Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У калійнай справе могуць «зьявіцца» беларускія чыноўнікі


Уладзіслаў Баўмгертнэр у Басмынным судзе Масквы, 16 студзеня

Уладзіслаў Баўмгертнэр у Басмынным судзе Масквы, 16 студзеня

У Беларусі працягваецца расьсьледаваньне крымінальнай справы ў дачыненьні да экс-дырэктара «Ўралкалія» Ўладзіслава Баўмгертнэра і іншых расейскіх і беларускіх грамадзянаў.

Пра гэта паведаміў на прэс-канфэрэнцыі ў Менску намесьнік генпракурора Аляксей Стук.

У кастрычніку 2013 году Генпракуратура перадала матэрыялы расейскаму боку для ўзбуджэньня крымінальнай справы адносна Баўмгертнэра. Сьледчы камітэт Расеі пачаў крымінальную справу.

«У нас засталася крымінальная справа ў дачыненьні прыкладна да таго ж кола асобаў», — адзначыў Стук.

Намесьнік генпракурора не выключае, што ў «калійнай справе» могуць зьявіцца новыя фігуранты зь ліку беларускіх чыноўнікаў, перадае Інтэрфакс.

У канцы ліпеня «Ўралкалій» адмовіўся ад экспарту праз сумеснага зь беларускім бокам трэйдэра — «Беларускую калійную кампанію».

Празь месяц у Менску пасьля сустрэчы з прэм’ер-міністрам Міхаілам Мясьніковічам быў арыштаваны гендырэктар «Уралкалія» Ўладзіслаў Баўмгертнэр.

«Ён прыехаў, смаркач, яго запрашае прэм’ер-міністар. Ён сеў, нага за нагу, і заяўляе: ня будзе гэтага, ня будзе гэтага. Выйшаў, плюнуў на Дом ураду — і ў аэрапорт, сьмеючыся. А там яго… Нельга так будаваць адносіны і бізнэс, калі ты выйшаў на ўзровень кіраўніка дзяржавы», — апавядаў на прэс-канфэрэнцыі кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка пра затрыманьне Баўмгертнэра.

Сьледчы камітэт Беларусі прад’явіў яму абвінавачваньне паводле ч. 3 арт. 424 (злоўжываньне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі). Беларускі бок лічыць, што проціпраўныя дзеяньні Баўмгертнэра і шэрагу іншых топ-мэнэджэраў БКК нанесьлі шкоду ў памеры 100 млн даляраў.

Басманны суд Масквы падоўжыў тэрмін сьледзтва па справе былога гендырэктара «Ўралкалія» Ўладзіслава Баўмгертнэра да 14 красавіка. У Маскве Баўмгертнэр знаходзіцца пад хатнім арыштам у сваім шыкоўным пэнтхаўсе коштам 150 мільёнаў расейскіх рублёў.

Да гэтага бізнэсовец амаль тры месяцы ўтрымліваўся ў СІЗА КДБ Беларусі і на кансьпіратыўнай трохпакаёвай кватэры спэцслужбаў у Менску, а пасьля экстрадыцыі ў Расею амаль тры тыдні правёў у маскоўскім сьледчым ізалятары № 5.
XS
SM
MD
LG