Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Слоніме затрымалі за катаньне з горкі


Супрацоўнікі міліцыі Слоніма затрымалі пяцёх удзельнікаў зімняга катаньня з гары за правядзеньне несанкцыянаванага мерапрыемства.

Некалькі маладых сланімчан вырашылі зарганізаваць у мікрараёне «Энка» катаньне з гары пад гучнай назвай Slonim Snow Party. Праз інтэрнэт запрасілі ўсіх ахвотных. Сваё месцазнаходжаньне нават пазначылі сьцягамі.

Але масавага катаньня ня выйшла. Практычна адразу пад’ехалі на машыне міліцыянты, затрымалі двух арганізатараў і трох удзельнікаў і адвезьлі ў пастарунак. Усе дзеяньні міліцыянты здымалі на камэру.

Паводле аднаго з арганізатараў, які пажадаў, каб ягонае прозьвішча не называлася, у пастарунку міліцыянты ім патлумачылі, што спынілі правядзеньне несанкцыянаванага мерапрыемства: маўляў, неабходны дазвол з райвыканкаму. Затрыманых папярэдзілі і адпусьцілі.

Трое хлопцаў, якія адгукнуліся на запрашэньне і прыйшлі катацца, паводле арганізатара, відавочна былі непаўналетнія, бо ў пастарунак па іх прыходзілі бацькі.

Вось што сказаў Свабодзе адзін з арганізатараў Slonim Snow Party пра мэты акцыі:

«Мы проста заўважылі, што з кожным годам усё меней і меней дзяцей і дарослых катаецца з горак. Дачакаліся сьнегу і вырашылі паклікаць людзей, каб было неяк весялей жыць. Нават нейкую трасу хацелі зрабіць, музыку ўключыць. Мы не рабілі нейкага масавага мерапрыемства, а проста запрасілі людзей разам пакатацца. Дзіўна, што ў нас забараняюць людзям проста весяліцца. Прычым без алькаголю і ніякай там палітыкі».

Аўтар здымка Magnesium17 (flickr.com)
Аўтар здымка Magnesium17 (flickr.com)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG