Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларусам дабірацца да Кіева і Крыму? Кошты на квіткі


Квіток на аўтобус зь Менска ў Кіеў каштуе — 280 тысяч, на самалёт — ад 87 эўра.

У той час, пакуль Расея скарачае транспартнае злучэньне з Украінай, Беларусь пакідае ранейшы расклад руху цягнікоў і аўтобусаў ва Ўкраіну. За выключэньнем скасаваньня авіярэйсу зь Менска ў Сымфэропаль.

Чыгуначнае злучэньне акупаванага Расеяй Крыма з кантынэнтальнай Украінай скарочанае з 1 красавіка. Такое рашэньне ўхваленае Крымскай дырэкцыяй чыгуначных перавозак.

Чыгуначны рух паміж Масквою і Кіевам таксама істотна скарачаецца, паведамляе Кореспондент.net

Тым часам злучэньне паміж Беларусьсю і Украінай амаль не зьмянілася.

Таньней за ўсё ў сталіцу Ўкраіны Кіеў зь Менску можна дабрацца аўтобусам. Па аўторках, пятніцах і нядзелях а 8-й раніцы зь беларускай сталіцы адпраўляецца аўтобус, які прыбывае ў Кіеў а 21-й гадзіне. Кошт квітка — 280 тысяч.

Цягнік Мінск — Кіеў курсіруе кожны дзень, кошт пляцкарты — 420 тысяч, месца ў купэйным вагоне — каля 700 тысяч, у СВ — прыкладна 1 мільён 400 тысяч.


По цотных датах ходзіць цягнік Менск — Адэса. Кошт пляцкарты да Адэсы — прыкладна 600 тысяч, купэ — 950 тысяч. Дабрацца зь Менску можна і ў Заходнюю Ўкраіну. Па цотных чыслах праз Менск праходзіць цягнік Магілёў — Чарнаўцы. Кошт квітка, да прыкладу, зь Менска да Львова — 330 тысяч ў пляцкартным вагоне, 530 тысяч — у купэйным.

Што да Крыму, цягнік Менск — Сымфэропаль па так званым зімовым раскладзе ходзіць па няцотных, у летні сэзон — кожны дзень. Зараз кошт пляцкарты — прыкладна 700 тысяч, месца ў купэ — 1 мільён 120 тысяч.


А вось авіярэйсы ў Крым «Белавія» адмяніла. Такое рашэньне прынятае з-за малой загрузкі гэтага кірунку, паведаміў намесьнік гендырэктара авіякампаніі Ігар Чаргінец. Раней плянавалася падчас летняга сэзону рабіць тры рэйсы на тыдзень у Сымфэропаль.

А вось у Кіеў зь Менску штодня адпраўляюцца два самалёты: у 8.25 і 18.10. Кошт квітка на самалёт пачынаецца ад 87 эўра.
XS
SM
MD
LG