Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барак Абама скрытыкаваў Расею за пазыцыю па Сірыі


Барак Абама

Барак Абама

Прэзыдэнты ЗША і Францыі абмеркавалі санкцыі супраць Ірана і сытуацыю ў Сірыі.

У аўторак прэзыдэнты Злучаных Штатаў і Францыі на прэсавай канфэрэнцыі ў Белым Доме падвялі вынікі двухбаковых перамоваў.

Галоўная ўвага на іх, па словах лідэраў дзьвюх краін, была нададзеная адносінам паміж ЗША і Францыяй, перамовам вакол іранскай ядзернай праграмы і сірыйскаму крызісу.

Злучаныя Штаты і Францыя адзіныя ў меркаваньні, што рэжым дзейных зараз санкцый павінен выконвацца, заявіў прэзыдэнт Барак Абама. Паводле словаў прэзыдэнта ЗША, парушальнікі санкцый супраць Ірана выпрабуюць на сабе ўвесь гнеў Злучаных Штатаў.

Камэнтуючы сытуацыю ў Сірыі, Барак Абама заявіў, што, блякуючы прыняцьце рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН аб дастаўцы ў Сірыю гуманітарнай дапамогі, Расея нясе частковую адказнасьць за тое, што мірнае насельніцтва Сірыі галадае.

Паводле прэзыдэнта ЗША, усе астатнія краіны-сябры Рады Бясьпекі адзіныя ў меркаваньні аб неабходнасьці прыняцьця гэтай рэзалюцыі, але Расея працягвае вылучаць пярэчаньні. Такім чынам, адказнасьць за цяжкае становішча мірных жыхароў у Сірыі нясуць ня толькі самі сірыйцы, але і Расея, сказаў прэзыдэнт Абама.

Акрамя таго, Барак Абама заявіў, што менавіта на Расеі ляжыць адказнасьць за выкананьне Сірыяй умоў дамовы аб зьнішчэньні арсэналу яе хімічнай зброі. Пры гэтым Барак Абама зьвярнуў увагу на тое, што пакуль з Сірыі было вывезена значна менш хімічнай зброі, чым плянавалася.

Цяперашняя паездка Франсуа Аланда ў ЗША зьяўляецца першым з 1996 года дзяржаўным візытам францускага лідэра. Галоўная мэта візыту заключаецца ў тым, каб падкрэсьліць трываласьць амэрыкана-французскіх адносін.
XS
SM
MD
LG