Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіроўцы, усьміхайцеся: вас здымаюць камэры фіксацыі


Камэры фота- і відэафіксацыі хуткасьці аўтамабіляў адпачатку ўсталёўваліся толькі на галоўных аўтамагістралях краіны, але цяпер імкліва пашыраюць геаграфію ахопу.

Стацыянарнымі прыстасаваньнямі кантролю пакрытыя практычна ўсе трасы рэспубліканскага значэньня, менская кальцавая дарога і асобныя ўчасткі ў сталіцы і буйных гарадах. Пільнае вока камэраў паказала сябе нашмат больш эфэктыўным за службу інспэктараў ДАІ, падвысіўшы колькасьць спагнаньняў.

Дзякуючы тэхнічнаму прагрэсу ўсё больш кіроўцаў атрымліваюць так званыя «лісты шчасьця», у якіх ляжыць квітанцыя на аплату штрафу зь відам аўто ў розных ракурсах. Днямі такі канвэрт давялося распакаваць і мне — добра яшчэ, што памер спагнаньня аказаўся мінімальны. Калі раней усё залежала ад лятарэі — спыніць ці ня спыніць супрацоўнік ДАІ, то цяпер усё аддадзена на водкуп прыборам фіксацыі. І яны з гэтай місіяй цалкам упраўляюцца.

На пачатку маштабнай аўтаматызацыі ў 2011 годзе па ўсёй краіне ўсталявалі менш за тры дзясяткі стацыянарных камэраў фота- і відэафіксацыі — найперш на трасе М1. У 2012-м іх стала ўжо паўсотні, летась гэтая лічба пераваліла за 100, а на гэты год заплянаваны скачок да паўтысячы. У адпаведнай прапорцыі расьце колькасьць парушальнікаў, а зь ёй — і паток спагнаных грошай. Пра санкцыі — інспэктар дарожна-патрульнай службы ўпраўленьня ДАІ МУС Беларусі Сяргей Чарнякоў:

«Артыкул 18.13 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэньнях складаецца з чатырох частак.

Першая — гэта перавышэньне хуткаснага рэжыму ад 10 да 20 кілямэтраў на гадзіну, за што паводле відэафіксацыі даецца 0,5 базавай велічыні.

Паводле другой часткі — перавышэньне хуткасьці ад 20 да 30 кілямэтраў на гадзіну — адна базавая велічыня.

Трэцяя — парушэньне хуткаснага рэжыму ад 30 кілямэтраў на гадзіну і вышэй — цягне за сабой адказнасьць тры базавыя велічыні.

Калі парушэньне ўчыненае паўторна цягам году паводле другой і трэцяй часткі — то бок звыш 20 кілямэтраў на гадзіну — вінаваты прыцягваецца да адказнасьці ў выглядзе штрафу памерам 5 базавых велічынь».

Адносны гуманізм навацыі хіба ў тым, што, адрозна ад другога цягам году перавышэньня, зафіксаванага супрацоўнікам ДАІ, у дадзеным выпадку пазбаўленьне правоў не прадугледжанае. То бок — парушай колькі хочаш, толькі спраўна плаці.

Тым ня меней экспэрт у аўтамабільнай галіне Анатоль Шаўчэнка наракае на недасканаласьць сыстэмы: «лісты шчасьця» дасылаюцца гаспадару зафіксаванага аўтамабіля, але ж кіраваць аўто мог і нехта іншы. Імклівае ж пакрыцьцё сыстэмай кантролю дарожнай сеткі ён тлумачыць асабістай зацікаўленасьцю пэўных асобаў — уласна Дзяржаўтаінспэкцыя ад разьмеркаваньня сродкаў адхіленая:

«Пакуль гэта ўсё я бачу як бізнэс, шчыра вам скажу. Хто за гэтым усім стаіць — справа іншая, ня будзем, што называецца, паглыбляцца. Факт, што сама па сабе сыстэма не адпрацаваная, яна сырая. Але пры гэтым яна дзейнічае, зьбірае грошы. Значыць, хтосьці ў гэтым кроўна зацікаўлены. Прыходзяць няправільныя, спрэчныя штрафы — колькі ўжо было такіх канфліктных сытуацыяў? І хоць даводзіць павінны яны, што гэта менавіта ты вінаваты, бо прэзумпцыі невінаватасьці ніхто не адмяняў, але ў нас традыцыйна выходзіць наадварот. Менавіта кіроўцы, уладальнікі транспарту мусяць апраўдвацца, што, маўляў, не сядзеў за рулём, ня ехаў на гэтай машыне і што ўвогуле ня быў у нейкім месцы ў канкрэтны час».
Камэры фотафіксацыі
Камэры фотафіксацыі

Адзіную сыстэму фотафіксацыі будуе і эксплюатуе сумеснае закрытае акцыянэрнае таварыства «Бясьпечныя дарогі Беларусі». Стратэгічны інвэстар — аўстрыйская кампанія Avonside Holdings, а дапамагае аўстрыйцам Міністэрства транспарту і камунікацый. Менавіта гэты сымбіёз дзяржаўна-прыватнага партнэрства атрымаў неабмежаваныя магчымасьці фіксаваць і складаць пратаколы на парушальнікаў хуткаснага рэжыму.

Кантактаваць з прэсай у гэтай кампаніі ня хочуць. На пытаньне пра тое, колькі пратаколаў складаецца штомесяц, адказ быў наступны:

«Такую інфармацыю мы не прадстаўляем, яна зьяўляецца службовай і да вас ніякіх адносінаў ня мае. Вы можаце накіраваць запыт ва Ўпраўленьне ўнутраных спраў Менаблвыканкаму і паспрабаваць атрымаць інфармацыю, якая вас цікавіць. Зразумела, у выпадку, калі яе прадстаўленьне ўвогуле магчымае».

З абазнаных крыніцаў удалося высьветліць, што прадукцыйнасьць працы ў прыбораў фіксацыі нашмат вышэйшая, чым у інспэктараў ДАІ — да 1000 зарэгістраваных выпадкаў кожны дзень. Штомесяц з Цэнтру фіксацыі правапарушэньняў «адрасатам» рассылаецца па 20 тысяч «лістоў шчасьця», за год выходзіць больш як 200 тысяч. З намерам татальна «абкласьці» камэрамі ўсе асноўныя дарогі гэты паказьнік гатовы падвоіцца. Калі прыняць сярэдні штраф нават за 10 даляраў, то маем як мінімум 2 мільёны даляраў. І гэта толькі на перавышэньні хуткасьці і без уліку працы супрацоўнікаў ДАІ. Большая частка сродкаў асядае на рахунках «Бясьпечных дарогаў Беларусі» — дзеля аплаты працы немалога штату супрацоўнікаў і падтрымкі тэхнічнага абсталяваньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG