Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Янушкевіч: Багдановіч павінен вярнуцца з Крыму дадому


Помнік на магіле Максіма Багдановіча ў Ялце
Помнік на магіле Максіма Багдановіча ў Ялце

Ня ўсё насельніцтва Крыму аднолькава радуецца новым парадкам, усталяваным Масквой. Значная частка асьцерагаецца этнічных чыстак і вымушанага ад’езду са «спрадвечных расейскіх земляў». Тым часам у Беларусі пашыраецца кампанія за ўратаваньне самага знакамітага беларуса ў Крыме — Максіма Багдановіча, які трапіў пад расейскую акупацыю на старых могілках Ялты: знаўцы лічаць, што надышоў час вярнуць цела клясыка на радзіму.

Што адбываецца ў Крыме на наступны дзень пасьля рашэньня Крамля ўключыць паўвостраў у склад Расейскай Фэдэрацыі? Праз тэлефон зь Севастопаля, які атрымаў статус «расейскага» асобным пунктам, расказвае бізнэсовец, экс-дэпутат Вярхоўнага Савету, былы палітвязень Уладзімер Кудзінаў. Пасьля выхаду з турмы ён разам зь сям’ёй пераехаў у Крым, дзе і жыве апошнія 10 гадоў. Ці бясьпечна цяпер у галоўным пункце дысьлякацыі расейскіх войскаў?

«У Севастопалі ня страшна. Увесь гэты час я, жонка, дачка, унукі свабодна перасоўваліся па горадзе. Што навокал? Учора выяжджаў зь Севастопаля ў Еўпаторыю, дык стаіць блёк-пост: на выезьдзе не правяраюць, а на ўезьдзе цывільная асоба з так званай самаабароны просіць адчыніць багажнік, праводзіць агляд. Дакумэнтаў ня просяць — можа, што ў мяне нумары севастопальскія, дык прасьцей. Прынамсі, пакуль не чуваць, каб хто перасьледаваў скептычна настроеных да далучэньня. Натуральна, на мітынгах натоўп, і калі чалавек выйдзе на трыбуну і пачне гаварыць, што ён супраць Расеі, то натоўп некантраляваны, выяўляюцца розныя агрэсіі. Але ў жылых раёнах усё досыць мірна. Людзі ня вераць, што можа адбыцца нешта звышнатуральнае. У Севастопалі пакуль няма масавага скупляньня прадуктаў харчаваньня, хіба што па асобных відах — нібыта муку разабралі ў крамах, але гэта збольшага зьвязана з падвозам харчоў. Самі севастопальцы лічаць, што трэба чакаць падаражэньня прадуктаў на 20–30%, працэс заканамерны».
«Мэрсэдэс» Кудзінава пакуль на ўкраінскіх нумарах
«Мэрсэдэс» Кудзінава пакуль на ўкраінскіх нумарах

Карэспандэнт: «Як лічыце, ці пачнуць расейцы сілай выціскаць украінскіх вайскоўцаў з Крыму?»

«Цяжка сказаць. Але калі нават сёньня глядзець, то самаабарона распачала штурм штабу Ваенна-марскіх сілаў Украіны. Ну, калі дэ-юрэ гэта тэрыторыя Расейскай Фэдэрацыі, палітыкі мусяць дамовіцца і ўкраінская армія павінна са зброяй у руках адыходзіць на мацерыковую частку краіны. Як яны, палітыкі, дамовяцца, — ня ведаю. Самае галоўнае, каб тых вайскоўцаў, якія тут знаходзяцца (а яны ўжо ў меншасьці, дый узбраеньне ў іх, вядома, нашмат слабейшае, чым у расейцаў), не штурхалі на правакацыі. Да апошняга часу толькі ўчора ў Сымфэропалі быў выпадак правакацыі, забілі прапаршчыка. А так адносна спакойна. Як бы і дагэтуль размаўлялі мовай ультыматумаў, але ніхто ўльтыматумы ў дзеяньне не прыводзіў».
Рэкляма «Русского единства» на білбордзе ў Крыме, 2010 год
Рэкляма «Русского единства» на білбордзе ў Крыме, 2010 год

У іншых месцах паўвострава сытуацыя больш напружаная. Сымфэропальскі журналіст Яўген Пыльчанка лічыць, што цяперашняе зацішша — зьява падманлівая. На яго думку, найперш могуць «выбухнуць» крымскія татары, супраць якіх ужо распачаліся правакацыі і якія, адрозна нават ад этнічных украінцаў, доўга трываць зьдзек ня будуць. Асабліва напружанае становішча ў Белагорскім раёне, дзе днямі пахавалі выкрадзенага і закатаванага маладога чалавека:

«На самой справе ў Крыме зараз пачынаюцца этнічныя чысткі, я не перабольшваю. Гэта ня тычыцца ўкраінцаў, бо самі па сабе ўкраінцы — народ дастаткова хітры і могуць дастаткова лёгка прыкінуцца расейцамі, гэта расеец ня зможа прыкінуцца ўкраінцам. Таму тая частка ўкраінцаў у Крыме, якая тут даўно жыве, пакуль не агрэсіўная. Уся праблема ў іншым, у татарах. Іх насамрэч шмат. 200 тысяч — гэта вельмі шмат. І вось супраць іх гэтыя так званыя „новыя рускія“, якія проста ў вочы зараз кажуць, што вы, маўляў, народ-здраднік, вы ня маеце права жыць на „расейскай“ ужо зямлі, фактычна рыхтуюць маштабныя чысткі. Таму праблемы будуць якраз з крымскімі татарамі, і, як мне здаецца, найперш, у Сымфэропалі, Бахчысараі. Ужо ідзе да таго, што пачынаюць іх біць, зьдзекавацца. Якраз днямі было пахаваньне чалавека, якога катавалі і забілі. Дзейнічаюць фактычна паводле таго ж сцэнару, як на Майдане. Як усё будзе далей — а татары, па вялікім рахунку, пакуль проста маўчаць — казаць вельмі цяжка».

Магіла Максіма Багдановіча ў Ялце
Магіла Максіма Багдановіча ў Ялце
Тым часам расейская акупацыя вымагае перагляду стаўленьня ня толькі да страчанай украінцамі тэрыторыі, але і да тых, хто знайшоў у гэтай зямлі апошні спачын. Дзеячы культуры Беларусі ўсё больш актыўна абмяркоўваюць магчымасьць перавозу зь Ялты ў Менск цела клясыка айчыннай літаратуры, паэта Максіма Багдановіча. Адзін з прыхільнікаў перазахаваньня — літаратуразнаўца і археограф Язэп Янушкевіч:

«Максім павінен вярнуцца дадому, гэта бясспрэчна і адназначна. Проста згадайце іншыя вялікія падзеі і вялікіх людзей у падобнай сытуацыі. Ён што, сам там апынуўся? Яму што, міла там сьніць сны пра радзіму? Толькі вяртаць дадому, нічога іншага. Бо ў Крым мы і так не былі вялікія ахвотнікі ехаць, а цяпер — тым болей. Дарэчы, нам трэба будзе, як кажуць, павярнуць сюды ня толькі Максіма Багдановіча, але і Касьцюшку, і Манюшку, і Міцкевіча, і Крашэўскага, і яшчэ дзясяткі выдатных нашых сыноў, якія не па сваёй волі спачылі не ў сваёй роднай зямлі. Таму я абедзьвюма рукамі за гэтую ідэю, якую, па-мойму, дастаткова абгрунтаваў».
Аўтарская эпітафія на помніку на магіле Максіма Багдановіча
Аўтарская эпітафія на помніку на магіле Максіма Багдановіча

Як кажуць аналітыкі, на непрыхаваную актывізацыю расейскага фактару ў Крыме ўкраінскім уладам варта было зьвярнуць увагу яшчэ некалькі гадоў таму. У 2010-м, напярэдадні выбараў у мясцовы парлямэнт, уся тэрыторыя паўвострава была завешаная плякатамі новастворанага «Русского единства» пад лёзунгам «Подъем Крыма!» Тады падтрыманаму Крамлём кіраўніку партыі Сяргею Аксёнаву займець канстытуцыйную большасьць у Вярхоўным Савеце не ўдалося. Але пры першай жа зручнай нагодзе былы вайсковец абвясьціў сябе «большасьцю» і фактычна здаў Крым Маскве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG