Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі заклапочаныя ініцыятывай узьяднаньня Смаленшчыны зь Беларусьсю


Пра гатоўнасьць перадаць расейскую зямлю Беларусі напісала смаленская газэта «Рабочий путь». У артыкуле «Зямлю — беларусам», у прыватнасьці, гаварылася, што губэрнатар Аляксей Астроўскі выступіў з прапановай перадаць беларускаму боку землі ў Краснінскім, Вяліскім, Манастыршчынскім, Хіславіцкім, Ершыцкім, Шумяцкім і Руднянскім раёнах. Гэтыя расейскія рэгіёны мяжуюць з Магілёўшчынай і Віцебшчынай.

У якой форме мае адбыцца «перадача», не ўдакладняецца. Адзіная ўмова губэрнатара Смаленшчыны — каб сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, утвораныя ў гэтых раёнах, былі расейскія, і прыбыткі ішлі ў бюджэт Смаленскай вобласьці.
Смаленская газэта «Рабочий путь»: «Зямлю — беларусам»

Смаленская газэта «Рабочий путь»: «Зямлю — беларусам»



Прапанова набыла розгалас, у інтэрнэце пачаўся збор подпісаў у падтрымку ініцыятывы. У інтэрнэце на двух розных сэрвісах ужо падпісаліся больш за 2,5 тысячы чалавек.

Шэраг расейскіх мэдыяў сёньня пішуць пра ініцыятыву. На папулярным навінным сайце newsru.com ініцыятыва ўзьяднаньня Смаленска зь Беларусьсю стаіць галоўнай падзеяй дня.


Newsru.com задаецца пытаньнем: «Ці ўдасца цяперашняму кіраўніку рэгіёну Аляксею Астроўскаму ўвасобіць ідэю ў жыцьцё, сказаць цяжка. Пакуль у рэгіёне гадаюць, ці ўдасца губэрнатару атрымаць „падарожную“ ў прэзыдэнта Расеі на датэрміновыя выбары і хто можа скласьці яму канкурэнцыю».
У інтэрнэце на двух розных сэрвісах ужо падпісаліся больш за 2,5 тысячы чалавек.


Як піша newsru.com, газэта «Рабочий путь», празь якую Аляксея Астроўскага западозрылі ў сэпаратызьме, зьяўляецца найстарэйшым у рэгіёне грамадзка-палітычным выданьнем і чатыры разы адзначана знакам «Залаты фонд прэсы».

Пра рэпрэсіі ў адрас рэдакцыі альбо журналіста, які недастаткова выразна выклаў пазыцыю кіраўніка рэгіёну, пакуль не паведамляецца.


16 сакавіка вынікі крымскага рэфэрэндум справакавалі шырокае абмеркаваньне магчымага тэрытарыяльнага перадзелу. На Захадзе мяркуюць, што Ўладзімір Пуцін можа далей напасьці на Фінляндыю, Аляску, Прыднястроўе і Прыбалтыку. Зь іншага боку, у Японіі намякаюць на магчымасьць правядзеньня рэфэрэндуму аб самавызначэньні на Курылах. Асобныя палітыкі казалі пра жаданьне падобнага рэфэрэндуму ў Калінінградзе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG