Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Булгакаў: Я раіў бы Лукашэнку пачытаць ARCHE


Валер Булгакаў падчас прэзэнтацыі
Валер Булгакаў падчас прэзэнтацыі
13 лютага ў Магілёве адбылася вечарына, прысьвечаная 130-годзьдзю грамадзкага дзеяча, аднаго з ідэолягаў беларускага адраджэньня пачатку 20-га стагодзьдзя Антона Луцкевіча. Імпрэзу арганізавала мясцовая суполка Таварыства беларускай мовы. Гасьцямі былі галоўны рэдактар часопісу ARCHE Валер Булгакаў і гісторык Анатоль Сідарэвіч.

Анатоль Сідарэвіч прэзэнтаваў нумары часопіса, у якія ўвайшлі працы Антона Луцкевіча, а таксама публікацыі, прысьвечаныя яму. Валер Булгакаў гаварыў пра свой часопіс у цэлым ды ягоныя апошнія нумары. Вечарына праходзіла ў грамадзкім цэнтры «Кола».

Часопіс ARCHE зьявіўся на мэдыйным рынку Беларусі ў 1998 годзе. За няпоўныя шаснаццаць гадоў выданьне зрабілася папулярным, а яго нумары нярэдка становяцца рарытэтнымі. З чаго пачынаўся часопіс, чым ён стаў і якія ў яго пляны, ці чытае яго Аляксандар Лукашэнка і ці ёсьць пэрспэктывы ў беларускамоўнага кнігавыданьня?

Галоўны рэдактар часопісу Валер Булгакаў адказаў на пытаньні карэспандэнта Свабоды.

У прадмове да першага нумару ARCHE Валер Булгакаў адзначыў: «Мы ня ведаем, чым будзем у будучыні і ў што перародзімся». Думак, кажа ён цяпер, было шмат наіўных і беспадстаўных. Але ж галоўнае — часопіс актыўна эвалюцыянаваў, і найлепшы вынік за гэтыя пятнаццаць гадоў — што ён ёсьць і застаецца запатрабаваным:

— Часопіс на пачатку меў пэрыядычнасьць няпэўную, але ад 2006 году ARCHE ўдалося вытрымліваць штомесячную пэрыядычнасьць. ARCHE перарадзіўся ў вялікі кніжны праект, па беларускіх мерках. У нас сайт. Ён дужа недасканалы. Прыходзіць вельмі шмат крытыкі на яго адрас, і ён для нас — вялікі выклік. Ёсьць зь ім зьвязаныя пляны, перадусім з камэрцыйным абаротам электроннай беларускай кнігі. У Беларусі гэты рынак фактычна адсутнічае. І наша лянота і невуцтва, відаць, замінаюць нам зарабляць грошы на беларускамоўнай кнізе — ня толькі з папяровага абароту, але й з электроннага. Спадзяюся, што нам удасца запусьціць электронную кнігарню, якая будзе прадаваць, а ня толькі прапагандаваць, беларускамоўны электронны кантэнт.
Падчас прэзэнтацыі
Падчас прэзэнтацыі

За час існаваньня ARCHE выйшла 160 нумароў часопіса. Калі скласьці іх у адзін стос, кажа Валер Булгакаў, — гэта 140 тысяч старонак. Найбольш запатрабаваныя чытачамі тэмы — гістарычная, адрасаваная масаваму чытачу, літаратурныя выпускі ды найноўшая беларуская палітыка. Булгакаў адзначае, што, акрамя розных формаў апалягетыкі, у Беларусі амаль што адсутнічаюць сур’ёзныя публікацыі, прысьвечаныя, напрыклад, такой асобе як Аляксандар Лукашэнка:

— А грамадзтва ж хоча ведаць, як адбываецца беларуская палітыка, як прымаюцца палітычныя рашэньні. Хоча ведаць прыватнае жыцьцё Аляксандра Лукашэнкі. Нашы кволыя спробы адказваць на гэтыя запыты сканчаліся з разу ў раз катастрофамі. У 2004 годзе мы выдалі нумар, прысьвечаны 50-годзьдзю Лукашэнкі, і атрымалі перасьлед ARCHE праз падатковыя службы, а таксама адмову прадаваць часопіс праз сыстэмы «Белсаюздрук» і «Белкніга». Наш скандальны выпадак у 2012 годзе ў Горадні мае таксама такі жа генэзіс.

— Думаеце, Аляксандар Лукашэнка чытае ARCHE? Чым выклікана такая рэакцыя на публікацыі часопісу?

— Я перакананы, што Аляксандар Лукашэнка не чытае ARCHE. Безумоўна ёсьць службы ўнутры Міністэрства інфармацыі Беларусі, галоўнай ідэалягічнай управы ў адміністрацыі прэзыдэнта, якія адсочваюць публікацыі і на высокім узроўні прымаюцца рашэньні, якія датычаць распаўсюду, забароны, перарэгістрацыі. Усе гэтыя нашы гісторыі і наша цудоўнае адраджэньне, зьвязаныя з тым, што з самага верху не было дадзена каманды нас зьнішчыць. Тут сам апарат, бюракратычная сыстэма, вырашала, што рабіць. І хачу аддаць належнае, што сярод гэтых дзеячаў, якія працуюць у тых нетрах, ёсьць людзі рацыянальныя і здольныя зразумець і пераканаць сваіх паплечнікаў, што часопіс «ARCHE» ці кніжкі, якія мы выдаём, не нясуць ніякай пагрозы беларускай дзяржаве.

— А якую кніжку з сэрыі ARCHE Аляксандар Лукашэнка прачытаў бы з задавальненьнем і можа быць напісаў бы водгук, ці рэцэнзію?
Лукашэнка мае даволі палітычнай мудрасьці, каб не пераўтвараць сябе ў палітычнага ідэоляга накшталт Леніна, Сталіна ці, выбачайце, Адольфа Гітлера

— Шчыра кажучы, я не магу адказаць на гэтае пытаньне. Хачу аднак адзначыць, што Лукашэнка нядаўна напісаў прадмову да кніжкі — у ёй была калекцыя фотаздымкаў этнографа пачатку 20 стагодзьдзя Ісаака Сербава. Акурат беларуская этнаграфія канца 19, пачатку 20 стагодзьдзя яго зацікавіла найбольш. Гэта было прыгожа выдадзенае, якаснае паліграфічнае выданьне, адрасаванае ня толькі навукоўцам, але і шырокай аўдыторыі. Вось там мы пабачылі крыніцу ягонага зацікаўленьня. Адначасова Лукашэнка пабаяўся выдаць сваю кнігу «Гістарычны выбар Беларусі». У 2004 годзе яна была выдадзена ў якасьці сыгнальных асобнікаў — мы яе нават разгледзелі і пакрытыкавалі ў часопісе ARCHE. Аднак у самы апошні момант было прынятае рашэньне пра нявыпуск гэтай кнігі накладам у 30 тысяч асобнікаў. Прэзыдэнт быў незадаволены ёй. Варта сказаць, што Лукашэнка мае даволі палітычнай мудрасьці, каб не пераўтвараць сябе ў палітычнага ідэоляга накшталт Леніна, Сталіна ці, выбачайце, Адольфа Гітлера. Лукашэнка застаецца практычным палітыкам, які ня хоча прэтэндаваць на годнасьць мысьляра і вышэйшага ідэоляга.

— А які нумар ARCHE ці кніжку, выдадзеную ARCHE, вы б параілі Аляксандру Лукашэнку пачытаць?

— Я б раіў Лукашэнку чытаць усе нашы кнігі. Мы стараемся рабіць выданьні якасныя — яны сапраўды адрасаваныя досыць шырокай аўдыторыі, наколькі гэта даступна ў Беларусі. Я думаю, што ягоны погляд на Беларусь, на беларускую мінуўшчыну, беларускую культуру і наагул на мадэль разьвіцьця падлеглі б пэўнай карэкцыі пасьля прачытаньня ARCHE.

— Ці ёсьць пэрспэктывы ў беларускамоўнага кнігавыданьня?

— Пэрспэктывы, безумоўна, ёсьць, аднак пры цьвёрдым усьведамленьні выдаўцамі, што ня варта нічога чакаць ад беларускай дзяржавы і больш за тое — трэба чакаць акцыяў ня вельмі спрыяльных і дружалюбных. Напрыклад, пазалетась была гісторыя з намі, летась была гісторыя з Ігарам Логвінавым, у якога адклікалі выдавецкую ліцэнзію. Ёсьць вакол нас такое суворае атачэньне, але магчымасьці для кнігавыданьня існуюць. Больш за тое, ёсьць пэўныя тэмы, якія будзяць вялікае грамадзкае зацікаўленьне,— гэта слоўнікі, літаратура па гістарычнай тэматыцы, паліталягічныя публікацыі, гэта якасная гуманітарная літаратура ў перакладзе з замежных моваў. Вельмі часта, выдаўшы кнігу, мы думаем, што астатняе для нас зробіць дзяржава ці сетка кнігарняў, але ў беларускай сытуацыі той выдавец будзе мець пэрспэктывы, які здолее прапанаваць нейкія нетрадыцыйныя спосабы продажу сваёй надрукаванай прадукцыі. Тут ня трэба мысьліць лякальнымі рамкамі, асвойваць новыя тэхналёгіі — гэта значыць абавязкова выкарыстоўваць інтэрнэт-кнігарні, інтэрнэт-аўкцыёны і варта рабіць стаўку на абарот кніг у электронным выглядзе. Я аптыміст і, здаецца, маю для гэтага падставы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG