Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭГУ патрэбныя рэформы — Эўрапейская асацыяцыя ўнівэрсытэтаў


У распараджэньні Свабоды зьявілася справаздача пра ацэнку дзейнасьці Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту камісіяй Эўрапейскай асацыяцыі ўнівэрсытэтаў.

Маніторынг дзейнасьці ЭГУ адбываўся на працягу 2013 году. Справаздача на 21 старонцы ўтрымлівае высновы і рэкамэндацыі на адрас ЭГУ.

Мэта аўтараў справаздачы была ў тым, каб ацаніць, наколькі празрысты працэс прыняцьця рашэньняў ва ўнівэрсытэце. Быў выяўлены шэраг органаў, статус якіх вызначаны ў Статуце — кіроўная рада, рэктар, сэнат. У той жа час фармальныя адносіны Сэнату да іншых органаў не зусім зразумелыя.

Каманда таксама выявіла існаваньне Выканаўчай рады, якая дзейнічае амаль на такім жа ўзроўні кіраўнічай герархіі, як Сэнат, хоць яе склад і функцыі ў Статуце не прапісаныя. Няма ў Статуце і пасады правоста, функцыі якога назіральнікам апісвалі па-рознаму: то казалі, што гэта «галоўны выканаўчы дырэктар» (CEO), то — «першы віцэ-рэктар, першы сярод роўных».

У справаздачы адзначаецца: большасьць пэрсаналу і студэнтаў трымаецца думкі, што ЭГУ ня трэба адмаўляцца ад сваёй «беларускай» місіі.

Тэндэнцыя «літуанізацыі» ўнівэрсытэту ня мае вялікай падтрымкі. У той жа час ёсьць «прамежкавыя» меркаваньні наконт таго, што беларуская місія павінна трансфармавацца ў нейкую шырэйшую праграму.

У заключэньні аўтары справаздачы сярод іншага адзначаюць: нягледзячы на свой эўрапейскі і міжнародны падыход, назіральнікам не выпадае рэкамэндаваць кіраўніцтву ЭГУ, якія менавіта стратэгічныя варыянты абраць.

Аўтары былі ўражаныя тым, наколькі моцнай і шырокай падтрымкай карыстаецца беларуская місія ўнівэрсытэту. Але, як ні парадаксальна, многія з пэрсаналу ЭГУ ў гэтым сумняваюцца: «усе вераць, але шмат хто сумняваецца, ці вераць астатнія». Для аўтараў відавочна: шмат хто ў ЭГУ пачуваецца ізаляваным, што аслабляе патэнцыял для руху наперад. Аўтары спадзяюцца, што іхняя праца паспрыяе інтэграцыі і дапаможа знайсьці кансэнсус.

Сярод іншага Эўрапейская асацыяцыя ўнівэрсытэтаў рэкамэндуе:

  • Вызначыцца з роляй органаў, якія не прапісаныя ў Статуце (выканаўчая рада, правост) і ўнесьці адпаведныя зьмены ў Статут.
  • Забясьпечыць для ўсіх органаў унівэрсытэту магчымасьць мець праўдзівую інфармацыю і ўдзельнічаць у працэсе прыняцьця рашэньняў.
  • Уключыць адмысловыя камітэты ў фармальны працэс прыняцьця рашэньняў.
  • Пацьвердзіць сваю інстытуцыйную місію і распрацаваць адпаведную стратэгію з належнымі прыярытэтамі, рэалістычнымі тэрмінамі рэалізацыі, маніторынгу і агляду выкананьня.
  • Сфармуляваць інстытуцыйную моўную палітыку.
  • Пераглядзець склад Кіроўнай Рады, каб забясьпечыць прысутнасьць у ёй мясцовых зацікаўленых бакоў па-за ўнівэрсытэтам.
  • Неадкладна разьвязаць цяперашнія праблемы з раскладам заняткаў, каб забясьпечыць надзейнае плянаваньне курсаў і раўнамерна разьмяркоўваць студэнцкую нагрузку.
  • Забясьпечыць яснасьць, раўнапраўнасьць і справядлівасьць кадравых ініцыятываў, якія павінны суправаджаюцца праграмамі павышэньня кваліфікацыі пэрсаналу.
  • Забясьпечыць поўную адпаведнасьць будучай распрацоўкі навучальных праграмаў эўрапейскім стандартам.
XS
SM
MD
LG