Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт з Кіева: Расея прайграла, а Ўкраіна выйграла


Аляксей Гарань (Олексій Гарань)
Аляксей Гарань (Олексій Гарань)

Прафэсар Кіева-Магілянскай акадэміі Аляксей Гарань даў ацэнку пазыцыі Беларусі ў расейска-ўкраінскім канфлікце, распавёў, пра што могуць быць цяпер перамовы Кіева і Масквы, а таксама патлумачыў, чаму Ўкраіна перамагла, страціўшы Крым.

— Як у Кіеве глядзяць па пазыцыю Беларусі адносна расейска-ўкраінскага канфлікту?

—Для Ўкраіны цяпер вельмі важны той факт, што найбліжэйшыя хаўрусьнікі Расеі прызналі тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны і не падтрымалі крымскі рэфэрэндум.

У гэтым сэнсе пазыцыя Беларусі выгадна адрозьніваецца ад пазыцыі, якую неспадзявана заняў Казахстан. Для мяне гэта было вельмі дзіўна, чаму Назарбаеў пайшоў на прызнаньне. У Казахстане таксама вялікая колькасьць расейскамоўнага насельніцтва. Казахстан таксама мае патэнцыйныя тэрытарыяльныя праблемы з Расеяй і Кітаем. Але Казахстан пайшоў на гэта пад ціскам Расеі.

— Пра што цяпер могуць быць перамовы Ўкраіны і Расеі?

— Перамовы ня могуць быць пра ўладкаваньне Ўкраіны. А цяпер Расея хоча навязаць нам сваё бачаньне будучай Канстытуцыі, фэдэралізацыю Ўкраіны і дзяржаўны статус расейскай мовы. І пры гэтым яны яшчэ патрабуюць, каб Украіна пагадзілася з анэксіяй Крыму. Усё гэта непрымальна, бо гэта ўмяшаньне ва ўнутраныя справы.

Магчымыя перамовы тэхнічнага характару пра тое, як вырашаць пытаньні ўкраінскіх грамадзянаў, якія засталіся ў Крыме. Паўстае вельмі шмат пытаньняў: пераразьлік пэнсіяў, цэны на энэрганосьбіты і ваду, як будуць вырашацца пытаньні ўкраінскай уласнасьці на паўвостраве. Тут, я думаю, можна весьці перамовы. Таксама могуць быць перамовы пра зьніжэньне напругі і дээскаляцыю канфлікту.
Аляксей Гарань выступае на майдане 4 лютага
Аляксей Гарань выступае на майдане 4 лютага

— Як вы ацэньваеце дзеяньні Захаду ў «крымскай вайне»?

— Цягам трохмесячных падзеяў ва Ўкраіне Захад больш гаварыў, замест таго каб увесьці санкцыі супраць Януковіча. Тады гэта была вялікая памылка, бо ўкраінцы заставаліся сам-насам зь Януковічам і Пуціным.

У дадзенай сытуацыі санкцыі былі ўведзеныя дастаткова хутка. Ёсьць пералік канкрэтных асобаў, замарожваюцца іхнія рахункі. І гэтыя санкцыі будуць мець балючы характар.

Іншая справа, што паўстае пытаньне: ці дастаткова будзе замарожваньня рахункаў, або спатрэбяцца шырэйшыя эканамічныя санкцыі?

Пакуль Захад устрымліваецца ад таго, каб увесьці санкцыі супраць усёй Расеі. Сёньня Мэркель заявіла, што гэта будзе трэцяя фаза санкцыяў, калі наступіць такая неабходнасьць.
Расея прайграла гэтую вайну. Яна акупавала Крым войскамі, але тое, што адбывалася навокал, паказвае, што гэта абсалютная параза

Я хацеў бы адзначыць, што гэтыя санкцыі — ня словы, а рэальныя дзеяньні. Замарожваюцца рахункі банку «Россия», празь які «Газпром» праводзіць апэрацыі — гэта вельмі сур’ёзна.

Магчыма, я хацеў бы больш санкцыяў, каб яны закранулі большую частку расейскіх чыноўнікаў. Але мы павінны зразумець, што Захад не гатовы ваяваць. І, на вялікі жаль, Украіна — ня сябра НАТО. І мы ня можам прэтэндаваць на аўтаматычнае дзеяньне вайсковых гарантыяў.

Зараз галоўнае, што Расея прайграла гэтую вайну. Яна акупавала Крым войскамі, але тое, што адбывалася навокал, паказвае, што гэта абсалютная параза.

Усе пабачылі, хто агрэсар. Гэта першая анэксія ў Эўропе пасьля Другой усясьветнай вайны. Пуціну ўдалося паўтарыць Гітлера і Сталіна.

Парадокс гісторыі ў тым, што Ўкраіна выйграла, а Расея прайграла.

Я глядзеў сёньня цырымонію падпісаньня дамовы пра асацыяцыю з Эўразьвязам. Я думаю, што гэта адказ Пуціну, які гаворыць пра нелегітымнасьць ураду ў Кіеве. Але з гэтым урадам падпісалі пагадненьне кіраўнікі 28 краінаў.

Нам трэба зараз скарыстацца гэтым, каб пачаць рухацца ў бок Эўропы

Плян Пуціна палягаў у тым, каб акупаваць ня толькі Крым — каб захапіць ці раскалоць усю Ўкраіну. І выглядае, што зараз гэты плян зрываецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG