Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія палітыкі супраць расейскай агрэсіі ва Ўкраіне


Расейскае пасольства ў Менску

Расейскае пасольства ў Менску

Спыніць правакацыі і неадкладна вывесьці войскі з тэрыторыі Ўкраіны заклікалі сустаршыні аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі і Павал Севярынец, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Яны перадалі ў амбасаду Расеі зварот да кіраўніцтва Расеі.

У звароце выказваецца пратэст супраць «незаконнага ўводу войскаў Расейскай Фэдэрацыі ва Ўкраіну і ваеннага ўварваньня на тэрыторыю незалежнай дзяржавы».

«Мы асуджаем акт непрыхаванай агрэсіі з боку ўраду Расеі ў дачыненьні да Ўкраіны і ўкраінскага народу. Дзеяньні расейскага кіраўніцтва сеюць варожасьць паміж народамі і правакуюць збройны канфлікт ва Ўсходняй Эўропе. Патрабуем выкананьня міжнародных дамоваў, падпісаных Расейскай Фэдэрацыяй, якія гарантуюць захаваньне тэрытарыяльнай цэласьці і незалежнасьці Ўкраіны. Заклікаем спыніць правакацыі і неадкладна вывесьці войскі з тэрыторыі Ўкраіны», — адзначаецца ў дакумэнце.

Палітыкі перакананыя, што большасьць беларусаў салідарныя з украінскім народам у яго барацьбе за дэмакратыю і незалежнасьць.

Зварот у амбасаду перадаў Віталь Рымашэўскі, хоць амбасадар адмовіўся сустракацца з палітыкам. Міліцыянты прымусілі выдаліць фатаздымкі, зробленыя каля амбасады.

Віталь Рымашэўскі заклікаў беларускія партыі, рухі і арганізацыі, простых беларусаў зьвяртацца ў расейскую амбасаду — праз пошту ці непасрэдна — з падобнымі зваротамі.
XS
SM
MD
LG