Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіроўца-тараньнік застаўся без правоў


Аркадзь Крачун

Аркадзь Крачун

ДАІ Менску на 2 гады пазбавіла правоў кіроўцу аўтобуса Аркадзя Крачуна, які летась падбіў у Менску 20 легкавікоў.

Крачун у інтэрвію Радыё Свабода заявіў, што падставай, каб пазбавіць яго правоў, стала аварыя, якая здарылася 3 сьнежня 2013 году. Кіроўца BMW, «85-га ці 83-га году нараджэньня, нейкі ціпа дырэктар тэлекамунікацыйнай фірмы», зь якім сутыкнуўся аўтобус Крачуна, напісаў хадайніцтва, каб таго пазбавілі правоў.

А ДАІ, паводле Крачуна, у сваім рашэньні абапіралася не на закон — «яны грунтаваліся на глябальным інтэрнэце, яны лічаць, што ці я дрэнны кіроўца, ці ў мяне не ў парадку з мазгамі».

Пасьля аварыі 3 сьнежня ДАІ накіравала кіроўцу на паўторную мэдычную камісію.

«Спроба апраўдаць свае дзеяньні шляхам дэманстрацыі сваіх сюжэтаў у глябальнай кампутарнай сетцы Інтэрнэт з нэгатыўнымі камэнтарамі на адрас іншых удзельнікаў дарожнага руху — гэта зьяўляецца матэрыялам, які характарызуе асобу парушальніка», — цытуе Крачун паперу, атрыманую ў ДАІ.

Ён кажа, што будзе судзіцца з ДАІ, каб вярнуць правы.

Кіроўца прагназуе, што яго «аўтаматычна звольняць» з аўтапарку, пасьля таго як ён застаўся без правоў.

Аркадзь Крачун, кіроўца менскага аўтобуса, які за 2013 год трапіў у 20 аварыяў, стаў героем інтэрнэту. Ролік пра тое, як ягоны аўтобус уразаецца ў машыны, ужо набраў больш за 240 тысяч праглядаў.



Раней у інтэрвію Радыё Свабода Аркадзь Крачун патлумачыў, чаму адбыліся гэтыя аварыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG