Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы прарэктар ЭГУ: Памылкі рабілі і адміністрацыя, і выкладчыкі


Дэвід Полік

Дэвід Полік

Амэрыканец Дэвід Полік, якога ў канцы мінулага году прызначылі правостам (першым прарэктарам) і галоўным апэрацыйным дырэктарам Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ў Вільні, у інтэрвію Радыё Свабода выказаў свой погляд на цяперашні канфлікт ва ўнівэрсытэце.


РС: У сваім першым інтэрвію для Свабоды ў сярэдзіне сьнежня, вы сказалі, што ведаеце пра канфлікт паміж адміністрацыяй і шэрагам выкладчыкаў, але ня хочаце заўчасна займаць нейкую пазыцыю, бо найперш хочаце пагутарыць з усімі бакамі. Ці атрымалася за гэтыя паўтара месяца разабрацца ў сытуацыі і вызначыць сваю пазыцыю?

Полік: Пакуль абмежавана. Я прыяжджаў ва ўнівэрсытэт на два тыдні ў студзені, буду два тыдні ў лютым і пачну працаваць на сталай аснове на пачатку сакавіка. Я дагэтуль у пераходным пэрыядзе, калі трэба атрымаць як мага больш ведаў пра сытуацыю. На ўсіх сустрэчах я намагаюся як мага больш уважліва слухаць іншых. Таму мой адказ – я часткова зразумеў матывы рэформы, якую прапанавала адміністрацыя і рэктар. Я таксама разумею трывогі выкладчыкаў з гэтай нагоды.

Калі гаворка вядзецца пра такі малады ўнівэрсытэт, дык натуральна, што ў яго разьвіцьці ёсьць моманты, калі людзі блытаюцца і паўстаюць перад пытаньнем як рухацца далей. Цяпер якраз такі момант. Гэтыя людзі разам гераічна стварылі гэтую ўстанову, і цяпер паўстае пытаньне, якой ёй быць у вельмі канкурэнтным асяродзьдзі.

Тут ёсьць два важныя моманты. Па-першае, мы павінны паважаць законы, у дадзеным выпадку літоўскія законы. Юрысты кажуць нам, што ёсьць патрабаваньні, якія тычацца кантрактаў і дазволаў на жыхарства. Сам я не юрыст, але, наколькі я разумею, гэтыя патрабаваньні часткова абумовілі пляны адміністрацыі ўнівэрсытэту наконт рэформы. Па-другое, якасьць адукацыі заўсёды мае быць для нас найважнейшым пытаньнем. У нас тут шмат выдатных выкладчыкаў, але калі мы можам палепшыць акадэмічнае асяродзьдзе, дык не рабіць гэтага для ўнівэрсытэту было б безадказна.

Але пакуль што я спрабую не рабіць заўчасных высноваў і не судзіць людзей, бо я ня быў у іх становішчы.

РС: Сёньня зьявілася інфармацыя, што рэктар ЭГУ Анатоль Міхайлаў адмовіў кіраўніку Сэнату ўнівэрсытэту, выкладчыку Паўлу Церашковічу ў магчымасьці працягнуць працоўны кантракт. Вы маглі б пракамэнтаваць гэтае рашэньне?

Полік: Як я ўжо казаў, я быў ва ўнівэрсытэце толькі двойчы па два тыдні, і ўсё, што прывяло да гэтага рашэньня, адбывалася без майго ўдзелу. Таму я не магу казаць пра падзеі, якія прывялі да гэтага рашэньня. Што тычыцца кадравых рашэньняў ва ўнівэрсытэтах і каледжах, дык гэта тая тэма, пра якую я б ня мог нічога сказаць, нават калі б ведаў больш, чым цяпер.

РС: Ці ня лічыце вы, што гэтая сытуацыя кепска адаб'ецца на рэпутацыі ЭГУ? Бо спадар Церашковіч быў абраны кіраўніком унівэрсытэцкага Сэнату і ў шмат якіх пытаньнях крытыкаваў адміністрацыю. Таму непазьбежна ўзьнікае вэрсія, што гэта помста за крытыку.

Полік: Так, вы маеце рацыю, што некаторыя могуць так сказаць. Але, на маю думку, тое, што адбылося насамрэч, – гэта іншае пытаньне. Зноўку ж, гэта ня тыя дэталі, пра якія я асабіста магу нешта сказаць.

РС: Ці атрымалася ў вас наладзіць дыялёг з выкладчыкамі, ці яны глядзяць на вас з падазрэньнем, як на найміта, якога прызначылі, каб правесьці скарачэньні ва ўнівэрсытэце?

Полік: Я пакуль недастаткова доўга тут, каб наладзіць дыялёг – хіба што толькі са сваім пісьмовым сталом. Я раблю толькі першыя крокі. На ўсіх сустрэчах я пераважна захоўваю маўчаньне, слухаю і спрабую зразумець, што хвалюе людзей і як яны патрапілі ў гэтую сытуацыю. Што тычыцца падазрэньняў – вядома ж, кожны, хто прыходзіць у кіраўніцтва, адразу робіцца аб'ектам для падазрэньняў. Я думаю, што не зрабіў нічога, каб ўзмацніць гэтыя падазрэньні. Па-праўдзе, я лічу, што адміністрацыя, і выкладчыкі рабілі памылкі. Нельга сказаць, што нехта адзін адказны за цяперашнюю сытуацыю. І каб рухацца далей, мы павінныя дзейнічаць калегіяльна, а не як дзьве варагуючыя фракцыі.

РС: Ці даводзілася вам сутыкацца з падобнымі канфліктамі паміж выкладчыкамі і адміністрацыяй у амэрыканскіх унівэрсытэтах і ці маглі б вы даць нейкі прыклад?

Полік: Я быў прэзыдэнтам чатыры разы, а таксама прарэктарам, дэканам, узначальваў факультэт філязофіі, выкладаў гэты прадмет, і калі вы жывяце ў акадэмічным сьвеце, вы сутыкаецеся з канфліктамі. Але ў амэрыканскай унівэрсытэцкай культуры існуюць сыстэмы, якія дазваляюць прасьцей наладжваць дыялёг. Таксама там больш яснае разуменьне, дзе пытаньні адміністрацыі і палітыкі, а дзе акадэмічныя пытаньні. Тут я бачу, што сытуацыя больш размытая. Так што я сутыкаўся з падобнымі канфліктамі, але іх было лягчэй вырашаць.

РС: Спадар Церашковіч крытыкаваў працэдуру вашага прызначэньня на пасаду, а таксама закідаў вам тое, што вы не валодаеце беларускай ці расейскай мовамі. Ці плянуеце вы паляпшаць свае веды беларускай альбо расейскай мовы?

Полік: Паколькі я не гавару ні на адной зь іх, дык мае веды далей могуць толькі паляпшацца (сьмяецца). Я пачынаю вывучаць расейскую, але трэба быць рэалістам наконт таго, наколькі эфэктыўнай можа быць камунікацыя. Я пісаў доктарскую дысэртацыю, прысьвечаную польскай філязофіі і працаваў з польскімі тэкстамі, але дагэтуль не магу сапраўды размаўляць па-польску, хоць магу працаваць з польскімі філязофскімі тэстамі. Важна прыкласьці ўсе намаганьні для камунікацыі і пакуль што нам спатрэбіцца дакладны пераклад. Гэта абсалютна верная заўвага, што я не размаўляю на гэтых мовах, але я размаўляю на акадэмічнай мове, мове каледжаў і ўнівэрсытэтаў па ўсім сьвеце, якой тут размаўляюць недастаткова эфэктыўна.

РС: Вы расказвалі пра сваіх продкаў, якія паходзяць зь Менску. Ці плянуеце вы ў найбліжэйшы час наведаць Беларусь?

Полік: Так, маё рашэньне прыйсьці на гэтую пасаду было зьвязанае з магчымасьцю вярнуцца. Калі мае дзяды і бабулі зьехалі зь Беларусі, ішоў 1910 год, і вядома ж, у тыя часы існавала Расейская імпэрыя, таму ўлады ЗША разглядалі ўсіх выхадцаў адтуль як расейцаў. Толькі ўжо ў сярэднім узросьце я даведаўся пра гэтую розьніцу. Мой знаёмы піяніст з Масквы, якому я сказаў пра расейскае паходжаньне, спытаўся адкуль паходзяць мае продкі. Калі я адказаў, што зь Менску, дык ён сказаў: «Ты ж беларус, а не расеец».

Таму для мяне надзвычай важна мець магчымасьць замкнуць гэтае кола, даведацца, што значыць быць беларусам – ня толькі на інтэлектуальным узроўні, але і на практыцы. І калі я размаўляў з жонкай пра гэта, яна зразумела, чаму гэта для мяне важна. Мы ўжо абмяркоўваем магчымасьць наведаць Менск, як толькі зможам атрымаць візы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG