Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Кудзінаў: рэфэрэндум у Крыме Расея прайграе


Уладзімер Кудзінаў

Уладзімер Кудзінаў

Былы дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, прадпрымальнік Ўладзімер Кудзінаў, які цяпер жыве і працуе ў Крыме, у інтэрвію «Свабодзе» расказаў пра становішча ў Крыме з пункту гледжаньня мясцовага жыхара.

У лістападзе 1996 году Ўладзімер Кудзінаў быў адным зь ініцыятараў імпічмэнту прэзыдэнту Лукашэнку. У лютым 1997 году ён быў арыштаваны паводле сфальсыфікаванага абвінавачаньня ў дачы хабару і асуджаны да сямі гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Выйшаў на волю ў лютым 2001 году, адбыўшы чатыры гады за кратамі. І ў тым жа годзе разам зь сям’ёй пераехаў ва Ўкраіну, у Крым, дзе займацца птушкагадоўляй.

Абламейка: Спадар Уладзімер, наколькі лёзунгі аддзяленьня Крыму ад Украіны папулярныя на паўвостраве?

Кудзінаў: Быў мітынг на плошчы Нахімава ў Сэвастопалі. Сярод лёзунгаў былі і заклікі да таго, каб Сэвастопаль увайшоў у скалад Расейскай Фэдэрацыі. У мітынгу бралі ўдзел 20-25 тысяч чалавек. Але ў Сэвастопалі жывуць 400 тыся чалавек, так што на мітынгу была толькі нейкая частка насельніцтва. Таму самае аб’ектыўнае — гэта, натуральна, правядзеньне ўсеагульнага рэфэрэндуму аб статусе, каб не было спрэчак аб тым, чый гэта горад, расейскі або ўкраінскі. На маю думку, смае аб’ектыўнае — зрабіць горад свабоднай эканамічнай зонай, каб людзі — і ўкраінцы, і беларусы, і расейсцы, і эўрапейцы — маглі бесьперашкодна прыяжджаць у горад. Нехта будзе адпачываць, нехта займацца інвэстыцыйнай дзейнасьцю. Я лічу, што ў цяперашнім становішчы сытуацыю павінны вырашаць разам украінскія і расейскія ўлады. Я разумею, што Расея баіцца перагляду Харкаўскіх пагадненьняў аб расейскім флёце... Гістарычна Сэвастопаль лічыцца горадам расейскай вайсковай славы, таму ў Расеі вялікая ўвага менавіта да Сэвастопаля і Крыму.

Абламейка: Мы гаворым пра настроі людзей у Сэвастопалі, але ж увесь Крым — гэта ня толькі і ня столькі Сэвастопаль...

Кудзінаў: У самім Сэвастопалі 70 працэнтаў расейскамоўнага насельніцтва, і калі праводзіць рэфэрэндум, то працэнтаў 70 жыхароў гораду прагаласуюць за ўваходжаньне Сэвастопаля ў склад Расейскай Фэдэрацыі. Гэта аб’ектыўна.

Абламейка: Правільна, але ўвесь Крым значна большы за Сэвастолпаль. А расейскія палітыкі, калі сёньня гавораць пра сытуацыю ў Крыме, яны маюць на ўвазе ўвесь паўвостраў, а ня толькі Сэвастопаль. На вашу думку — думку былога палітыка, дэпутата Вярхоўнага Саевету і мясцовага жыхара — наколькі верагодна, каб Крым цалкам перайшоў у склад Расеі? Ці гэта магчыма? Ці такія настроі ва ўсім Крыме?

Кудзінаў: Я думаю, што гэта немагчыма. На Крымскім паўвостраве жывуць 2,2-2,3 мільёна чалавек. Працэнтаў 20 зь іх — крымскія татары, працэнтаў 30 — гэта этнічныя ўкраінцы, працэнта 5 — беларусы (шмат беларусаў яшчэ ў 50-я гады пераяжджала сюды), і таму тут расклад расейскага насельніцтва недзе 60 на 40. Гэта значыць, 60 — гэта іншых нацыянальнасьцяў, а працэнтаў 40 — менавіта расейскамоўнага насельніцтва, якое на дадзеным этапе можа падтрымаць пераход Крыму ў склад Расейскай Фэдэрацыі. Здаецца, асобныя палітыкі ў Сымфэропалі хочуць, каб быў рэфэрэндум і каб на яго паставілі тры пытаньні: Крым у складзе Ўкраіны, Крым у складзе Расеі, і Крым як свабодная аўтаномія, асобная дзяржава. Думаю, што 50 працэнтаў ніводнае з гэтых пытаньняў не набярэ.

Абламейка: Калі гаворка ідзе пра сытуацыю ў Крыме, то першае пытаньне пра мовы — мову расейскую і мову ўкраінскую. Вы жывяце ў Крыме, вы мясцовы жыхар. Наколькі востра ў апошнія гады стаяла там пытаньне ўкраінскай мовы? Ці навязваецца гэтая мова? Ці карыстаецеся вы ёй у сваёй дзейнасьці прадпрымальніка, ці пішаце паперы на ўкраінскай мове? Як гэта выглядае знутры, з пункту гледжаньня жыхара Крыму?

Кудзінаў: Украінская мова тут прымяняецца толькі непасрэдна ў дзяржаўных органах кіраваньня, бо ўкраінская мова зьяўляецца дзяржаўнай мовай Украіны. У апошнія гады быў закон аб рэгіянальных мовах, які цяпер адмянілі дэпутаты Вярхоўнай Рады. Ну а наогул, людзі ў Сэвастопалі і ў Крыме размаўляюць на расейскай мове. Украінская мова ў зносінах тут прымяняецца вельмі рэдка. Усё кантактаваньне пераважна адбываецца па-расейску.

Абламейка: Гэта значыць, навязваньня з боку дзяржавы ўкраінскай мовы не было, вы маглі пісаць свае дакумэнты па-расейску?

Кудзінаў: Так. Але калі мы жывем ва ўкраінскай дзяржаве, хай мы ня можам размаўляць па-ўкраінску, мы яе разумеем. Толькі ў часы Юшчанкі было, як кажуць, навязваньне ўкраінскай мовы, але яна навязвалася толькі дзяржаўным службоўцам, бо ўся дакумэнтацыя ідзе на ўкраінскай мове.

Слухаць гутарку цалкам:

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG