Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Майдан — інфляцыя 0,9%, стабільнасьць — інфляцыя 16,5%


Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі сёньня абвясьціў індэкс росту спажывецкіх цэнаў за студзень 2014 году на абшарах СНД.

У гэтай табліцы ёсьць два параўнаньні — са студзенем і са сьнежнем мінулага году.

«Прафэсіяналы бяруць для аналізу адпаведны час — сёлетні і леташні. Таму я б параўноўваў студзень-2014 са студзенем-2013. Але, калі мы хочам, каб насельніцтва лепей адчувала бягучую сытуацыю, то тады лепей параўноўваць студзень-2014 са сьнежнем-2013», — тлумачыць кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка.

«На першы погляд, розьніца невялікая — у нас прырост на 1,6%, а ў Расеі і Казахстана — на 0,6%. Але 1% за адзін месяц — гэта ўжо 12% розьніцы за год. Так што мы зноў захапілі незайздроснае лідэрства на Адзінай эканамічнай прасторы.

Але я б хацеў зьвярнуць увагу на Ўкраіну. У яе зноў лепшыя вынікі параўнальна і з Казахстанам, і з Расеяй, і зь Беларусьсю. Летась украінцы наагул мелі прырост інфляцыі менш за 1%. А мы — аж 16,5%».

«Дык як жа гэта атрымліваецца: з аднаго боку — стабільная Беларусь, з другога — Украіна зь яе Майданам, а вынікі лепшыя ў іх, а ня ў нас?» — цікаўлюся ў спадара Заікі.

«Калі мне задаюць беларусы такое пытаньне, я звычайна задаю ім сваё пытаньне: а што б вы хацелі — палаткі на цэнтральнай плошчы ў Менску і амаль нулявую інфляцыю альбо поўную стабільнасьць і рост цэнаў як з фантана — на 16,5%?

Інфляцыя — прадукт дзейнасьці Цэнтрабанку краіны. Беларусь і Ўкраіна побач. Абменны курс даляра ў іх прыкладна роўны. Але грашовая палітыка беларускага Нацбанку мяккая, як падушка. А ва Ўкраіне Нацбанк заняў цьвёрдую пазыцыю. Таму ўсе гэтыя размовы пра нестабільнасьць ва Ўкраіне праходзяць на тле ўстойлівых цэнаў».

XS
SM
MD
LG