Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Партбілеты» — не пакладзеныя, галовы — не адкручаныя


Міхаіл Мясьніковіч і ягоны ўрад 4 лютага атрымалі чарговае папярэджаньне ад Аляксандра Лукашэнкі. Каб выправіць сытуацыю ў разгрузцы прамысловых складоў, камандзе прэм’ера дадзены тэрмін да канца першага квартала. Свабода згадвае, што на працягу мінулых гадоў Аляксандар Лукашэнка ня раз адводзіў міністрам канкрэтныя тэрміны і пагражаў суворымі наступствамі. Экспэрты кажуць, што пасьля іх мала што зьмянялася.

4 лютага Лукашэнка зноў папярэдзіў Мясьніковіча — па выніках першага квартала прэм’еру давядзецца адказваць за нэгатыўную сытуацыю ў прамысловасьці:

«Я вам даю поўныя правы для таго, каб гэтую сытуацыю зьмяніць. Аж да кадраў, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Рабіце ўсё, што вы лічыце патрэбным, каб мне потым не сказалі, што ў вас не хапала нейкіх паўнамоцтваў».

Гэта далёка ня першая пагроза цяперашняму ўраду. Упершыню пра магчымую адстаўку высокіх чыноўнікаў Лукашэнка загаварыў на нарадзе яшчэ 27 траўня 2011 году, праз паўгода пасьля прызначэньня новага ўраду:

«Кожны дзень павінна быць дынаміка. Калі гэтай дынамікі не будзе, вы першыя — Міхаіл Уладзіміравіч (Мясьніковіч) і Пётар Пятровіч (Пракаповіч) — пакладзяце партыйныя білеты, кажучы савецкай мовай».

І Пракаповіч, і Мясьніковіч як працавалі, так і працуюць,— хоць дынаміка з таго часу была пераважна адмоўная.

«Паўтарэньне мінулага году будзе азначаць неадкладную адстаўку ўраду», — заявіў Лукашэнка ў сакавіку 2013 году. Тады ён быў моцна незадаволены, што ў 2012 годзе ВУП Беларусі вырас усяго на 1,5%. Летась ВУП падрос яшчэ меней — на 1,3%. А ўрад дагэтуль на месцы.

6 верасня 2013 году Лукашэнка едзе на «Мотавела» і абмяркоўвае з чыноўнікамі разгрузку складоў:

«Калі 1 студзеня вы ня выйдзеце на тое, што абяцалі, ні Сямашкі, ні дырэктараў на гэтых пасадах ня будзе. І яшчэ ацэнку дамо прэм’ер-міністру, можа, ён разам з вамі ў абдымку сыдзе. У мяне выйсьця іншага няма».


І Сямашка (першы віцэ-прэм’ер), і Мясьніковіч дагэтуль на сваіх пасадах.

15 лістапада, наведваючы транспартна-лягістычны цэнтар «Менск-Белмытнясэрвіс-2», Лукашэнка абяцае «адвінціць галовы» ўраду:

«Была прынятая праграма. Будзе тое ж, што з дрэваапрацоўкай. Я вам проста адвінчу галаву, палажу пад паху і пойдзеце, калі зможаце. Я вам не дарую. Гэта ж шалёныя грошы».

І ўсё. Пасьля гэтага пра транспартна-лягістычныя цэнтры ні слова.

«Прэм’ер і віцэ-прэм’еры адразу вызваляць пасады ў выпадку невыкананьня пляну на першы квартал 2014 году. Усю „галаву“ ўраду мы зносім адразу. Усё, далей я вам дараваць і цярпець бязьдзейнасьць ня буду. Гэта значыць, я вам даю яшчэ на квартал шанец, хоць я павінен быў палову вас адправіць сёньня ў адстаўку».

Гэтыя словы прагучалі 29 лістапада. Такім чынам, дэдлайн «усёй галавы» ўраду зноў пераносіцца — цяпер на першы квартал 2014 году.

«Гэтыя пагрозы чымсьці нагадваюць мне „сур’ёзныя папярэджаньні“, якія ў 50-я гады мінулага стагодзьдзя Кітай мэтадычна абвяшчаў Злучаным Штатам Амэрыкі. Далей за словы тыя пагрозы не заходзілі», — кажа эканаміст Леў Марголін:

Леў Марголін

Леў Марголін

«Адправіць урад у адстаўку Лукашэнка не адважваецца. Знайсьці кіраўніка, які будзе відавочна лепшы за Мясьніковіча ці Сямашку, вельмі цяжка. Бо кароткая лава запасных. Таму і ідзе толькі эскаляцыя пагрозаў. Спачатку — звольню, пасьля — пасаджу, потым — адкручу галаву. А затым можа будзе пагражаць і калесаваньнем, альбо чвартаваньнем, альбо спаленьнем жыўцом. Але гэта тыя пагрозы, якія рэальна за сабою нічога ня цягнуць».

«Сёньня ёсьць вельмі істотная падстава з трэскам зьняць Мясьніковіча з працы. Па выніках 2013 году ў Беларусі найгоршыя эканамічныя паказьнікі на абшарах СНД», — адзначае кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка:

Леанід Заіка

Леанід Заіка

«Але Мясьніковіча трымаюць таму, што прэм’ер — самая небясьпечная фігура для Лукашэнкі. У выпадку прызнаньня прэзыдэнта недзеяздольным, згодна з Канстытуцыяй, абавязкі кіраўніка дзяржавы аўтаматычна пачынае выконваць прэм’ер. То бок пазбавіць Лукашэнку пасады ў ходзе намэнклятурнага перавароту можа кіраўнік ураду.

Таму яго і трымаюць. Мясьніковіч занадта стары і разумны, каб страціць галаву, нават бачачы такую вельмі цікавую пэрспэктыву. Хоць у душы ён, мабыць, песьціць такую мару. Бо які ж салдат ня марыць стаць маршалам. А Мясьніковіч — гэта не салдат, гэта паводле чыну генэрал-палкоўнік. Таму і трымаюць».
XS
SM
MD
LG