Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аршанцам цікавыя кандыдаты, але не выбары


У Воршы прайшоў першы пікет па зборы подпісаў. Яго правялі мясцовыя актывісты кампаніі «Гавары праўду», якія вырашылі балятавацца ў мясцовыя саветы. Наведнікаў зь ліку гараджан было нямала, але ўсе яны цьвердзяць, што на выбары ня пойдуць.

Пікетоўцы — чацьвера актывістаў кампаніі «Гавары праўду» — выставілі агітацыйныя стэнды ў самым цэнтры горада — уздоўж вуліцы Леніна, каля гарадзкога дома культуры. На пікет прыйшлі і двое прыхільнікаў БХД, якія таксама йдуць на выбары.

Адна зь іх, Валянціна Ігнаценка, апавяла пра спэцыфіку збору подпісаў на гэтых выбарах:

«Калі мы ходзім па кватэрах, то людзі наўпрост кажуць: „Мы галасаваць ня пойдзем. Бо вас, дэпутатаў, шмат, а толку ніякага“. Тады я пачынаю распытваць, што б яны хацелі вырашыць з дапамогай дэпутатаў, якія праблемы. Людзі адразу пачынаюць пералічваць, што і дарогі кепскія, і ў кватэрах холадна, і лекараў у паліклініцы не хапае, то бок чэргі на прыём па два месяцы. Калі я спрабую тлумачыць, у якія службы ім трэба зьвяртацца са скаргамі, то бачу, што да мяне зьяўляецца давер, і людзі самі прапануюць паставіць подпіс. Але папярэджваюць, што на выбары я йду дарма, бо мяне „не прапусьцяць“».

Актывіст кампаніі «Гавары праўду» Алесь Шутаў сказаў, што подпісы ў яго ўжо сабраныя. А бярэ ўдзел у сёньняшнім пікеце проста для таго, каб паказаць людзям, што апазыцыянэры ў горадзе ёсць, і ў выбаршчыкаў ёсць альтэрнатыва — прагаласаваць за іх альбо за праўладных кандыдатаў.

Наяўнасьць альтэрнатывы аршанцы заўважылі, але на выбары ісьці ўсё адно ня бачаць патрэбы. Так, пэнсіянэрка Мая Васільеўна амаль гадзіну прабыла на пікеце, з усімі пазнаёмілася, але ў сваіх перакананьнях засталася цьвёрдая:

«Мне было цікава паглядзець, што за апазыцыянэры ідуць на выбары, якія яны, што прапануюць. Але шанцаў у іх няма! Вось у райсавет хоча пайсьці малады хлопец Ігар Казьмярчак. Пра яго тут напісана, што ён будзе дамагацца, каб у нашым раёне збудавалі вялікую краму. А тады ўжо ніяк не абыдзецца і бяз новага асфальту, каб машыны падвозілі тавары. І ўжо нарэшце ў нас блізка зьявіцца аптэка. Але ж хто гэтага хлопца пусьціць да ўлады, калі зь ім будзе спаборнічаць нейкі начальнік зь мясакамбіната! Няважна, што камбінат у даўгах, што тушонка не прадаецца, што ўжо крамы фірмовыя зачыняюць. Галоўнае, што ідзе начальнік. І ён выйграе. А мы жылі абы-як і гэтаксама будзем жыць далей!»

Тое, пра што гаварылі людзі, уважліва слухалі двое міліцыянтаў у цывільным. Ворша не такі ўжо вялікі горад, каб супрацоўнікаў міліцыі тут жа не пазналі мясцовыя жыхары. Яшчэ адзін чалавек у цывільным здымаў прысутных на відэакамэру, але блізка не падыходзіў.

Прыйшлі на пікет і прадстаўнікі раённай выбарчай камісіі. Адзін зь іх, вылучэнец ад БРСМ, тут жа ўвязаўся ў спрэчку, ці дазволена на пікетах па зборы подпісаў выкарыстаньне плякатаў, у прыватнасьці пра пытаньні да «Народнага рэфэрэндуму». Сябар камісіі настойваў, што гэта парушэньне, і нават пачаў кудысьці тэлефанаваць. Але тут актывіст «Гавары праўду» Сяргей Вазьняк, які прыехаў на пікет да аднадумцаў зь Менску, гучна спытаўся: «А прымушаць настаўніц у камісіях падпісваць пустыя пратаколы падлікаў — гэта не парушэньне?» Мінакі зарагаталі, а прадстаўнікі раённай выбарчый камісіі страцілі ўсялякую цікаўнасьць да пікетаўцаў і хуценька падаліся прэч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG