Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей: Не хацелася, каб ва Ўкраіне адбылася «югаславізацыя»


Уладзімер Макей

Уладзімер Макей

Беларусь зацікаўленая ў тым, каб Украіна засталася стабільнай, тэрытарыяльна цэласнай, незалежнай дзяржавай.

Пра гэта заявіў міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей у інтэрвію BNS:

«Не хацелася, каб ва Ўкраіне адбылася, скажам так, „югаславізацыя“, як гэта было ў свой час на Балканах. Мы зацікаўленыя ў тым, каб Украіна засталася стабільнай, тэрытарыяльна цэласнай, незалежнай дзяржавай, каб там не было таго, што адбываецца сёньня. Я назваў гэта трагедыяй. Мы зацікаўлены ва Ўкраіне як стабільным нашым партнэры, нашым блізкім сябры».

Што да прызнаньня дзейных органаў улады ва Ўкраіне, то, паводле Макея, беларускі бок «вельмі спакойна, але вельмі асьцярожна глядзіць на ўсё, што адбываецца».

«На жаль, інфармацыя, якая паступае з Украіны, сьведчыць пра тое, што зь перамогай так званага „майдана“ абсалютна нічога ня скончылася. Гэта яшчэ, магчыма, толькі пачатак. Трэба старанна прааналізаваць і з нацыянальнага, і з міжнародна-прававога гледзішча, і з пункту гледжаньня легітымнасьці цяперашняга складу ўраду. Мы не адмаўляемся ад кантактаў зь імі, наадварот, шэраг асоб, якія ўваходзяць у склад новага ўраду, мы ведаем і кантактавалі зь імі і раней. І маем намер падтрымліваць нармальныя сувязі і надалей», — сказаў Макей.

Адносна падзеяў у Крыме Ўладзімер Макей адзначыў, што неабходна валодаць поўнай інфармацыяй для таго, каб даваць ацэнку паводзінам Расеі, Злучаных Штатаў Амэрыкі і іншых дзяржаў:

«Я думаю, што сёньня да канца ніхто ня ведае, што адбываецца ва Ўкраіне і ў Крыме. Я б ня стаў цяпер вінаваціць якую-небудзь краіну ў тым, што хтосьці нагнятае жарсьці і распальвае гэтыя жарсьці ў тым ці іншым рэгіёне. Трэба разумець, што ў тым жа самым Крыме жыве велізарная колькасьць людзей, якія не зусім згодныя з тым, што адбываецца ў Кіеве. Гэтак жа ўсходняя частка Ўкраіны прытрымліваецца ў пэўнай меры іншых поглядаў, чым заходняя частка Ўкраіны. Такі мэнталітэт украінскага народу».

Міністар дадаў, што «праблема Ўкраіны цяпер палягае ў тым, каб аб’яднаць вось гэтыя адрозныя часткі».
XS
SM
MD
LG