Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Вэнэсуэлы: беларусы — па-за ачагамі беспарадкаў


Амэрыка Дыяс Нуньес (у цэнтры)

Амэрыка Дыяс Нуньес (у цэнтры)

Амбасада Вэнэсуэлы склікала прэс-канфэрэнцыю, каб патлумачыць журналістам, што адбываецца ў краіне.

Паводле паведамленьняў Франс Прэс, ужо 9 чалавек сталі ахвярамі сутыкненьняў у Вэнэсуэле, 137 параненыя. Генпракурор Вэнэсуэлы Артэга Дыяс таксама праінфармавала пра затрыманьне 104 чалавек. Сярод затрыманых — лідэр апазыцыі Леапольда Лопэс.

На акцыі пратэсту ў Вэнэсуэле выйшлі як прыхільнікі, так і праціўнікі палітыкі прэзыдэнта Нікаласа Мадура. Пад кантролем апазыцыі некаторыя кварталы ў сталіцы Вэнэсуэлы — Каракасе.

У часе канфлікту з Вэнэсуэлы выслалі трох дыпляматаў ЗША з фармулёўкай «за ўмяшаньне ва ўнутраныя справы». Улады Вэнэсуэлы таксама абвясьцілі пра раскрыцьцё змовы апазыцыі, якая нібыта плянавала забіць свайго лідэра Леапольда Лопэса з мэтай «выклікаць хвалю непарадкаў, якія прывялі б да ўмяшаньня міжнародных сіл».

На прэс-канфэрэнцыі амбасадар Вэнэсуэлы ў Беларусі Амэрыка Дыяс Нуньес азнаёміў журналістаў з пазыцыяй уладаў сваёй краіны ў дачыненьні да непарадкаў. На думку прадстаўніка амбасады, у сувязі з сытуацыяй ва Ўкраіне ў СМІ і сацыяльных сетках ёсьць прыклады шматлікіх маніпуляцыяў, якія «ачарняюць вобраз Вэнэсуэлы». Амбасадар агучыў лічбу ў 8 загінулых, дадаўшы, што 7 зь іх — гэта «чавісты».

Паводле амбасадара, беларускім спэцыялістам, якія знаходзяцца ў Вэнэсуэле, небясьпека не пагражае:

«Да майго ад’езду ў Беларусь я сустракаўся з амбасадарам Беларусі ў Вэнэсуэле. Будынак амбасады — ва ўсходняй частцы Каракаса. Ані супрацоўнікам, ані будынку дыпмісіі не павінна нічога пагражаць. Хоць мы ня можам ведаць пра пляны тых сілаў, якія спрабуюць дэстабілізаваць сытуацыю.

Што тычыцца спэцыялістаў, якія працуюць у Вэнэсуэле, яны знаходзяцца па-за ачагамі беспарадкаў. Больш за тое — там, дзе яны разьмяшчаюцца, найчасьцей знаходзіцца ахова. Да таго ж вэнэсуэльскі народ, які збольшага не падтрымлівае гэтыя акцыі, — таксама гарант бясьпекі беларускіх спэцыялістаў, праца якіх ідзе выключна на карысьць вэнэсуэльскаму народу.

Беларускія спэцыялісты працуюць на тэрыторыях вайсковых базаў у Маракаі і Каракасе. Яны займаюцца ўзьвядзеньнем жытла. Можна сказаць, што яны ў бясьпецы. У Барынасе таксама вядуцца будаўнічыя працы, але яны адбываюцца за горадам. Вайскоўцы забясьпечваюць бясьпеку тэрыторыяў, на якіх працуюць спэцыялісты».

Паводле амбасадара, цяпер у Вэнэсуэле каля 1000 беларусаў.
XS
SM
MD
LG