Сімфэропаль


Авіякампанія «Белавія» прыняла канчатковае рашэньне адмовіцца ад выкананьня рэйсаў у Сімфэропаль у гэтым летнім сэзоне, паведаміў генэральны дырэктар кампаніі Анатоль Гусараў.

«Усім вядомая сытуацыя, якая ёсьць. Мы маем магчымасьць выконваць палёты ў тым ліку і ў Сімфэропаль, але попыт на гэты кірунак на працягу лютага, сакавіка і на пачатку красавіка ніжэйшы за папярэднія гады», — падкрэсьліў Гусараў, якога цытуе БелаПАН.

«Мы ўважліва адсочвалі, аналізавалі, параўноўвалі з папярэднімі гадамі. Нават зь ліку тых пасажыраў, якія забраніравалі або набылі квіткі на гэты кірунак, быў адток пасажыраў. То бок людзі здавалі квіткі. Таму прынята рашэньне, што ў гэтым годзе мы ў Сімфэропаль рэйсы, на жаль, выконваць ня будзем», — сказаў гендырэктар «Белавія».

У той жа час адміністрацыя Мікалаеўскай вобласьці Ўкраіны лічыць мэтазгодным адкрыцьцё чартэрных авіярэйсаў зь Менску ў Мікалаеў. Пра гэта паведаміў дырэктар дэпартамэнту эканамічнага разьвіцьця, гандлю і турызму адміністрацыі Мікалаеўскай вобласьці Міхаіл Тульскі 16 красавіка ў Коблеве (Беразанскі раён Мікалаеўскай вобласьці) на сустрэчы зь беларускімі журналістамі і прадстаўнікамі турфірмаў. Паводле прадстаўніка адміністрацыі рэгіёну, зь беларускімі ўладамі вядуцца перамовы, аднак прынцыповай згоды пакуль няма.

«Мы лічым, што паведамленьне пра чартэрныя рэйсы альбо пра сталыя рэйсы Мікалаеў — Менск дало б магчымасьць забясьпечыць нават бясьпеку перамяшчэньня, а самае галоўнае — зручнасьць для турыстаў», — адзначыў спэцыяліст.
XS
SM
MD
LG