Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 15 красавіка: дапісаны «Тарас на Парнасе», ток-шоў пра нацыянальны код беларусаў


Скрыпка, якая належала капэльмайстру «Тытаніка» Ўолесу Хартлу

Скрыпка, якая належала капэльмайстру «Тытаніка» Ўолесу Хартлу

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

Эўразьвяз абнародуе прозьвішчы асоб, дададзеных учора ў сьпіс з 18 чалавек, якія падлягаюць санкцыям за іх удзел у незаконным прысваеньні дзяржаўных сродкаў Украіны.

У Маскве прэм’ер-міністры Беларусі, Расеі і Казахстану сустрэнуцца для абмеркаваньня будучыні Эўразійскага эканамічнага саюзу.

У крэатыўнай прасторы «Цэх» у Менску пройдзе ток-шоў «Расшыфроўваем нацыянальны код беларусаў». Пачатак а 19-й.
ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ:

1432 – вялікі князь літоўскі Жыгімонт Кейстутавіч аднавіў дзяржаўную унію з Польшчай, скасаваную вялікім князем Сьвідрыгайлам.

1855 – Канстанцін Вераніцын у Гарадку на Віцебшчыне завяршыў працу над паэмай «Тарас на Парнасе», якая пасьля будзе доўгі час лічыцца ананімнай. Толькі зусім нядаўна беларускім архівістам удалося знайсьці аўтарскі асобнік паэмы. Цяпер ужо і ў школьных праграмах яна вывучаецца як твор Канстанціна Вераніцына.

1912 – у Атлянтычным акіяне пасьля сутыкненьня з айсбэргам патануў брытанскі карабель «Тытанік». Пра магчымых пасажыраў «Тытаніка» зь Беларусі мы пісалі тут.

1992 – Беларусь усталявала дыпляматычныя адносіны з Канадай.

2005 – Вярхоўны суд Беларусі задаволіў зыск міністэрства юстыцыі аб закрыцьці НІСЭПІ.

2012 – з Магілёўскай калёніі №15 быў вызвалены Зьміцер Бандарэнка, давераная асоба кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава, каардынатар «Эўрапейскай Беларусі».
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

Мы покуль не народжаны народ,
Мы вязьні скамянелых яйцаклетак,
Мысьленча запаволены чарот;
Хтось падла, хтось зусім яшчэ падлетак,

Хтось піша і рыторыкай старой
Уводзіць юнакоў у заблужджэньне:
Змагар, руплівец, ходаньнік, герой,
Тытан, а мо й тытанік адраджэньня.

Стаміліся й губляем лік гадам:
Гады ў турме паўзучыя, як гады!
Дзе ж тая паўнагрудая мадам,
Што ўсіх нас павядзе на барыкады?

Што маем, ёй бы кінулі да ног!
І вартавыя чуюць нашы енкі,
Калі начамі ў каляровых снох
Мы бычым гэту кралю без сукенкі.

Мы валім дрэвы, чэшам камяні,
Капаем катлаваны і каналы,
Чакаем на спатканьні, лічым дні
Й абагульняем сьвет наш дасканалы.

Бо верым: навакольнае лайно
Цудоўным гноем станецца ў гасподзе.
Па-праз закратаванае акно
Гартуем дых, каб дыхаць на свабодзе.

Андрэй Хадановіч, Верш на Свабоду
XS
SM
MD
LG