Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іна Соркіна чытае лекцыі пра беларускасьць


Іна Соркіна зь першай лекцыяй у “Крызе”

Іна Соркіна зь першай лекцыяй у “Крызе”

Звольненая з Гарадзенскага ўнівэрсытэту гісторык Іна Соркіна правяла грамадзкую лекцыю на тэму «Стаць беларусам: рэгіянальны і сацыяльны склад беларускага Адраджэньня, канец ХІХ — пачатак ХХ стагодзьдзя».

Лекцыя адбылася ў рамках сустрэч гісторыкаў з гарадзенцамі ў галерэі «Крыга». Прыйшло каля сарака чалавек.

Сваю першую лекцыю Іна Соркіна пабудавала на дасьледаваньнях сваіх калегаў. Будзе і другая сустрэча з аматарамі гісторыі, на якой яна распавядзе пра свае дасьледаваньні мінулага беларускіх мястэчак.

Іна Соркіна пачала сваю лекцыю з высноваў чэскага дасьледчыка Міраслава Гроха пра ўзьнікненьне нацыянальных рухаў малых народаў Цэнтральнай і Усходняй Эўропы. Яна зазначыла, што на першым этапе навукоўцы пачынаюць вывучаць мову і гісторыю супольнасьці. Далей пачынаецца патрыятычная дзейнасьць інтэлігенцыі, актывістаў нацыянальнага руху. Мэта — пашырэньне самасьвядомасьці сярод народу. Потым прыходзіць чарга масавага руху, які набывае шырокую падтрымку сярод насельніцтва. Апошні этап — народ набывае ўласную дзяржаўнасьць.

Калега Іны Соркінай гарадзенскі гісторык Сяргей Токць паспрабаваў з гэтага пункту гледжаньня паглядзець на беларускі рух, кажа яна. Паводле яго, першы этап пачаўся зь дзейнасьці філяматаў і філярэтаў. Але час патрыятычнай агітацыі наступіў толькі ў 1880-я гады, калі выйшаў часопіс «Гоман». Аднак вельмі цяжка вызначыць, калі пачаўся масавы беларускі рух, працягвае Іна Соркіна, і ўвогуле пытаньне — ці быў ён масавым. Магчыма, можна назваць 1917 год, калі нацыянальны рух ахапіў і вайскоўцаў. Можна гаварыць таксама пра 1920-я гады ў Заходняй Беларусі. У 1922-м на парлямэнцкіх выбарах сяляне падтрымалі дэпутатаў-беларусаў, якія трапілі ў польскі сэйм. Але ўмовы не дазволілі руху набыць сапраўды масавы характар. На думку Іны Соркінай, беларускі народ вышэйшай кропкі не дасягнуў, бо нацыянальны рух не злучыўся зь дзяржаўным апаратам.

Пасьля лекцыі Іна Соркіна адказала на пытаньні Свабоды.

Свабода: «Вы казалі, што ў 1880-я гады нарадзілася нямала адраджэнцаў, 37 чалавек. А што можна сказаць пра ўраджэнцаў 1980-х?»

Соркіна: «Наўскідку: ураджэнцы 1980-х гадоў ХХ стагодзьдзя сёньня зьяўляюцца актывістамі, і больш маладое пакаленьне прыйшло. Але сапраўды сытуацыя такая: як і сто гадоў таму, мы маем вялікую ніву і мала працаўнікоў. Так што трэба праводзіць вось гэтую арганічную працу па адбудоўваньні беларускай нацыянальнай самасьвядомасьці найперш. Задачы стаяць тыя ж самыя, што і перад нашаніўцамі на пачатку ХХ стагодзьдзя».

Свабода: «І ў чым асноўная прычына, што адраджэньне не завяршылася як мае быць?»

Соркіна: «Гэта наша спэцыфіка. Мы пасяліліся на такім бойкім месцы, як калісьці пісаў Мікола Ермаловіч. Існуе яшчэ вельмі важная праца філязофская Ігната Абдзіраловіча, яна называецца „Адвечным шляхам“. Вось гэты адвечны шлях у беларусаў, мы ўсё ідзем, ідзем і ніяк пакуль ня можам прыйсьці да сваіх ідэалаў, да сваіх мараў. Ёсьць у беларусаў адвечны шлях».

Свабода: «Наколькі вядома, вы вывучалі гісторыю Воўпы, іншых мястэчак Гарадзеншчыны. Што змогуць пачуць гарадзенцы на другой вашай лекцыі?»

Соркіна: «Наступная тэма, якую я прапаную, будзе называцца „Мястэчкі ў гістарычнай прасторы Беларусі“. Яна будзе спробай абагульненьня іхняй ролі ў эканамічным, культурным жыцьці Беларусі. Паспрабую таксама закрануць праблему нацыестварэньня, ролю мястэчак у пытаньні стварэньня беларускай нацыі. Будуць прыклады, якія датычаць канкрэтных мястэчак, і высновы пра агульную іх ролю ў нашай гісторыі. Я думаю, што мястэчкі адыгралі пэўную ролю ў разьвіцьці беларускай нацыі менавіта таму, што там беларусы маглі сутыкацца зь іншым народам, з габрэямі, і гэта прымушала іх вызначаць для сябе пытаньне самаідэнтыфікацыі».

Свабода: «Вы звольнены з Гарадзенскага ўнівэрсытэту. Што будзеце рабіць, дзе шукаць магчымасьць займацца гістарычнай навукай?»

Соркіна: «Ёсьць прапановы навуковых праектаў. Я за гэта ў першую чаргу буду брацца. Напрыклад, наваградзкі музэй прапаноўвае ўзяць удзел у міжнародным праекце, зьвязаным са штэтламі (гэта — „мястэчкі“ на ідыш), яны ўзяліся распрацоўваць турыстычны маршрут. І ёсьць прапанова для мяне як дасьледчыка мястэчак — напісаць шэраг навуковых тэкстаў. А што да пэдагагічнай працы, то буду шукаць. Магчыма, на наступны навучальны год штосьці і знойдзецца».
XS
SM
MD
LG