Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бязрукага вязьня, якому набываў пратэзы Майкл Тайсан, у івацэвіцкай калёніі караюць за непрыбраны ложак


Вадзім Едакоў
Вадзім Едакоў

У івацэвіцкай калёніі № 22 адбывае пакараньне 36-гадовы Вадзім Едакоў, які ў 16 гадоў страціў абедзьве рукі. Як ён там апынуўся, як пераадольвае цяжкасьці побыту і як да яго ставяцца вязьні ды супрацоўнікі адміністрацыі?

Пра інваліда Вадзіма Едакова і ягоныя пакуты ў калёніі № 22 пад Івацэвічамі распавёў карэспандэнту Свабоды былы вязень калёніі Андрэй Чалапа, які сам вызваліўся ўсяго крыху больш за месяц таму. Андрэй Чалапа вырашыў апавесьці пра сяброў, якія хварэюць і пакутуюць ня толькі ад хваробы, але і ад дрэнных умоваў, недахопу мэдычнай дапамогі, абыякавасьці, а часта і мэтанакіраванага цкаваньня, як лічыць Андрэй. А найперш Андрэй распавёў пра бязрукага інваліда Вадзіма Едакова:

«Адбывае ён пакараньне ў 3-м атрадзе ў калёніі № 22. Хоць у яго няма рук, адміністрацыя ня раз ставіла яго на прыбіраньне тэрыторыі, што я лічу зьдзекам. Ён тлумачыў, што ня можа трымаць венік ці рыдлёўку — зь яго толькі сьмяяліся. Яшчэ супрацоўнікі адміністрацыі чапляліся да яго з-за быццам бы незапраўленага ложка. Ён на гэта нагадваў, што раней такіх прэтэнзіяў не было. Тыя ў адказ: «А ты раней ня скардзіўся на розныя парушэньні, у тым ліку не патрабаваў, каб паклалі ў мэдсанчастку».

Андрэй Чалапа
Андрэй Чалапа
Паводле Андрэя Чалапы, у калёнію Вадзім трапіў за разбой — яму далі 6,5 года пазбаўленьня волі паводле 2 часткі 207 артыкула Крымінальнага кодэксу. Маці Вадзіма Людміла Антонава, якая жыве ў Лідзе, пацьвердзіла, што сын трапіў у дрэнную гісторыю, у якой быў і сам вінаваты. Пасьля пахаваньня бацькі, паводле Людмілы, яе сын Вадзім, які нядаўна прыехаў з Эўропы пагасьцяваць, запіў зь сябрамі і трапіў у складзе кампаніі ў дом да былога забойцы. Там высьветлілася, што гэта той чалавек, на якога яму скардзілася аднаклясьніца. Узьнікла сварка, потым бойка, падчас якой Вадзім ударыў гаспадара нагой у сківіцу. Да таго ж пасьля бойкі сябры Вадзіма скралі з кватэры рэчы ды напхалі ў кішэні Вадзіму — маўляў, на яго не падумаюць. «Вадзім быў нецьвярозы», — усё ж бароніць маці сына. Потым Вадзіма Едакова судзілі, і ў тым ліку абвінавацілі ў крадзяжы вуды, чаму Людміла Антонава вельмі дзівіцца. Яна кажа, што сын не падаваў апэляцыі, «сказаў, што адседзіць усё ад званка да званка».
Што вы хочаце — чалавек перанёс удар токам у тысячу вольт. Трапіў у „раздатку“ правадоў мэтро і тралейбусаў

«Ён адбыў ужо 3,5 года, яшчэ яму сядзець 3 гады. Пакутуе. А тут пачаліся яшчэ і праблемы з зубамі. Лечаць зубы без анэстэзіі. Сястра сабрала яму мэдычную бандэроль зь лекамі ад зубоў — вярнулі назад, не прынялі. Яшчэ і зь пячонкай пачаліся праблемы. Што вы хочаце — чалавек перанёс удар токам у тысячу вольт. Трапіў у „раздатку“ правадоў мэтро і тралейбусаў. Гэта здарылася ў Маскве. Я там была, сама выходжвала яго ў шпіталі».

Як Вадзім апынуўся ў Маскве? У цяжкія 90-я гады, калі Вадзіму (тады ён насіў прозьвішча Антонаў) было толькі 16 гадоў, разам са старэйшым братам пачаў зарабляць грошы продажам прадуктаў у Маскве. У адну з такіх паездак хлопец трапіў пад «зачыстку», якую праводзілі маскоўскія міліцыянты супроць прыежджых гандляроў. Каб схавацца, у мэтро Вадзім забег у тэхнічны пакой з правадамі, пасьлізнуўся і ў цемры схапіўся за голыя правады. Маскоўскія лекары ўратавалі жыцьцё Вадзіму, але рукі ён страціў. Што было рабіць далей? У Беларусі хлопцу ніхто ня мог дапамагчы, і ён паехаў у Нямеччыну да старэйшай сястры. Там хлопцам пачалі апекавацца мясцовыя жыхары і нават сабралі грошы на біяпратэзы. Паводле маці Вадзіма, да гэтай гісторыі спрычыніўся славуты амэрыканскі баксёр Майкл Тайсан:

«Немцы напісалі, што вось хлопчык зь Беларусі бяз рук, яму няма каму дапамагчы. І сам Тайсан яму пералічыў грошы. Гэтак набылі „біялягічныя“ пратэзы, якія рэагуюць на простыя каманды мозгу. Гэтыя пратэзы вельмі дарагія, бо там плаціна і золата ўнутры. Ён насіў іх, як там жыў, але сюды не захапіў. Ён жа думаў вярнуцца, а тут сеў у турму».

Паводле сястры Вадзіма Валерыі, карыстацца пратэзамі брат перастаў яшчэ да вяртаньня дамоў:

«Ён рос, з гадамі яны пачалі ціснуць, а замяніць іх ён ня мог, бо дарагія. З грашыма былі праблемы. Таму ён стаў іх усё радзей і радзей надзяваць. І пакінуў там, у сястры, калі прыехаў у Беларусь».

Як жыве ў калёніі бязрукі Вадзім Едакоў? Паводле былога вязьня калёніі Андрэя Чалапы, апранацца яму дапамагаюць сябры. Яны ж трымаюць тэлефон, калі прыходзіць час тэлефанаваць дамоў. Есьці бязрукі вязень прыходзіць раней за ўсіх на некалькі хвілін, і гэта ахоўнікі яму дазваляюць, а есьць «як сабака — сёрбаючы зь міскі». У прыбіральні бязрукі вязень неяк таксама спраўляецца сам. «Дапамагае сабе нагой», — паведаміў Андрэй Чалапа. Паводле Андрэя Чалапы, бязрукага вязьня маглі б пакласьці ў мэдычную частку, дзе яму было б зручней, але гэтага прынцыпова ня робяць, хоць вольныя ложкі ў мэдычнай частцы заўсёды ёсьць.
Як бязрукаму інваліду жывецца за кратамі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:29 0:00
Наўпроставы лінк

Ня толькі да Вадзіма Едакова, паводле Андрэя Чалапы, выяўляецца жорсткасьць:

«Вось яшчэ выпадак — зь Менску там сядзіць Міхась Усьпенскі. Два гады таму ў яго знайшлі пухліну мозгу, але адмаўляліся вывозіць у рэспубліканскі шпіталь. Нарэшце паўгода таму ён гэтага дамогся, але там пасьля абсьледаваньня сказалі, што ўжо два гады ў яго ідзе рак галаўнога мозгу і што калі б раней зьвярнуўся, маглі б дапамагчы. Вызваляць па хваробе яго ня хочуць, інваліднасьць не даюць і дапамагчы нічым у калёніі ня могуць. Лекары кажуць, яму засталося 3 месяцы».

Паводле Андрэя Чалапы, у 22 івацэвіцкай калёніі таксама чыніцца ціск на вязьняў Васіля Моўнара, які хварэе на ВІЧ, Вячаслава Цясто, у якога хвароба нэрвовай сыстэмы, і Віталя Петрыка, які абвясьціў цяпер галадоўку на знак пратэсту супроць адмовы ў мэдычнай дапамозе.

«Палітыка адміністрацыі такая — калі ты пачынаеш скардзіцца, адстойваць свае правы — цябе чакае карцэр», — кажа Андрэй Чалапа.

Супрацоўніца калёніі № 22, якая падняла слухаўку, адмовілася размаўляць пра бязрукага вязьня ды іншых вязьняў, якія маюць патрэбу ў мэдычнай дапамозе. «Начальніка калёніі і намесьніка на месцы няма, яны абыходзяць калёнію. Званіце заўтра», — адказала супрацоўніца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG