Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пачаўся збор подпісаў за вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў. Ці зьмянілася тактыка ўладаў падчас гэтых выбараў? Наколькі актыўная апазыцыя? Чаму ідэя байкоту зьнікла з парадку дня апазыцыйных арганізацыяў?

Удзельнікі: кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі і палітоляг Юры Чавусаў.


Ці зьмянілася тактыка ўладаў падчас гэтых мясцовых выбараў?


Валер Карбалевіч: «Выбарчыя камісіі не зарэгістравалі ініцыятыўныя групы чатырох вядомых апазыцыянэраў. Лябедзькі, Янукевіча, Лагвінца і Ўласевіча. Прычым двое першых — лідэры партыяў. Для любой краіны, калі не рэгіструюцца лідэры дзьвюх вядучых апазыцыйных партыяў, — гэта скандал. На мінулых выбарах такога не было. Ці азначае гэта, што ўлады цяпер скандалу не баяцца, на свой міжнародны імідж махнулі рукой і нават імітаваць дэмакратычны выбарчы працэс не зьбіраюцца?»

Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

Юрый Чавусаў

Юрый Чавусаў

Аляксандар Класкоўскі: «Калі адмаўлялі лідэрам партыяў, то там знайшлі фармальную зачэпку. Бо былі зьмяненьні ў выбарчым заканадаўстве. Іншая рэч, што для ўлады закон як дышаль, улады скарысталі яго на сваю карысьць. І гэта ўрок для апазыцыі. Бо трэба прадбачыць пасткі, якія стварае ўлада.

Калі казаць па сутнасьці, то ўлады ня хочуць даваць нават найменшай прасторы для апазыцыйнай агітацыі. Увогуле ўлады трапілі ў такі відэлец. Яны доўгі час глушылі палітычную актыўнасьць, адвучвалі людзей ад палітыкі. І перастараліся, перагнулі палку. Сёньня гэта перарасло ў масавую апатыю. І хоць парог яўкі на мясцовых выбарах адменены, але ўзровень яўкі — гэта пытаньне прэстыжу, іміджу. Бо ўлада ж у нас, быццам, народная, увесь народ, акрамя купкі адмарозкаў, мусіць яе падтрымліваць. І раптам — пустыя ўчасткі. І невыпадкова Лукашэнка на сустрэчы з кіраўнікамі мэдыяў 21 студзеня прасіў людзей прыйсьці на выбарчыя ўчасткі. Іншая справа, што ўлада імкнецца да таго, каб народ прыйшоў проста прагаласаваць, як за савецкім часам. Таму ня хочуць даваць апазыцыі нават малой прасторы для агітацыі».

Юрый Чавусаў: «З аднаго боку, мясцовыя выбары павінны прайсьці спакойна, кантралявана, паводле звыклага сцэнару. Зь іншага боку, патрэбен хоць нейкі ўдзел саміх грамадзянаў. А без палітызацыі, бязь нейкай альтэрнатывы ўлады здольныя загнаць на ўчасткі адміністрацыйнымі мэтадамі толькі 30–40% выбарцаў, а ў Менску — яшчэ меней. І парадаксальным чынам атрымліваецца, што памер маніпуляцыяў, накруткі яўкі (бо прэзыдэнт жа загадаў, каб яўка была 75%) на мясцовых выбарах нават большы, чым падчас больш значных выбараў: парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх.

Што да нерэгістрацыі ініцыятыўных групаў відных апазыцыянэраў, то ўлады ўвялі новае заканадаўства. Гэтыя апазыцыянэры паспрабавалі выйсьці за сьцяжкі, улады іх абсеклі. Паглядзім, што будзе з фармаваньнем прыватных выбарчых фондаў, якія ўпершыню будуць выкарыстоўвацца на мясцовых выбарах. Гэтым разам улады не выкарыстоўваюць ціск на сябраў ініцыятыўных групаў, каб прымусіць іх адмовіцца ад удзелу ў выбарчай кампаніі. А колькасьць адмоваў у рэгістрацыі ініцыятыўных групаў прыкладна такая ж, як і на папярэдніх выбарах. Улады імкнуцца не дапусьціць ператварэньня выбараў з адміністрацыйнага працэсу ў палітычны».


Чаму зьнікла тэма байкоту?


Карбалевіч: «Падчас мінулых выбараў у Палату прадстаўнікоў у апазыцыйным асяродзьдзі кіпелі жарсьці вакол тэмы байкоту. Тады апазыцыя па гэтым пытаньні падзялілася. Цяпер тэмы байкоту ўвогуле няма ў парадку дня праціўнікаў рэжыму. Чаму? Ці азначае гэта, што апазыцыя перахварэла на „дзіцячую хваробу левізны“?»

Класкоўскі: «Найперш, улада вылечыла апазыцыю ад гэтай хваробы, унёсшы папраўкі ў выбарчае заканадаўства. Цяпер магчымасьці легальнай агітацыі за байкот мінімізаваныя.

Па-другое, байкот як стратэгія сябе не апраўдаў. Бо сваіх мэтаў — мабілізацыі грамадзтва супраць улады — ён не дасягнуў. На ўчасткі ў 2012 годзе прыйшло мала людзей, але што ў выніку? Адбылася не мабілізацыя, а дэпалітызацыя грамадзтва. Прасядае давер да ўлады, але не павялічваецца давер да апазыцыі. То бок байкот пацярпеў фіяска як стратэгія.
Прасядае давер да ўлады, але не павялічваецца давер да апазыцыі

На мясцовых выбарах няма сэнсу ўжываць байкот, бо няма парогу яўкі. А наступныя выбары — прэзыдэнцкія. Калі і падчас іх ладзіць байкот, то калі ж тады сябе паказваць? Дарэчы, вышэйшыя рэйтынгі сёньня сярод апазыцыйных палітыкаў — у Някляева і Саньнікава. То бок тых, хто быў кандыдатамі ў прэзыдэнты, то бок удзельнічаў у несумленных выбарах».

Чавусаў: «Па-першае, я б не пагадзіўся, што байкоту цяпер няма на парадку дня апазыцыі. Ёсьць пазасыстэмныя, незарэгістраваныя палітычныя групоўкі, якія выступаюць за байкот: „Эўрапейская Беларусь“, „Беларускі рух“. Ёсьць партыя КХП-БНФ, якая цягам апошняга дзесяцігодзьдзя байкатуе ўсе выбары.

Не пагаджуся, што стратэгія байкоту пацярпела фіяска. Вынікі можна будзе падводзіць праз 10 гадоў. І ў 2012 годзе, і раней тая ж КХП-БНФ ня ставіла задачу падчас байкоту сарваць яўку, каб выбары не адбыліся. Бо разумела, што ўлады намалююць любую яўку.

У 2012 годзе стратэгія байкоту грунтавалася на больш шырокім разуменьні палітычнага працэсу. Ставілася задача байкоту ня толькі выбараў, але і ўсіх мерапрыемстваў улады. То бок хацелі зрабіць байкот сродкам ізаляцыі ўлады. Але дасягненьняў на гэтым шляху не атрымалі.

Але байкот дэмабілізуе. Спадзевы на тое, што людзі ня пойдуць на выбары, але будуць іншым чынам удзельнічаць у палітыцы, правальныя. І працяг лініі байкоту прывёў бы апазыцыю ў лягер Зянона Пазьняка, то бок да няўдзелу ўвогуле ва ўсялякім палітычным працэсе.

Зьвярнуў бы ўвагу на тое, што тыя партыі, якія зьнялі сваіх кандыдатаў у 2012 годзе падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў, цяпер удзельнічаюць у давыбарах у той жа орган па Гомельска-Навабеліцкай акрузе».


Тактыка апазыцыі


Карбалевіч: «Як можна ацаніць актыўнасьць апазыцыі падчас гэтых выбараў? Апазыцыйныя кааліцыі плянавалі выкарыстаць гэтую кампанію дзеля вырашэньня іншых задач. Ініцыятары кампаніі „Народны рэфэрэндум“ зьбіраліся выкарыстаць мясцовыя выбары дзеля збору подпісаў пад пытаньнямі рэфэрэндуму. Іншая кааліцыя плянавала правесьці падчас гэтай кампаніі „праймэрыз“ у Бабруйску, каб вызначыць адзінага кандыдата ад апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах. Павал Севярынец прапанаваў выкарыстаць мясцовыя выбары дзеля адбору дэлегатаў на Кангрэс дэмакратычных сілаў, каб там выбраць адзінага кандыдата. Што з гэтых праектаў рэалізуецца?»

Класкоўскі: «Што тычыцца праймэрыз, то само слова трэба доўга абывацелю тлумачыць. Сама працэдура выбараў адзінага кандыдата — гэта ўнутраная справа апазыцыі.

Вось ідэя народнага рэфэрэндуму больш прывабная. Там вылучаюцца канкрэтныя пытаньні, у адрозьненьне ад слогана кааліцыі „Талака“: „За справядлівыя выбары дзеля лепшага жыцьця“ (то бок „за ўсё добрае супраць усяго дрэннага“). Але рэалізацыя ідэі рэфэрэндуму адбываецца даволі вяла».

Чавусаў: «Вылучаліся розныя ініцыятывы, адны зь якіх атрымалі працяг, а іншыя — не. Прапанова Севярынца працягу не атрымала. Што не здымае пытаньня пра неабходнасьць правядзеньня кангрэсу. Бо яго не было з 2007 г. Гэта самы доўгі пэрыяд за найноўшую гісторыю, калі не зьбіраўся такі форум усёй дэмакратычнай апазыцыі. І гэта ня робіць апазыцыі гонару. Прычыны гэтага зразумелыя: расьцярушанасьць апазыцыйнага асяродзьдзя, пэрсанальныя канфлікты.

„Малады фронт“ гучна абяцаў „захапіць“ Салігорск, вылучыць там шмат кандыдатаў, зрабіць добрую кампанію лякальнага ўзроўню. Але ідэя працягу ня мела ў сувязі з працэсамі ўнутры „Маладога фронту“, зьменай пакаленьняў у арганізацыі.

А праект „Народны рэфэрэндум“ паступова рэалізуецца. Вось Някляеў заявіў, што ўжо сабрана 10 тысяч подпісаў, якія зьбіраюцца падчас кампаніі мясцовых выбараў. Што тычыцца праекту „Праймэрыз“, дык тут нічога не назіраецца.

Калі ўвогуле браць колькасныя паказчыкі ўдзелу апазыцыі ў мясцовых выбарах (колькасьць кандыдатаў у выбарчыя камісіі, кандыдатаў у дэпутаты), то яны амаль не зьмяніліся ў параўнаньні зь мінулымі выбарамі.

Вось цяпер праводзяцца пікеты палітычнага кшталту, на якія ў рамках кампаніі выбараў ня трэба атрымліваць дазвол уладаў. І ўлады на іх рэагуюць вельмі нэрвова, некаторыя пікеты грамілі, абкружалі міліцыянты і інш.»
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG