Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як івацэвіцкія зэкі ўвялі галяндцаў у страты


Мур івацэвіцкай калёніі

Мур івацэвіцкай калёніі

Тэма праграмы — працоўная занятасьць вязьняў ва ўстановах беларускай пэнітэнцыярнай сыстэмы.

Аднак спачатку апытаньне «Свабоды ў турмах».

На якіх працах павінны быць занятыя беларускія зьняволеныя, які заробак яны павінны атрымліваць, ці павінна адміністрацыя несьці адказнасьць за тэхніку бясьпекі на прадпрыемствах папраўчых устаноў, ці выконваюць вязьні рабскую працу?

Такія пытаньні мы задалі мінакам на вуліцах Магілёва. На Магілёўшчыне больш папраўчых устаноў, чым у любой іншай вобласьці Беларусі.


Чаму ў ПК-5 не атрымалася з «крэвэткавым бізнэсам»


Ад былых сядзельцаў Івацэвіцкай папраўчай калёніі № 5 нярэдка можна пачуць гісторыю пра тое, як гадоў 15 таму дзьве галяндзкія фірмы спрабавалі наладзіць тут вытворчасьць па ачыстцы крэвэтак. Чым гэта скончылася — ніжэй.

Але спачатку невялікая прэамбула. У 1990-я мне ў сувязі з рознымі гуманітарнымі праектамі давялося даволі часта бываць у Галяндыі, але яшчэ часьцей у Нямеччыне. Ужо адбылося гістарычнае нямецкае аб’яднаньне, намецілася пашырэньне ЭЗ на ўсход. І многія тамтэйшыя прадпрымальнікі імкнуліся перанесьці свой бізнэс у сумежныя з пашыраным ЭЗ краіны былога СССР. Размова ішла пра зборку, дрэваапрацоўку, мэблевую, швачную вытворчасьць і, што асабліва запомнілася, ачыстку крэвэтак, здабытых у Паўночным моры. Паўночнаморскія крэвэткі — прадукт далікатэсны і нятанны, аднак папулярны ў рэгіёне. Для яго ачысткі шукалі таннай працоўнай сілы, пажадана ў новых постсавецкіх краінах, бо мясцовая выглядала ўжо вельмі дарагой. Дарэчы, на крэвэткі набіралі людзей з добрай фізычнай формай, якія б маглі рабіць усё хутка. Працаваць трэба было гадзін 8–11 у прахалодным памяшканьні (да 17 градусаў). Праца была сядзячая, але кожныя паўгадзіны трэба было ўставаць, каб узважыць упакоўку. Не памятаю, якой называлася аплата, але ў той час у маленькіх беларускіх гарадах нават 20-50 дойчмарак былі добрымі грашыма. Адзін знаёмы перакладчык, які працаваў у Нямеччыне на розных бізнэс-перамовах з удзелам прадстаўнікоў Расеі, Украіны, Беларусі, расказваў, што разглядаліся варыянты стварэньня яшчэ больш таннай вытворчасьці, непасрэдна ў папраўчых установах. Пажадана, каб тыя месьціліся дзе-небудзь непадалёк ад мяжы з ЭЗ.

І вось працяг гэтай гісторыі ад былога асуджанага Івацэвіцкай калёніі Ігара Міхнаўца. Мой суразмоўца кажа, што спробы галяндцаў наладзіць крэвэткавы бізнэс у гэтай ПК зэкі добрым словам узгадваюць і дагэтуль.Плацілі асуджаным, як і плацяць у асноўным цяпер, — каб хапала на блёк цыгарэтаў. Але ж тым ня менш успаміны пра тыя часы засталіся цёплыя.

Міхнавец: «Старыя сядзельцы казалі, што галяндцы проста не разумелі, з кім яны будуць мець справу. Выглядала так. Прыганялі фуру, пакідалі на „промцы“, задача ж асуджаных была — чысьціць крэвэтак ад панцыру. Уяўляеце сабе такое: галодным зэкам даюць працаваць зь ежай?! Тыя крэвэткі і паядаліся, і проста краліся, а замест іх ва ўпакоўкі проста клаліся розныя балты… Зразумела, той бізнэс стаў вельмі стратным для галяндцаў. Затое зэкі, якія тады прайшлі праз ПК-5, узгадваюць заходніх прадпрымальнікаў вельмі цёпла. Яны елі гэты далікатэс — зразумела, не ў сталоўках, — і на сьняданак, і на абед, і на вячэру…

Больш нічога такога замежнікі ў ПК-5 ня ладзілі. За выключэньнем хіба што мэблевай вытворчасьці. Наколькі ведаю, апошнім часам у калёніі рабілі танную ды простую мэблю для Францыі — для тамтэйшых маламаёмных, а таксама для скаўцкіх ды студэнцкіх інтэрнатаў».

Пра тое, што заходнія бізнэсоўцы мелі намер стварыць розныя цэхі і ў беларускіх ПК, чуў шмат падчас сваёй адседкі (2004–2006) у «Воўчых норах» (ПК-22, таксама пад Івацэвічамі) і былы палітзьняволены, гарадзенскі прадпрымальнік Валер Леванеўскі:

Валер Леванеўскі

Валер Леванеўскі

«Так, размоваў вялося шмат. Але далей за гэта, па-мойму, не пайшло. Ва ўсякім выпадку, у масавай прадукцыі. Бо прадукцыя паршывая ўся. Некваліфікаваная праца ёсьць некваліфікаваная, тым больш у ПК. На яе кідаюць часам вельмі няздатных людзей. Нават хлеб, які выпякалі самі асуджаныя, ці тыя ж рукавіцы, — усё гэта такой якасьці нізкай, што „на гражданцы“ ніхто б гэтага не купляў. Нават за паўцаны. Таму я сумняваюся, што для заходніх фірмаў нешта сур’ёзнае ў калёніях будуць выпускаць. За выключэньнем, можа, дрэваапрацоўкі. Але сам я ня памятаю, каб у нас нехта для заходніх фірмаў нешта рабіў бы».


На каго працуюць зьняволеныя


«Асуджаныя збольшага могуць і ня ведаць, на каго яны працуюць. Па сутнасьці, гэта і не цікавіць іх», — напісаў у сваім допісе на нашу праграму былы асуджаны мянчук Зьміцер, які вызваліўся з Івацэвіцкай «пяцёркі» пяць гадоў таму, а падчас зьняволеньня некаторы час працаваў у майстэрні на дрэваапрацоўцы.

«Але праблема тут у іншым. Заходнія фірмы, якія маюць бізнэс зь Беларусьсю, выступаюць як памагатыя дыктатуры. Як у вайну пры фюрэру розныя кампаніі, у тым ліку BOSS, выкарыстоўвалі зьняволеных на розных працах, так і ў нас цяпер. Бізнэсоўцы, якія зьбіраюцца выкарыстоўваць гэтую працоўную сілу, пры цяперашнім разьвіцьці маркетынгу ня могуць ня ведаць і сапраўднага становішча з заробкамі ў той ці іншай краіне, і таго, што на паперы зарплата ў зэкаў адна, а рэальна — іншая, капеечная. Нажываюцца на ўсім гэтым мянты. Якасьць працы залежыць ад таго, хто заказвае тыя ці іншыя вырабы. Калі заказчык круты, то і заказ робіцца на сучасным абсталяваньні. У іншых выпадках абсталяваньне — дрэнь».

З часткай асартымэнту мэблевай вытворчасьці ПК-5 можна пазнаёміцца ў адмысловай краме, што ў Івацэвічах.

Выбар ня надта вялікі. Кошты, праўда, невысокія. Паводле пакупнікоў, ёсьць вялікія прэтэнзіі да якасьці.

«Дзіцячы ложак, які мы набылі тут, хутка пачаў развальвацца, — дзеліцца адзін з пакупнікоў. — Зроблены ён з кавалачкаў дрэва ды зьлеплены на стыках. Прыйшлося ўсё пераляпіць. Дзіця ў свой год неяк здолела зламаць перакладзіну, і тая ўжо не трымаецца. Ад невялікага штурханьня ложачак хістаецца так, што нават палохаесься

Як кажа Ігар Міхнавец, якасьць мэблі, якую можна набыць у Івацэвіцкай краме, істотна адрозьніваецца ад якасьці прадукцыі, якую тыя ж зэкі робяць на спэцзаказ. Вязьням ня раз даводзілася бачыць зробленыя для супрацоўнікаў МУС ці мясцовых «аўтарытэтаў» кухні, спальні з разьбой па дрэве. А потым назіраць за тым, як тая прадукцыя нелегальна вывозіліся машынай за турэмную браму ды рухалася далей па адрасе.

Лічыцца, што найбольш выгадна для калёніі мець уласныя аўтамайстэрні. Адрозна ад большасьці турэмных вытворчасьцяў, тут, як правіла, робяць не выпадковыя людзі, а майстры-прафэсіяналы. Былы асуджаны Іван Рубанаў, які вызваліўся год таму з Івацэвіцкай калёніі, перадаў у рэдакцыю ад іншага сядзельца Пятра Алейнікава нелегальна зьнятае на мабільнік відэа, дзе вязень расказаў, сярод іншага, пра заказы на фальшаваныя расейскія аўтамабільныя нумары.

Паводле Івана, выраб нумарных знакаў — часьцей для расейскіх легкавых аўтамабіляў, а радзей — для расейскіх грузавікоў, — гэта асобная, поруч з рамонтам, вытворчасьць аўтамайстэрні.

«Там цэх па вытворчасьці левых нумароў. На Расею. Беларускіх няма. Толькі расейскія. Ня тое што робіцца шмат. Пад заказ. Можа, 20 пар на дзень, можа больш, можа менш. Гэта адзін чалавек з зоны робіць. Ён умее гэта рабіць — чаканка-фарбаваньне. Гэта ўсё ён робіць з звычайнай бляхі».

Паводле Івана Рубанава, асуджаныя фактычна бясплатна робяць якасны рамонт прыватных транспартных сродкаў, якія належаць кіраўніцтву розных РАУС, а таксама «зь нічога» зьбіраюць рарытэтныя машыны, якія потым трапляюць да розных калекцыянэраў, у тым ліку і замежных.

Іван: «Пажадаў нейкі выгадны для начальства калёніі заказчык зрабіць зь нічога добрую машыну. Афіцыйна на паперах пішуць дакладную дату і пазначаюць, што трэба адрамантаваць нейкую драбязу. Афармляецца заказ дзесьці на 100–150 тысяч рублёў. А робяць на мільёнаў 25–30. Ад і да. Калі б за межамі зоны рарытэт рабілі, дык каштавала б сама меней 38 мільёнаў. Так чалавек мне сказаў, які гэта рабіў. Ён суткамі працуе. Ад 8 раніцы да 10 вечара. Гадзіна на абед. Афіцыйна зьмена заканчваецца а 5-й вечара. За сваю працу ён атрымлівае ад 5 да 15 тысяч рублёў у месяц (дадзеныя за 2011–2012 гг.). Апошнім разам ён атрымаў 35 тысяч — гэта ўжо шмат. Ён мне казаў, што разам з напарнікам яны мусілі хутка зрабіць тую машыну — усяго за чатыры ці шэсьць дзён. Таму суткамі не выходзілі з майстэрні, спалі гадзіны па дзьве. Але каго гэта хвалюе?»
Фота з аўтамайстэрні івацэвіцкай калёніі — зьбіраюць «Шэўрале»

Фота з аўтамайстэрні івацэвіцкай калёніі — зьбіраюць «Шэўрале»


«Гэтым людзям скардзіцца на тое, што яны суткамі сядзяць пад машынамі, атрымліваючы пры гэтым нізкую плату, што адміністрацыя ўвесь час трымае іх пад страхам адмовы ў званках ці спатканьнях і г.д., няма каму», — сьцьвярджае Іван. Да таго ж, у параўнаньні зь іншымі працамі, гэтая мае шмат прывілеяў. Напрыклад, умоўна-датэрміновае вызваленьне. Праўда, пры гарантыі, што спэцыяліст знойдзе сабе замену сярод ЗК.


У выпадку траўматызму «угаворваюць» узяць віну на сябе


Згодна з палажэньнямі Крымінальна-выканаўчага кодэксу Беларусі, працай у калёніях павінны быць забясьпечаныя ўсе асуджаныя. Тым ня менш занятасьць зьняволеных у папраўчых установах самая розная. У Івацэвіцкай калёніі яна складае 40–60%, у Навасадах — 80–90%, у Горках ды Мазыры прыкладна столькі ж, а вось у Воршы гэты паказчык самы нізкі — 20%. Прычына — галоўным чынам адсутнасьць месцаў, а таксама адмова зэкаў-рэцыдывістаў працаваць за мізэрныя заробкі, ды яшчэ рызыкуючы стаць інвалідам.

Былы асуджаны ПК-22, палітзьняволены Валер Леванеўскі кажа, што нягледзячы на ўсе ягоныя просьбы на адрас адміністрацыі, сам ён на працу ў прамысловай зоне разьлічваць ня мог, з той простай прычыны, што часта ставіў пытаньні, зьвязаныя з аховай працы. Леванеўскі доўга дамагаўся працоўнага месца. Нарэшце яго ўладкавалі санітарам у санчастцы. Плацілі, праўда, за гэта сьлёзы — каля даляра ў месяц. Аднак гэта было прывілеяванае становішча: можна было свабодна глядзець тэлевізар, і ня толькі выпускі беларускіх навінаў. Працуючы ў санчастцы, Леванеўскі стаў сьведкам вялікай колькасьці траўматычных выпадкаў на турэмнай вытворчасьці.
Тэхніка бясьпекі што такое — там ня ведаюць

Леванеўскі: «Тэхніка бясьпекі што такое — там ня ведаюць. Інспэктары па тэхніцы бясьпекі туды не заходзяць. Таму траўмы розныя — гэта звычайная справа. Пры мне людзям пальцы ног адсякала. Звычайная справа, што адміністрацыяй усё гэта хаваецца. Што тычыцца працоўнай вопраткі, адмысловых нейкіх прыладаў, то яны таксама амаль не выдаюцца, спэцадзеньнем практычна ня пахне».

Пра некаторыя выпадкі траўматызму ад парушэньня тэхнікі бясьпекі нейкія зьвесткі ўсё ж праточваюцца ў СМІ. Адзін з такіх выпадкаў некалі агучыла журналістам Марына Адамовіч. Яе мужа Міколу Статкевіча ў Шклоўскай ПК разьмеркавалі на працу на пілараму.

Адамовіч: «Тое, што там парушалася тэхніка бясьпекі, відавочна. Мяркуйце самі: чалавек, які мае траўму рабрыны, мусіць працаваць зь вялізнымі бярвёнамі. На нагах у яго гумовыя сланцы. Пра ўсё астатняе я магу толькі гадаць, бо гэта старанна хавалася».

Як кажа былы асуджаны Ігар Міхнавец, таго, хто ў выніку парушэньня тэхнікі бясьпекі рабіўся інвалідам, адміністрацыя папраўчых устаноў заўсёды спрабуе «пераканаць» падпісаць паперу — маўляў, вінаваты выключна ён сам. Вядомы выпадак, калі чалавек, якому з-за адсутнасьці аховы працы на вытворчасьці адрэзала станком руку, адмовіўся падпісваць адпаведныя дакумэнты. Ад начальства ён тады пачуў наступнае: не перадумаеш — ня ўбачыш умоўна-датэрміновага, а мы перавядзем цябе ў статус злосных парушальнікаў рэжыму. Паводле Ігара Міхнаўца, такіх выпадкаў нямала, і пра іх ведае ўся зона.


Аплата працы 10 тысяч у месяц


Паводле зьвестак, якія мы атрымалі ад былых асуджаных, толькі ў рэдкіх калёніях (Навасады або гомельская жаночая «чацьвёрка») за інтэнсіўную працу можна атрымаць столькі грошай, каб дазволіць сабе не паразытаваць на сям’і. Найчасьцей жа заробкаў не хапае нават на цыгарэты.

Валеры Леванеўскі адной з галоўных прычынаў нізкіх заробкаў называе наступную:

«Чаму малыя грошы? Таму што ахапіць працай трэба максымальную колькасьць асуджаных, а працоўных месцаў ня так ужо і шмат. Дапусьцім, на кухні належыць быць аднаму кухару. Але на кухню пасылаюць восем чалавек, да прыкладу. І гэты заробак адзін дзеліцца на восем частак».

Кіраўнік праваабарончай «Плятформы» Андрэй Бандарэнка тлумачыць сьмеху вартыя на сёньняшні дзень месячныя налічэньні ЗК за працу (ад 10 да 400 тысяч рублёў) звычайнай карупцыяй. Нават з усімі адлічэньнямі за пражываньне, харчаваньне і г.д. праца гэтых людзей каштуе істотна болей.

«Варыянтаў, каб скарыстаць нявольніцкую працу асуджаных, у кіраўніцтва калёніяў шмат. Калі гаварыць пра ўстановы адкрытага тыпу, то гэта адбываецца, калі асуджаныя накіроўваюцца на працы, дзе зь імі не заключаюць ніякай дамовы. У выніку ўсе грошы, якія яны зарабілі пераходзяць у рукі некага з
Андрэй Бандарэнка

Андрэй Бандарэнка

установы, а вязьням выдаюць мізэрныя рэшткі. У папраўчых калёніях, якія атрымліваюць заказы, існуюць унутраныя расцэнкі, а самі заказчыкі, прадстаўнікі камэрцыйных структураў разьлічваюцца з адміністрацыяй па іншых тарыфах. З улікам фактычных заробкаў ЗК рэнтабэльнасьць ад вытворчасьці любога тавару можа дасягнуць 100%».

Характэрна, што выпадкі карупцыі ў калёніях становяцца ледзь ня нормай. Так, сёлета ў лютым у Магілёўскай вобласьці быў затрыманы начальнік калёніі № 46, які, паводле сьледзтва, браў хабар. Летась у Гомельскай вобласьці гэтаксама на хабары папаўся намесьнік начальніка адной з ПК.

Пры канцы траўня сёлета ў сьледчым камітэце Беларусі паведамілі пра арышт дырэктара унітарнага прадпрыемства пры ПК-5. Яго таксама абвінавачваюць у хабары.

Былы асуджаны Івацэвіцкай калёніі Ігар Міхнавец менш за ўсё схільны бачыць у падобных захадах перамогу справядлівасьці. Арыштоўваюць прадстаўнікоў турэмнай адміністрацыі, лічыць ён, з прычынаў кялейных у нейкі патрэбны момант.

Міхнавец: «Я памятаю таго кіраўніка вытворчасьці, які, здаецца, там гадоў 20 працаваў. Тыя з ЗК, хто знаў яго асабіста, гаварылі: добры мужык, разумны, спакойны. Адміністрацыю ён таксама быццам бы задавальняў. Дарэчы, аніводзін кіраўнік на падобных аб’ектах ніколі не бывае самастойным. Асуджаныя з высокімі працоўнымі разрадамі, у якіх павінна быць зацікаўленая вытворчасьць, нярэдка зьвярталіся да яго: вазьміце на працу. Дый дырэктар гэты быў ня супраць. Аднак працаўладкаваць ЗК без дазволу начальніка калёніі, ягоных намесьнікаў па апэратыўнай працы немагчыма. Калі я цяпер чытаю ў СМІ, што гэты чалавек абвінавачваецца ў карупцыі, ведаючы пра яго несамастойнасьць і залежнасьць у прыняцьці рашэньняў, раблю суб’ектыўную выснову: чарговы ахвярны казёл».

Як лічаць удзельнікі сёньняшняй перадачы, нейкія прапановы па рэарганізацыі вытворчасьці ў калёніі, якія сыходзяць ад вязьняў-эканамістаў нават не разглядаюцца кіраўніцтвам — цяперашняя сыстэма выкананьня пакараньняў не зацікаўленая ані ў рэнтабэльнасьці, ані ў мадэрнізацыі вытворчасьці, ані ў тым, каб вязьні авалодвалі сучасным прафэсіямі, тым больш — каб ствараць зьняволеным нармальныя ўмовы працы. Зьняволены апрыёры ня можа быць чалавекам, а таму проста мусіць пакутаваць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG