Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навуковая рада Гарадзенскага ўнівэрсытэту не падтрымала апэляцыі кандыдата гістарычных навук Іны Соркінай. Бліжэйшымі днямі спадарыню Соркіну звольняць.

Унівэрсытэцкая камісія па прававых і сацыяльных пытаньнях разгледзела напярэдадні яе заяву на імя рэктара Андрэя Караля. Іну Соркіну не пераабралі на пасаду дацэнта, што азначае звальненьне.

Яна прасіла правесьці конкурс паўторна. У сваёй заяве яна таксама напісала, што былі парушаны заканадаўча замацаваныя крытэры адбору кандыдатаў, а таксама некаторыя працэдурныя моманты. У прыватнасьці, паседжаньне катэдры прайшло без абмеркаваньня кандыдатур.

Камісія вырашыла, што няма падставаў праводзіць паўторна конкурс на пасаду дацэнта і выносіць гэтае пытаньне на паўторнае галасаваньне ўнівэрсытэцкай рады. Рада пагадзілася з высновамі камісіі большасьцю галасоў, устрымаўся толькі адзін чалавек.

Іна Соркіна мяркуе, не зважаючы на звальненьне, працягнуць сваю навуковую і пэдагагічную дзейнасьць, але працу давядзецца шукаць.

Раней з унівэрсытэту звольнілі двух выкладчыкаў-гісторыкаў. Адзін зь іх, прафэсар Вячаслаў Швед, так і не знайшоў новай працы.
XS
SM
MD
LG