Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША будуць прадаваць Украіне звадкаваны газ


Джон Маккейн на Майдане ў Кіеве 14 сакавіка

Джон Маккейн на Майдане ў Кіеве 14 сакавіка

Кіраўнік дэлегацыі амэрыканскіх сэнатараў ва Ўкраіне Джон Маккейн лічыць, што эканамічныя санкцыі могуць сур’ёзна паўплываць на Расею ў выпадку, калі яе ваенныя перасякуць усходнюю мяжу Ўкраіны. Пра гэта ён сказаў на прэс-канфэрэнцыі ў Кіеве.

«Мы лічым, што эканамічныя санкцыі могуць паўплываць дастаткова сур’ёзна так, як гэта было ў Іране. Мы ўсе згодныя, што іранцы селі за стол перамоваў у выніку такой працы. Эканамічныя санкцыі супраць кампаній, супраць ураду, супраць канкрэтных асобаў — гэта вельмі важная рэч, і яны будуць мець уплыў», — адзначыў Маккейн.

«Не магу сказаць, якой будзе наша неадкладная рэакцыя, але Амэрыка і яе саюзьнікі ў Эўропе будуць дзейнічаць», — запэўніў ён. Маккейн паведаміў, што ўсе сэнатары падтрымліваюць Украіну. «Мы ўсе аб’яднаныя ў падтрымцы ўкраінскага сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці», — сказаў ён.

Паводле яго слоў, Расея беспадстаўна парушае прынцыпы тэрытарыяльнай цэласнасьці. А украінскі ўрад, адзначыў Маккейн, зьяўляецца канстытуцыйным і законным. У сваю чаргу сэнатар Джон Гувен сказаў, што Амэрыка можа пастаўляць Украіне звадкаваны газ і такім чынам аказваць ціск на Расею.

Сэнатар Шэлдан Уайтхаус адзначыў, што Ўкраіна зараз вырываецца з кайданоў карупцыі і выходзіць на новы ўзровень. Але, на жаль, выйсьці на гэты ўзровень ёй перашкаджаюць зьнешнія сілы. Ён падкрэсьліў, што Расея не паводзіць сябе як цывілізаваная краіна і няма гарантый, што яе паводзіны не пагоршацца.

«Мы ў адзін голас будзем казаць прэзыдэнту, што ён павінен як мага мацней падтрымаць Украіну, каб спыніць агрэсію з боку Расеі, абараніць незалежнасьць і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, уключаючы балючыя санкцыі ў дачыненьні да Расеі, прамысловасьці і яе алігархаў», — сказаў Уайтхаус. Ён адзначыў, што Расеі ня варта чакаць, што яна можа жыць у сьвеце і карыстацца перавагамі цывілізаваных краін без цывілізаваных паводзін.
XS
SM
MD
LG